Кніга прарока Ераміі
Кніга Старога Запавету |
Пяцікніжжа Майсеева |
Прарокі |
Пісаньні |
Кні́га праро́ка Ерамі́і (па-габрэйску: ספר ירמיהו — Сэфэр Ірмеяху) — 24-я кніга кананічнага Старога Запавету, трынаццатая частка Танаху. У пазьнейшых прароках знаходзіцца паміж кнігамі Ісаі ды Езэкііля. Напісаная прарокам Ераміям (Ірміяху) прыкладна ў VI стагодзьдзі да н. э.. Ахоплівае пэрыяд ад 647 да 580 да н. э. — часы валадараньня цара Ёсіі і захопу Юдэі Бабілёнам.
Гэта найбольшая з прарочых кнігаў Старога Запавету, складаецца з 52 разьдзелаў. Кніга напісаная складанай і паэтычнай гэбрайскай мовай, за выняткам вершу 10:11, які напісаны па-арамэйску.
Аўтарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прарок Ерамія жыў у эпоху заняпаду Юдэйскага царства. Ягоная зямля стала арэнаю барацьбы дзьвюх «звышдзяржаваў» старажытнага сьвету — Эгіпту і Бабілёну, што прыйшоў на зьмену Асырыі. Апошнія цары Юдэі, а разам зь імі і ўвесь народ, становяцца закладнікамі гэтае барацьбы. Цар Ёсія быў забіты эгіпцянамі; ягоны сын, цар Ёахаз, быў вывезены ў Эгіпет; унук Ёсіі, цар Ёакім, быў вывезены ў Бабілён; пасьля туды ж вывезены і малодшы сын Ёсіі, цар Сэдэкія.
У 586 (або 587) да н. э. Ерусалім і храм дашчэнту зруйнаваныя войсками Навухаданосара, дзяржава зьнішчаная. Ерамія выпраўляецца ў выгнаньне ў Эгіпет. Праўдападобна, падчас перабываньня там ён напісаў 37—44 разьдзелы кнігі.
Кніга Ераміі рэдагавалася другазаконьнікамі ці аўтарамі Паўторанага закону, якія прасоўвалі рэлігійную рэформу[1]. Гэта заўважна ў паралельным выкарыстаньні мовы ў Другазаконьні і кнізе Ераміі[2]. Так, у Ер. 11:4 і Друг. 4:20 выкарыстаная мэтафара жалезнае печы. Аднак невядома, ці быў Ерамія прыхільнікамі другазаконьніцкай школы, бо ён нідзе ня згадвае ані Паўтораны закон, ані рэлігійную рэформу Ёсіі[3].
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга ўмоўна можа быць падзеленая на 6 частак[4], у якіх стылі тэксту мяняюцца ад паэтычнага праз апавядальны да біяграфічнага[5]. Часткі:
- Разьдзелы 1—25 — сутнасьць Ераміінага пасланьня
- Разьдзелы 26—29 — біяграфічныя зьвесткі і стасункі зь іншымі прарокамі
- Разьдзелы 30—33 — Божае абяцаньне аднаўленьня, у тым ліку заключэньне «новага запавету», што ёсьць магчымай адсылкай да хрысьціянскага Новага Запавету
- Разьдзелы 34—45 — збольшага стасункі з Сэдэкіям і падзеньне Ерусаліму
- Разьдзелы 46—51 — Боскае пакараньне народам вакол Ізраілю
- Разьдзел 52 — дадатак, які пераказвае 2-ю кнігу Цароў 24:18—25:30)
Галоўныя мэсіянскія прароцтвы знаходзяцца ў наступных фрагмэнтах: 23:1-8; 31:31-40 і 33:14-26.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Coogan, M. A Brief Introduction to the Old Testament: The Hebrew Bible in its Context. Oxford University Press: Oxford, 2009. p.300.
- ^ Hyatt, JP. Jeremiah and Deuteronomy. Journal of Near Eastern Studies. Vol. 1, No. 2 (Apr., 1942), pp. 156—173
- ^ Holt, EK. The Chicken and the egg -or was Jeremiah a Member of the Deuteronomist Party? Journal for the Study of the Old Testament Vol.44. pp109-122. (1989)
- ^ Coogan, M. A Brief Introduction to the Old Testament: The Hebrew Bible in its Context. Oxford University Press: Oxford, 2009. p299.
- ^ Robert Davidson «Jeremiah, The Book of» The Oxford Companion to the Bible. Bruce M. Metzger and Michael D. Coogan, eds. Oxford University Press Inc. 1993. Oxford Reference Online. Oxford University Press. Northwestern University. 20 October 2010 [1]
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга прарока Ераміі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Кніга прарока Ераміі ў перакладзе Васіля Сёмухі