Перайсьці да зьместу

Пан (зваротак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пан (ст.-бел. панъ) — ветлівая форма звароту да мужчыны ў беларускай (нароўні з спадаром), польскай, славацкай, украінскай і чэскай мовах. Жаночая форма зваротку — пані або панна (да незамужняй), пры звароце да грамады — панове або панства.

Слова «пан» — сталы і старажытны факт жывой гутарковай і пісьмовай беларускай мовы. Шырокі сэмантычны абсяг гэтага слова, разгалінаванае кола аднакарэнных зь ім, пасьлядоўная перадача празь яго стараславянскага «Господь» у перакладах і перакладных слоўніках, пашыранасьць у фальклёрных тэкстах (у тым ліку і з даволі архаічнымі рысамі), выкарыстаньне рознымі хрысьціянскімі канфэсіямі і беларускімі мусульманамі, а таксама наяўнасьць лексэмы «пан» у тэкстах, якія сягаюць часоў, калі ня толькі не магло быць якога-колечы «польскага ўплыву», а наадварот беларуская мова актыўна ўплывала на польскую (XIV—XV стагодзьдзі) робяць сумнеўным дапушчэньне пра запазычаньне гэтага слова з польскай мовы[1].

Паводле Яна Станкевіча, слова «пан» мае клясавае значэньне і ў расейскай мове адпавядае словам «барин» (але не «господин» — беларускае гаспадар), «паня» — расейскаму «барыня» (але не «госпожа» — беларускае гаспадарыня), «паненка» — расейскаму «барышня»[2]. У беларускіх савецкіх слоўніках у якасьці аднаго з значэньняў слова «пан» гэтак жа давалася клясавае («у дарэвалюцыйнай Беларусі») — «абшарнік, важны ўрадовец і пад., а таксама начальнік у дачыненьні да прыслугі, гаспадар». Тым часам побач прыводзілася і іншае значэньне: «форма ветлівагага звароту ў дарэвалюцыйнай Беларусі, а таксама ў Польшчы і Чэхаславакіі»[3].

У 2007 годзе дырэктар Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Лукашанец зьвяртаў увагу на тое, што нават згодна з творамі клясыкаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа — звароты «пан» і «пані» не нясуць у сабе нейкай станавай дыфэрэнцыяцыі. Ён падкрэсьліваў хібнасьць навешваньня да зваротку «пан» цэтліку «запазычаньня з польскай мовы» і характарызаваў такі ветлівы зварот як абсалютна нармальны і прымальны для сучаснага паўсядзённага ўжытку ў Беларусі[4].

У польскай мове зваротак «пан» (польск. pan) ужываецца ў наступных выпадках:

  • пры звароце да асобы, надзеленай уладай: «Кароль — наш спадар» — «Król naszym panem»;
  • пры звароце да ўладальніка зямлі, абшарніка, пана;
  • у якасьці характарыстыкі бога: «Спадар Бог наш» — «Pan Bóg nasz»;
  • у якасьці формы ветлівасьці: «спадар Кавальскі» — «pan Kowalski».

У адрозьненьне ад беларускага і ўкраінскага, польскае «пан» мае таксама значэньне «Вы». Аднак у польскай мове гэты зваротак ужываецца не зь дзеясловамі II асобы множнага ліку, а зь дзеясловамі III асобы адзіночнага ліку: «Вы жывяце ў Менску?» — «Mieszka Pan w Mińsku?». Існуе магчымасьць выкарыстаньня зваротку «пан» і зь дзеясловамі II асобы адзіночнага ліку (напрыклад, «Mieszkasz pan w Mińsku?»), аднак гэтая форма носіць агрэсіўны, абразьлівы характар.

Як і ў беларускай і ўкраінскай, у польскай мове форма ветлівага звароту да жанчыны мае дзьве формы:

  • пані (польск. pani) — выкарыстоўваецца ў дачыненьні да замужніх і незамужніх жанчын;
  • панна (польск. panna) — выкарыстоўваецца ў дачыненьні да незамужніх жанчын (у сучаснай мове ўжываецца рэдка).

Адрозьніваюць таксама формы множнага ліку слова «пан»:

  • панове (польск. panowie) — форма множнага ліку мужчынскага роду;
  • панe (польск. panie) — форма множнага ліку жаночага роду;
  • панны (польск. panny) — форма множнага ліку жаночага роду пры звароце да незамужніх жанчын (у сучаснай мове ўжываецца рэдка);
  • панства (польск. państwo) — форма множнага ліку пры адначасным звароце да жанчын і мужчын (слова мае таксама значэньне «дзяржава»).

