Гэнрык Бэта
Гэнрык Бэта | |
Дата нараджэньня | 7 лістапада 1886 |
---|---|
Месца нараджэньня |
|
Дата сьмерці | 1 кастрычніка 1965 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | драматург, пісьменьнік, пчаляр |
Месца працы | |
Псэўданімы | Генрык Бярозка[1] |
Гэнрык Бэта (7 лістапада 1886 — 1 кастрычніка 1965; псэўданімы: H.Biarozka; Бярозка; Генрык Бярозка) — беларускі і польскі грамадзкі і рэлігійны дзеяч, каталіцкі сьвятар.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Родам з-пад Сухаволі Сакольскага павету (сучасн. Падляскае ваяводзтва, Польшча). Скончыў духоўную сэмінарыю ў Сейнах, дзе навучаўся разам з многімі прадстаўнікамі летувіскага духавенства.
У 1908—1912 гадах вучыўся ў каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, сярод беларускіх сэмінарыстаў прапагандаваў ідэю ўжываньня роднай мовы ў душпастырскай дзейнасьці.[2]
Потым — прафэсар духоўнай сэмінарыі ў Сейнах,[3] у 1920-я годы рэктар духоўнай сэмінарыі ў Ломжы. Віцэ-афіцыял Ломжынскай катэдральнай капітулы (з 26.04.1929). Сябра рады прасынадальных экзамэнатараў.
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны працаваў на пасадзе рэктара Місіянэрскага інстытуту ў Ломжы. Быў сталым падпісчыкам газэты «Chryścijanskaja Dumka».
У гады вайны і ў пасьляваенны час па-ранейшаму жыў і працаваў у Ломжы. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасьцю, гаспадарчымі і грамадзкімі справамі. З 1952 году служыў пробашчам у парафіі Чыжаў Ломжынскай дыяцэзіі. У 1956 годзе абраны прасінадальным экзамэнатарам. Сябра Ломжынскай дыяцэзіяльнай гаспадарчай рады.[4]
Папулярызаваў пчалярства, якое лічыў адным са сродкаў паляпшэньня дабрабыту селяніна. У 1911 выдаў у Пецярбургу на беларускай мове (лацінкай) брашуру «Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа», у якой зьмясьціў чарцяжы вульля, апісаў віды работ пчаляра ў залежнасьці ад пораў году. Супрацоўнічаў з каталіцкай газэтай «Biełarus», рэдакцыя якой выдала ў 1915 асобнай кніжкай яго сцэнічны твор «Бэтлейка» (ананімна).[2]
Сваё разуменьне і адносіны да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху прадставіў яшчэ на пачатку 1920-х гадоў у адным зь лістоў да вядомага дзеяча беларускага хрысьціянскага руху Адама Станкевіча. Падкрэсьліваючы факт адраджэньня Беларусі, ён пісаў:
Беларусы, як і кожны іншы народ, маюць права на адраджэньне. [...] Рухам гэтым будуць кіраваць альбо сумленныя і ахвярныя людзі, альбо ашуканцы. Саветы несумненна выкарыстаюць гэты рух для сваіх мэт. | ||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Беларусь у асобах і падзеях (белар.)
- ^ а б Наша вера. 2003. № 2(24).
- ^ Я. Станкевіч. З гісторыі Беларусі. Мюнхен. 1958. С. 71.
- ^ Беларускія рэлігійныя дзеячы…
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік на slounik.org