Перайсьці да зьместу

Мядзьведзяня Падынгтан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мядзьведзяня Пэдынгтан
Бронзавая статуя мядзьведзяняці на лёнданскім Пэдынгтанскім вакзале
Бронзавая статуя мядзьведзяняці на лёнданскім Пэдынгтанскім вакзале
Першае зьяўленьне 13 кастрычніка 1958 (66 гадоў таму)
Стваральнік Майкл Бонд
Зьвесткі
Поўнае імя Пэдынгтан Браўн
Віды мядзьведзь
Стаць мужчынская
Сям’я Мэры, Генры, Джонатан і Джудзі Браўн
Сваякі Дзядзька Пастуза; Цётка Люсі
Нацыянальнасьць пэруанец
Мядзьведзяня Пэдынгтан у Вікісховішчы

Мядзьведзяня́ Пэ́дынгтан (па-ангельску: Paddington Bear) — пэрсанаж дзіцячай літаратуры, упершыню згаданы 13 кастрычніка 1958 ў творы Майкла Бонда[1]. Прыязны мядзьведзь родам з Пэру ў старым капелюшы і дофэльскім плашчы(en), з пацёртым чамаданам (які мае сакрэтнае аддзяленьне, ад чаго можа зьмяшчаць нашмат больш рэчаў, чым здаецца зь першага позірку), зь любоўю да мармэляду, стаў клясычным пэрсанажам ангельскай дзіцячай літаратуры[2]. Кнігі пра Пэдынгтана былі перакладзеныя на 30 моваў і разышліся больш чым 30 мільёнамі асобнікаў.

Пэдынгтан — чалавекападобны акуляравы мядзьведзь. Ён заўжды ветлівы — зьвяртаецца да людзей на «містэр», «місіс» і «міс», рэдка па імі — і добрасардэчны, хоць да тых, хто выклікае ягоны недавер, ставіцца сувора. Мае надзвычайную асаблівасьць трапляць у бясконцыя праблемы, але вядомы сваімі «найлепшымі намаганьнямі зрабіць усё добра». Ён быў знойдзены на Пэдынгтанскім вакзале Лёндану сям’ёй Браўнаў, якія яго прытулілі, адкуль поўнае імя мядзьведзяняці гучыць як «Пэдынгтан Браўн».

Перад Раством 1956 року Майкл Бонд заўважыў на палічцы аднае з крамаў ля Пэдынгтанскага вакзалу плюшавага мядзьведзя, якога набыў у падарунак жонцы. Гэтая цацка натхніла яго на напісаньне гісторыі, і празь дзесяць дзён ён завершыў першую кнігу сэрыі. «Мядзьведзь на імя Пэдынгтан» быў апублікаваны выдавецтвам William Collins & Sons 13 кастрычніка 1958 року[3][4].

Мяккія цацкі ў продажы на Пэдынгтанскім вакзале

У 1972 року «Gabrielle Designs» распрацавалі першы выгляд мяккае цацкі для продажу. Дзеля большае ўстойлівасьці мядзьведзянё абулі ў гумовыя чобаты (Пэдынгтан атрымаў іх у падарунак на Раство 1964 року ў кнізе «Пэдынгтан ідзе наперад»). Першыя партыі цацкі насілі маленькія дзіцячыя чобаты вытворчасьці «Dunlop Rubber», але калі аб’ёмы продажаў вырасьлі, «Gabrielle Designs» пачалі вырабляць уласны абутак з адбіткамі лапаў на падэшвах.

Кніга аднае з уласьніц «Gabrielle Designs», Шырлі Кларксан[5], распавядае пра эвалюцыі цацкі ад раствянага падарунку да прадмету спажываньня і выніковага камэрцыйнага посьпеху.