Палякі надаюць вялікае значэньне ўжываньню формаў ветлівага звароту. Выкарыстаньне той або іншай формы залежыць ад сацыяльнага, герархічнага статусу, а таксама ад ступені знаёмства або блізкасьці роднасных сувязяў паміж тымі або іншымі людзьмі.

Так, найболей ветлівым (але і афіцыйным) лічыцца ўжываньне слова «пан» (або «пані») разам з поўным імем суразмоўцы, напрыклад: пан Анджэй Петрашэўскі (польск. pan Andrzej Pietraszewski), пані Ева Шыкульска (польск. pani Ewa Szykulska). Варта адзначыць, што на лісьце (пры звароце да суразмоўцы) слова «пан» заўсёды пішацца зь вялікай літары (як беларускае «Вы» пры асабістым звароце).

Гэтая ж форма ўжываецца пры ўказаньні адрасата ў лістах; у такім разе слова «пан» таксама пішацца толькі зь вялікай літары. Больш ветлівай (але некалькі архаічнай формай) ёсьць найменаваньне адрасата з выкарыстаньнем абрэвіятур «WSz» (польск. Wielсe Szanowny — глыбокапаважаны) або «Sz» (польск. Szanowny — паважаны). Напрыклад: Глыбокапаважаны Зьбігнеў Цыбульскі (польск. WSz Pan Zbigniew Cybulski), Паважаная Людміла Блоцка (польск. Sz Pani Ludmiła Błocka).

Меней афіцыйнай формай лічыцца найменьне суразмоўцы «пан» і паводле прозьвішча: пан Краеўскі (польск. pan Krajewski), пані Ляшэвіч (польск. pani Leszczewicz). У адрозьненьне ад беларускай мовы, у якім зварот па прозьвішчы носіць афіцыйны характар, у польскай гэтая форма лічыцца агульнаўжывальнай паміж людзьмі, не занадта добра знаёмымі паміж сабой.

У звароце паміж калегамі, знаёмымі, пры звароце малодшых паводле веку да больш старэйшых таварышаў, слова «пан» выкарыстоўваецца разам зь імем: пан Юзэф (польск. pan Józef), пані Ядзьвіга (польск. pani Jadwiga). Яшчэ меней фармальным ёсьць ужываньне «пан» з памяншальнай формай імя: пан Юзэк (памяншальнае ад «Юзэф» — польск. pan Józek), пані Ядзя (памяншальнае ад «Ядзьвіга» — польск. pani Jadzia).

Найменьне суразмоўцы толькі паводле імя, без ужываньня слова «пан» або «пані» носіць нефармальны характар і ўжываецца толькі паміж сябрамі, роднымі і блізкімі, у моладзевым асяродзьдзі.

Варта таксама адзначыць, што пры асабістым звароце ў польскай мове выкарыстоўваецца клічны склон. Гэтае правіла датычыцца ўсіх формаў слова «пан». Напрыклад, у звароце «пане Лісоўскі» (польск. panie Lisowski) слова «пан» мае форму клічнага склона.

Ва ўкраінскай мове зваротак «пан» (укр. пан) можа ісьці перад прозьвішчам (Пане Шевченку, можна вас на хвилинку?), званьнем, назвай пасады і г. д. (Пане професоре, дякую за допомогу!), а таксама ўжывацца самастойна, калі прозьвішча, пасада ці назва прафэсіі незнаёмца невядомыя (Пане, котра година?). У афіцыйным маўленьні нельга ўжываць гэты зваротак перад імем. Пры звароце да публікі з мужчынаў выкарыстоўваецца форма «панове» (укр. панове).

Зваротак «пан» меў пашырэньне за часамі УНР і звычайна выкарыстоўваўся з прыметнікамі укр. високоповажний, високодостойний, вельмишановний. У наш час гэты ветлівы зварот зноў мае шырокі ўжытак.

  1. ^ Жлутка А. Пан, Госпад, Спадар?.. // Наша вера. №1, 1995.
  2. ^ Станкевіч Я. Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. — Менск: Навука і тэхніка, 1992. — 77 с. ISBN 5-343-01322-8. [1]
  3. ^ Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Баханькоў, І. Гайдукевіч, П. Шуба. — 1-е выд., перапрац. і дап. — Менск: Нар. асвета, 1990. С. 255.
  4. ^ Анцэлевіч А. Колькі крокаў ад «девушки» да «паненкі»? // Народная газета. №146, 25 ліпеня 2007.