Герб Рыгі
Герб Рыгі — афіцыйны сымбаль сталіцы Латвіі места Рыгі. Зьяўляецца адным з асноўных сымбаляў Латвіі. Мае вялікую й малую вэрсіі, розьніца паміж якімі палягае ў тым, што вялікая вэрсія гербу мае шчытатрымальнікаў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1201 року біскуп Альбэрт — заснавальнік рыцарскага Ордэну мечаносцаў на тэрыторыі Латгаліі — абірае Рыгу рэзыдэнцыяй Рыскага біскупству (пасьля — арцыбіскупству).
У XIII стагодзьдзі Рыга становіцца значным гандлёвым і суднаходным цэнтрам, нароўні зь Любэкам і Гданьскам. Вялікае значэньне ў гэтым працэсе мела міжнародны гандаль; ў XIII стагодзьдзі, уступіўшы ў Паўночнанямецкі хаўрус гандлёвых гарадоў — Ганзу, Рыга стала адным з галоўных пасярэднікаў у гандлі паміж Усходам і Захадам. У той час, калі імя места гучала ня толькі па ўсёй Балтыцы, але й даносілася й да Чорнага мора, склаўся герб Рыгі. Яго найстаражытны малюнак ёсьць на пячатках, прыкладзеных да дакумэнтаў, якія датычацца да 1225—1226 рокаў.
-
1225
Пячатка 1225 року -
1349
Пячатка 1349 року -
1368
Пячатка 1368 року
У срэбным полі частка чырвонай гарадзкой сьцяны з адчыненай брамай, за сьцяной дзьве двухпавярховыя з востраверхімі стрэхамі вежы, увянчаныя шарамі. Паміж вежамі крыжовае жазло ў слуп, якое суправаджаецца двума ключамі. Сьцяна з адчыненай брамай і вежамі сымвалізавала самастойнасьць места, крыжовае жазло — улада біскупу над местам, а два ключы — заступніцтва над гараджанамі Сьвятога Пятра.
У 1236 року ў бітве пры Саўле ордэн Мечаносцаў быў разьбіты Курскімі й Зэмгальскімі плямёнамі. Аднак неўзабаве замест яго ствараецца Лівонскі ордэн, які быў адгалінаваньнем Нямецкага Прускага ордэну. Як у палітычным, так і ў вайсковым дачыненьні, гэта быў самы моцны й таму небясьпечны для свабоды места фэадальны сеньёр, які здушыў паўстаньне мясцовых плямёнаў. Стасункі паміж Лівонскім ордэнам і Рыгай абвастрыліся й у выніку выліліся ў вялікі канфлікт, які скончыўся 30 сакавіка 1330 року падпісаньнем дамовы аб здачы. Рыга трапіла ў залежнасьць да Лівонскага ордэну. Зьмена палітычнай улады ў горадзе выклікала і зьмены ў яго гербе. Цяпер герб выглядаў наступным чынам:
У срэбным полі чырвоная гарадзкая брама з паднятымі чорнымі кратамі і высокай страхой, пад кратамі ільвіная галава. Абапал брамы дзьве двухпавярховыя шасьцікутныя вежы з востраканцовымі дахамі. Над брамай, паміж вежаў, два накрыж пакладзеных жалезных ключа, а над імі ордэнскі крыж. | ||
Ордэнскі крыж быў знакам таго, што места належыць Лівонскаму ордэну, а ільвінае галава азначала вялікую мужнасьць жыхароў места. Такі выгляд гербу стаў асноўным для ўсіх наступных выяваў гербу места, бо кожная наступная палітычная ўлада над места дадавала свае сымбалі на герб, але не зьмяняла таго, што ўтварылася да яе.
Новы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVI стагодзьдзі герб быў дапоўнены шчытатрымальнікамі, у якасьці якіх выступалі два львы.
-
Герб места ў 16 ст.
-
Пячатка места ў 1586 року
У выніку вайнаў Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1600—1629 гг.). Рыга апынулася ў складзе Швэцыі. У 1660 швэдзкі ўрад дапоўніў герб места каронай, якая разьмяшчалася над крыжам.
У блакітным полі чырвоная гарадзкая брама з паднятымі кратамі, пад якой золатая ільвіная галава, і двума вежамі. Над брамай два накрыж пакладзеных ключа, над імі залаты крыж пад каронай. | ||
Пасьля Паўночнай вайны (1700—1721 рр.) Рыга ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі. У 1723 року расейскімі ўладамі быў зьменены выгляд гербу. Агулам расейскія ўлады за час свайго панаваньня тройчы зьмянялі выгляд гербу.
-
Герб места 1723 року
-
Герб места прыняты ў 1788 року
-
Герб места 1904 року
Першая латыская дзяржава
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 кастрычніка 1925 р. рашэньнем Прэзыдэнта Латыскай Рэспублікі № 269 Рызе (у ліку 41 латыскага места) быў зацьверджаны герб узору 1660 року.
У срэбным полі чырвоная мураваная сьцяна зь дзьвюма вежамі й адчыненай брамай, у якой пад чорнымі паднятымі кратамі золатая ільвіная галава; над брамай, паміж вежамі, два залатых накрыж пакладзеных ключа, над імі такія ж крыж і карона. Шчытатрымальнікі - два залатых льва з чырвонымі языкамі, якія стаяць на сталёвым карнізе. | ||
Пэрыяд савецкай акупацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачынаючы з 1940 па 1967 року герб не выкарыстоўваўся.
Рашэньнем выканкаму № 58 Рыскага гарадзкога Савету дэпутатаў працоўных Латыскай ССР ад 15 лютага 1967 року быў зацьверджаны савецкі варыянт гербу Рыгі.
-
Герб места 1968 року
-
Герб места 1987 року
-
Герб места 1988 року
Сучасны пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990 року першая сэсія Рыскага гарадзкога Савету народных дэпутатаў XX скліканьня прыняла рашэньне аб гербе і сьцягу места Рыгі, а таксама зацьвердзіла Палажэньне аб гербе і сьцягу места. Палажэньне аб гербе места было апублікавана ў газэце «Голас Рыгі» 18 траўня 1990 року. У разьдзеле I Палажэньня дадзена яго апісаньне:
У Рызе выкарыстоўваюцца вялікі й малы гербы места.
На вялікім гербе намаляваны шчыт, які з абодвух бакоў трымаюць львы, якія стаяць на карнізе; на шчыце герба ў срэбным полі намаляваная чырвоная мураваная сьцяна з дзьвюма вежамі й адчыненай брамай, у якой пад паднятымі кратамі - галава льва; у верхняй частцы шчыта паміж вежамі два перакрыжаваных ключа, над імі крыж і карона. Львы, крыж і карона - колеру чырвонага золата, краты й ключы - чорнага колеру, языкі львоў - чырвонага і карніз - шэрага колеру. Малы герб места - шчыт вялікага гербу. |
||
-
Сучасны малы герб Рыгі
-
Сучасны вялікі герб Рыгі