Мядзьведзяня Пэдынгтана ў першым апавяданьні знаходзіць на Пэдынгтанскай чыгуначнай станцыі (Лёндан) сям’я Браўнаў. Ён сядзіць на сваім чамадане (з пазнакай «Патрэбны ў падарожжы») з пачэпленай на плашчы цыдулкай «Калі ласка, даглядайце гэтага мядзьведзя. Дзякуй». Бонд казаў, што такі вобраз у яго паўстаў пры праглядзе кінахронікаў пра дзяцей, якія зьяжджалі зь Лёндану ў часе Другой сусьветнай вайны.

Пэдынгтан прыяжджае безьбілетнікам, пасланым з «Найцямнейшага Пэру» сваёй цёткай Люсі (зь ягонай сям’і вядома толькі пра яе ды пра дзядзьку Пастуза, які аддаў пляменьніку ўласны капялюх)[6], якая зьехала ў дом састарэлых мядзьведзяў у Ліме. Апавядаючы пра сябе, мядзьведзік распавядае, што любіць мармэляд, як і ўсе мядзьведзі, а таксама што ягонае пэруанскае імя ніхто не разумее. Тады Браўны вырашаюць назваць яго Пэдынгтанам паводле назвы станцыі. Пазьней становіцца вядомым ягонае сапраўднае імя — «Пастуса»[7] (амаль так сама, як і дзядзьку).

Сям’я вяртаецца зь мядзьведзянём дахаты на Ўіндзар Гардэнз, 32 (вуліца сапраўдная, аднак хаты з такім нумарам на ёй не існуе). Пэдынгтан часта наведваецца на мясцовы рынак, дзе гандляры заўжды рады яго бачыць, бо атрымліваюць ад яго вялікія прыбыткі. Калі мядзьведзіка нехта раздражняе, ён глядзіць на таго адным са сваіх асаблівых «суворых позіркаў» (перанятых ад цёткі Люсі), ад чаго тыя чырванеюць і саромеюцца.

Першая кніга, «Мядзьведзь на імя Пэдынгтан», была выдадзеная ў 1958. Кожная кніга падзеленая на разьдзелы і адбываецца ў асобны час, аднак усе яны ўяўляюць сабой незалежныя гісторыі, многія зь якіх увасобленыя ў тэлесэрыялах. Назвы паводле часу выданьня:[8]

  • Мядзьведзь на імя Пэдынгтан (1958)
  • Яшчэ пра Пэдынгтана (1959)
  • Пэдынгтан выбаўляе (1960)
  • Пэдынгтан за мяжой (1961)
  • Пэдынгтан (1962)
  • Пэдынгтан на раздольлі (1964, ISBN 0-395-06642-5 Houghton Mifflin Company)
  • Пэдынгтан за працай (1966, ISBN 0-618-11577-3, Houghton Mifflin Company)
  • Пэдынгтан ідзе ў места (1968, ISBN 0-395-06635-2, Houghton Mifflin Company)
  • Пэдынгтан дыхае вольным паветрам (1970, ISBN 0-618-33141-7 першае выданьне ў ЗША, Houghton Mifflin Company)
  • Пэдынгтанаў сад (1972)
  • Пэдынгтана кніга гісторыяў Сіняга Пятра (1973, ISBN 978-0563123569, выдавец —The British Broadcasting Corporation)
  • Пэдынгтан у Таўэры (1973)
  • Пэдынгтан на вяршыні (1974, ISBN 0-618-07041-9, Houghton Mifflin Company)
  • Пэдынгтан здае іспыт (1979, ISBN 0-618-18384-1 Houghton Mifflin Company))
  • Пэдынгтан на экране (1980)
  • Пэдынгтан у заапарку (1984)
  • Пэдынгтан і нікэрбокерская вясёлка (1985)
  • Пэдынгтан у палацы (1986)
  • Пэдынгтанава чароўнае Раство (1988)
  • Пэдынгтан ідзе ў шпіталь (2001)
  • Пэдынгтан і Вялікі тур (2003)
  • Пэдынгтан тут і цяпер (2008)
  • Пэдынгтан бяжыць наперад (2012)
  • Пэдынгтан ідзе на золата (2012)

Першай экранізацыя «Пэдынгтана» стаў тэлесэрыял BBC 1975 року з аднайменнай назвай. Сюжэт грунтаваўся на камічных выпадках з кнігі, зарыентаваных на вельмі малых дзетак. Сэрыял быў створаны ў цікавай тэхніцы: Пэдынгтан быў лялькай, рухі якой здымалі ў трохвымернай прасторы на двухвымерным фоне, усе астатнія пэрсанажы былі маляванымі ў 2-х вымярэньнях. У адной са сцэнаў містэр Браўн перадае мядзьведзіку жбанок мармэляду, які становіцца трохвымерным, калі Пэдынгтан яго кранаецца. Тэлесэрыял стаў першым брытанскім, які заваяваў срэбны мэдаль Нью-Ёрскага кіна- і тэлефэстывалю (1979).

У 1989 року выйшаў зьняты паўночнаамэрыканскай кампаніяй «Hanna-Barbera» тэлесэрыял «Мядзьведзяня Пэдынгтан». Гэта была традыцыйная двухвымерная мультыплікацыя. У ім зьявіліся амэрыканскія пэрсанажы, якія апынуліся ў Лёндане ў адзін дзень з Пэдынгтанам.

Апошні выдадзены тэлесэрыял «Cinar Films» пад назовам «Прыгоды мядзьведзяняці Пэдынгтана» пабачыў экраны ў 1997 року і таксама быў створаны з дапамогаю традыцыйнай двухвымернай анімацыі.

У верасьні 2007 кампанія «Warner Bros.» афішавала працу над экранізацыяй кнігі. Фільм пад назовам «Пэдынгтан» выйшаў у 2014 року, у ім скарыстаная кампутарная анімацыя. Да прэм’еры ў Лёндане ў розных месцах паўсталі 50 статуяў Пэдынгтана, якія пазьней былі прададзеныя з аўкцыёну ў дабрачынных мэтах.

У 2015 року пачалася праца над працягам фільму пра мядзьведзіка, выхад якога заплянаваны на 2017.

У масавай культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каралеўская пошта Вялікабрытаніі двойчы выдавала маркі зь мядзьведзянём Пэдынгтанам: у 1994[9] і 2006[10] роках.

13 кастрычніка 2008 року з нагоды 50-годзьдзя першага выданьня пра Пэдынгтана Google зьмяніў лягатып на выяву зь мядзьведзянём ды таблічкай да Пэру і Лёнданам[11].

  1. ^ How it all started (анг.) Архіўная копія ад 16 ліпеня 2015 г.
  2. ^ Happy birthday little bear (анг.). Sunderland Echo (26 June 2008). Архіўная копія ад 27 студзеня 2009 г.
  3. ^ Paddington returns to his station as children’s favourite, Andy McSmith, The Independent, 24 May 2008
  4. ^ Paddington bear celebrates 50th birthday, Jack Riley, The Independent, 13 October 2008
  5. ^ Shirley Clarkson, Bearly Believable: My Part in the Paddington Bear Story, Harriman House Publishing, 23 June 2008 ISBN 978-1-905641-72-7
  6. ^ Michael Bond. Paddington Here and Now. — London: Harper Collins, 2008. — ISBN 978-0-00-726940-2
  7. ^ All About Paddington (анг.) Paddington.com Праверана 13 студзеня 2015 г.
  8. ^ Books (анг.) Paddington Праверана 1 жніўня 2021 г.
  9. ^ Greetings Stamps — Messages (анг.) Collect GB Stamps. Cinnamon Blur (1 лютага 1994). Праверана 17 лістапада 2016 г.
  10. ^ Paddington Bear Stamp — 2006 (анг.) Hen Corner Праверана 17 лістапада 2016 г.
  11. ^ Paddington Bear’s 50th Birthday (анг.) Google Doodles. Google. Праверана 17 лістапада 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]