Паліва (кераміка)
Палі́ва — шклопадобнае пакрыцьцё на паверхні керамічнага вырабу.
Віды палівы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паліва можа быць празрыстаю ці непразрыстаю, бясколернаю ці каляроваю, бліскучаю ці матаваю. Асноваю палівы зьяўляецца каалін, кварц і палявы шпат. У склад палівы ўводзяць таксама аксіды мэталаў.
У залежнасьці ад спосабу прыгатаваньня паліва падзяляецца на сырую і фрытаваную. Сырыя палівы самыя простыя: усе кампанэнты таўкуць і зьмешваюць з вадою да пэўнае шчыльнасьці палі́вачнага шлікера. Каб атрымаць фрытаваную паліву, кампанэнты палі́вачнае сумесі фрытуюць, г. зн. сплаўляюць (звычайна пры тэмпэратуры 1200—1300 °C), у выніку ўтвараюцца нерастваральныя сылікаты і іншыя злучэньні. Пасьля плаўленьня фрыту выліваюць у ёмістасьць з вадою, дзе яна астывае, затым высушваюць і дробна таўкуць у ступе.
Адрозьніваюць паліву туга- і легкаплаўкую. Тугаплаўкія палівы прымяняюцца для фарфору, шамоту, цьвёрдага фаянсу. Тэмпэратура іхнага плаўленьня складае 1125—1360 °C. Для маёлікі бяруць палівы, якія плавяцца пры тэмпэратуры 900—1100 °C.
Каляровыя палівы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для аздабленьня вырабаў з фарфору і маёлікі часта прымяняюць яскраваафарбаваныя каляровыя палівы. Колер надаецца ўвядзеньнем у бясколерную паліву аксідаў і солей мэталаў. Так, вокіс кобальту дае колеры ад сьветла- да цёмна-сіняга; вокіс хрому — зялёны, а пры наяўнасьці цыны — ружовы, чырвоны; вокіс медзі выкарыстоўваюць, каб атрымаць бэрылава-зялёную, сіне-зялёную паліву, а таксама палівы медна-чырвоных адценьняў для аднаўленчага абпальваньня; злучэньні з манганам даюць карычневыя, ружовыя колеры; вокіс жалеза — ад жоўтага і чырвонага да карычневага і чорнага і г. д.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Менделеев Д. И., Глазурь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Паліва // Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. Менск: Беларусь, 2001.
- Способы нанесения глазури
Гэта — накід артыкула па хіміі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |