Мядзьведзяня Падынгтан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мядзьведзяня Падынгтан
Бронзавая статуя мядзьведзяняці на лёнданскім Падынгтанскім вакзале
Бронзавая статуя мядзьведзяняці на лёнданскім Падынгтанскім вакзале
Першае зьяўленьне 13 кастрычніка 1958 (61 год таму)
Стваральнік Майкл Бонд
Зьвесткі
Поўнае імя Падынгтан Браўн
Віды мядзьведзь
Стаць мужчынская
Сям’я Мэры, Генры, Джонатан і Джудзі Браўн
Сваякі Дзядзька Пастуза; Цётка Люсі
Нацыянальнасьць пэруанец
Мядзьведзяня Падынгтан у Вікісховішчы

Мядзьведзяня́ Па́дынгтан (па-ангельску: Paddington Bear) — пэрсанаж дзіцячай літаратуры, упершыню згаданы 13 кастрычніка 1958 ў творы Майкла Бонда[1]. Сяброўскі мядзьведзь родам з Пэру ў старым капелюшы і дофэльскім плашчы(en), з выцертым чамаданам (які мае сакрэтнае аддзяленьне, ад чаго можа зьмяшчаць нашмат больш рэчаў, чым здаецца зь першага позірку), зь любоўю да мармэляду, стаў клясычным пэрсанажам ангельскай дзіцячай літаратуры[2]. Кнігі пра Падынгтана былі перакладзеныя на 30 моваў і разышліся больш чым 30 мільёнамі асобнікаў.

Падынгтан — чалавекападобны акуляравы мядзьведзь. Ён заўжды ветлівы — зьвяртаецца да людзей на «містэр», «місіс» і «міс», рэдка па імі — і добрасардэчны, хоць да тых, хто выклікае ягоны недавер, ставіцца сувора. Мае надзвычайную асаблівасьць трапляць у бясконцыя праблемы, але вядомы сваімі «найлепшымі намаганьнямі зрабіць усё добра». Ён быў знойдзены на Падынгтанскім вакзале Лёндану сям’ёй Браўнаў, якія яго прытулілі, адкуль поўнае імя мядзьведзяняці гучыць як «Падынгтан Браўн».

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перад Раством 1956 року Майкл Бонд заўважыў на палічцы аднае з крамаў ля Падынгтанскага вакзалу плюшавага мядзьведзя, якога набыў у падарунак жонцы. Гэтая цацка натхніла яго на напісаньне гісторыі, і празь дзесяць дзён ён завершыў першую кнігу сэрыі. «Мядзьведзь на імя Падынгтан» быў апублікаваны выдавецтвам William Collins & Sons 13 кастрычніка 1958 року[3][4].

Мяккія цацкі ў продажы на Падынгтанскім вакзале

У 1972 року «Gabrielle Designs» распрацавалі першы выгляд мяккае цацкі для продажу. Дзеля большае ўстойлівасьці мядзьведзянё абулі ў гумовыя чобаты (Падынгтан атрымаў іх у падарунак на Раство 1964 року ў кнізе «Падынгтан ідзе наперад»). Першыя партыі цацкі насілі маленькія дзіцячыя чобаты вытворчасьці «Dunlop Rubber», але калі аб’ёмы продажаў вырасьлі, «Gabrielle Designs» пачалі вырабляць уласны абутак з адбіткамі лапаў на падэшвах.

Кніга аднае з уласьніц «Gabrielle Designs», Шырлі Кларксан[5], распавядае пра эвалюцыі цацкі ад раствянага падарунку да прадмету пазову і выніковага камэрцыйнага посьпеху.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мядзьведзяня Падынгтана ў першым апавяданьні знаходзіць на Падынгтанскай чыгуначнай станцыі (Лёндан) сям’я Браўнаў. Ён сядзіць на сваім чамадане (з пазнакай «Патрэбны ў падарожжы») з пачэпленай на плашчы цыдулкай «Калі ласка, даглядайце гэтага мядзьведзя. Дзякуй». Бонд казаў, што такі вобраз у яго паўстаў пры праглядзе кінахронікаў пра дзяцей, якія зьяжджалі зь Лёндану ў часе Другой сусьветнай вайны.

Падынгтан прыяжджае безьбілетнікам, пасланым з «Найцямнейшага Пэру» сваёй цёткай Люсі (зь ягонай сям’і вядома толькі пра яе ды пра дзядзьку Пастуза, які аддаў пляменьніку ўласны капялюх)[6], якая зьехала ў дом састарэлых мядзьведзяў у Ліме. Апавядаючы пра сябе, мядзьведзік распавядае, што любіць мармэляд, як і ўсе мядзьведзі, а таксама што ягонае пэруанскае імя ніхто не разумее. Тады Браўны вырашаюць назваць яго Падынгтанам паводле назвы станцыі. Пазьней становіцца вядомым ягонае сапраўднае імя — «Пастуса»[7] (амаль так сама, як і дзядзьку).

Сям’я вяртаецца зь мядзьведзянём дахаты на Ўіндзар Гардэнз, 32 (вуліца сапраўдная, аднак хаты з такім нумарам на ёй не існуе). Падынгтан часта наведваецца на мясцовы рынак, дзе гандляры заўжды рады яго бачыць, бо атрымліваюць ад яго вялікія прыбыткі. Калі мядзьведзіка нехта раздражняе, ён глядзіць на таго адным са сваіх асаблівых «суворых позіркаў» (навучаных ад цёткі Люсі), ад чаго тыя чырванеюць і саромеюцца.

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая кніга, «Мядзьведзь на імя Падынгтан», была выдадзеная ў 1958. Кожная кніга падзеленая на разьдзелы і адбываецца ў асобны час, аднак усе яны ўяўляюць сабой нехалежныя гісторыі, многія зь якіх увасобленыя ў тэлесэрыялах. Назвы паводле часу выданьня:[8]

  • Мядзьведзь на імя Падынгтан (1958)
  • Яшчэ пра Падынгтана (1959)
  • Падынгтан выбаўляе (1960)
  • Падынгтан за мяжой (1961)
  • Падынгтан (1962)
  • Падынгтан на раздольлі (1964)[9]
  • Падынгтан за працай (1966)[10]
  • Падынгтан ідзе ў места (1968)[11]
  • Падынгтан дыхае вольным паветрам (1970)[12]
  • Падынгтанаў сад (1972)
  • Падынгтана кніга гісторыяў Сіняга Пятра (1973)[13]
  • Падынгтан у Таўэры (1973)
  • Падынгтан на вяршыні (1974)[14]
  • Падынгтан здае іспыт (1979)[15]
  • Падынгтан на экране (1980)
  • Падынгтан у заапарку (1984)
  • Падынгтан і нікэрбокерская вясёлка (1985)
  • Падынгтан у палацы (1986)
  • Падынгтанава чароўнае Раство (1988)
  • Падынгтан ідзе ў шпіталь (2001)
  • Падынгтан і Вялікі тур (2003)
  • Падынгтан тут і цяпер (2008)
  • Падынгтан бяжыць наперад (2012)
  • Падынгтан ідзе на золата (2012)

Тэлевізія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першай экранізацыя «Падынгтана» стаў тэлесэрыял BBC 1975 року з аднайменнай назвай. Сюжэт грунтаваўся на камічных выпадках з кнігі, зарыентаваных на вельмі малых дзетак. Сэрыял быў створаны ў цікавай тэхніцы: Падынгтан быў лялькай, рухі якой здымалі ў трохвымернай прасторы на двухвымерным фоне, усе астатнія пэрсанажы былі маляванымі ў 2-х вымярэньнях. У адной са сцэнаў містэр Браўн перадае мядзьведзіку жбанок мармэляду, які становіцца трохвымерным, калі Падынгтан яго кранаецца. Тэлесэрыял стаў першым брытанскім, які заваяваў срэбны мэдаль Нью-Ёрскага кіна- і тэлефэстывалю (1979).

У 1989 року выйшаў зьняты паўночнаамэрыканскай кампаніяй «Hanna-Barbera» тэлесэрыял «Мядзьведзяня Падынгтан». Гэта была традыцыйная двухвымерная мультыплікацыя. У ім зьявіліся амэрыканскія пэрсанажы, якія апынуліся ў Лёндане ў адзін дзень з Падынгтанам.

Апошні выдадзены тэлесэрыял «Cinar Films» пад назовам «Прыгоды мядзьведзяняці Падынгтана» пабачыў экраны ў 1997 року і таксама быў створаны з дапамогаю традыцыйнай двухвымернай анімацыі.

Экранізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 2007 кампанія «Warner Bros.» афішавала працу над экранізацыяй кнігі. Фільм пад назовам «Падынгтан» выйшаў у 2014 року, у ім скарыстаная кампутарная анімацыя. Да прэм’еры ў Лёндане ў розных месцах паўсталі 50 статуяў Падынгтана, якія пазьней былі прададзеныя з аўкцыёну ў дабрачынных мэтах.

У 2015 року пачалася праца над працягам фільму пра мядзьведзіка, выхад якога заплянаваны на 2017.

У масавай культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каралеўская пошта Вялікабрытаніі двойчы выдавала маркі зь мядзьведзянём Падынгтанам: у 1994[16] і 2006[17] роках.

13 кастрычніка 2008 року з нагоды 50-годзьдзя першага выданьня пра Падынгтана Google зьмяніў лягатып на выяву зь мядзьведзянём ды таблічкай да Пэру і Лёнданам[18].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ How it all started
  2. ^ Happy birthday little bear — Sunderland Echo, 26 June 2008
  3. ^ Paddington returns to his station as children’s favourite, Andy McSmith, The Independent, 24 May 2008
  4. ^ Paddington bear celebrates 50th birthday, Jack Riley, The Independent, 13 October 2008
  5. ^ Shirley Clarkson, Bearly Believable: My Part in the Paddington Bear Story, Harriman House Publishing, 23 June 2008 ISBN 978-1-905641-72-7
  6. ^ Michael Bond, 'Paddington Here and Now', Harper Collins, London 2008 ISBN 978-0-00-726940-2
  7. ^ All About Paddington(анг.) Paddington.com Праверана 13 студзеня 2015 г.
  8. ^ The Books
  9. ^ ISBN 0-395-06642-5 published by Houghton Mifflin Company
  10. ^ ISBN 0-618-11577-3 published by Houghton Mifflin Company
  11. ^ ISBN 0-395-06635-2, published 1968 by Houghton Mifflin Company
  12. ^ ISBN 0-618-33141-7 First American edition published 1970 by Houghton Mifflin Company
  13. ^ ISBN 978-0563123569 First published 1973 by The British Broadcasting Corporation
  14. ^ ISBN 0-618-07041-9 published by Houghton Mifflin Company
  15. ^ ISBN 0-618-18384-1 published by Houghton Mifflin Company
  16. ^ Greetings Stamps — Messages(анг.) Collect GB Stamps. Cinnamon Blur (1 лютага 1994). Праверана 17 лістапада 2016 г.
  17. ^ Paddington Bear Stamp — 2006(анг.) Hen Corner Праверана 17 лістапада 2016 г.
  18. ^ Paddington Bear’s 50th Birthday(анг.) Google Doodles. Google. Праверана 17 лістапада 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Мядзьведзяня Падынгтансховішча мультымэдыйных матэрыялаў