Вуліца Ленінская (Магілёў)
Вуліца Ленінская (былыя назвы Ветраная, Вялікая Садовая, Інжэнэрная)[1] — вуліца ў цэнтры Магілёва. Бярэ свой пачатак ад Савецкай плошчы да вул. Курака. Працягласьць вуліцы 1490 м.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліца зьяўляецца адной з найстарэйшых у горадзе. Вядомая з XVI стагодзьдзя, калі сфармавалася Гандлёвая плошча, ад якой разыходзіліся ў паўночным кірунку дзьве галоўныя вуліцы-дарогі — Шклоўская (цяпер вул. Першамайская) і Ветраная. Сваю назву вуліца атрымала ў гонар Ветранай брамы абарончага валу.
Сучаснае аблічча вуліцы стала складвацца ў 1930-я гады. Аднак плянамэрная забудова пачалася пасьля Другой Сусьветнай вайны, калі паводле генэральнага пляну Магілёва 1947-1950 гадоў, праводзілася рэканструкцыя і аднаўленьне цэнтральнай частцы гораду. Вялікую ролю ў фармаваньні вуліцы граюць помнікі гісторыі, жылой і грамадзянскай архітэктуры XVIII — пачатку XX стагодзьдзяў як, напрыклад, будынак былой гарадзкой управы — дом № 1. Адзіны комплекс з домам № 1 складаюць дамы XIX ст.: № 3, 5/1, 5/2.
Дом № 25 — палац каталіцкага арцыбіскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.
Захаваўся будынак Магілёўскай мужчынскай гімназіі, у якой вучыліся будучыя выдаўцы шматтомнага энцыкляпэдычнага слоўніка браты Аляксандр і Ігнат Гранат, першы прэзыдэнт сэнату Гавайскіх выспаў Мікалай Судзілоўскі, галоўнакамандуючы сэрбскай арміяй, Туркестанскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Чарняеў, матэматык, географ, геафізык, астраном, дасьледнік Поўначы Ота Шміт.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2004 г. вуліца Ленінская, якая захавала найбольшую колькасьць дамоў XIX ст., стала пешаходнай вуліцай — зонай адпачынку месьцічаў.
На вуліцы разьмешчаны некаторыя вучэбныя карпусы і інтэрнаты Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова і Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту, Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава, мастацкі музэй Бялыніцкага-Бірулі, музэй гісторыі гораду, кінатэатар «Радзіма».
Да вуліцы прымыкаюць сквэры: Тэатральны, Лютэранскі, Камсамольскі, Міронава, 40-годзьдзя Перамогі.
На той частцы вуліцы, дзе дазволены аўтамабільны рух, разьмешчаны Магілёўскі аўтавакзал, швейная фабрыка «Вясьнянка», завод Строммашына.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Могилёв: Энцикл. справ. / Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 472 с., ил.