Перайсьці да зьместу

Бітва пад Саўле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бітва пад Саўле адбылася 22 верасьня 1236 року паміж войскам Ордэну мечаносцаў і яго хаўрусьнікамі з аднога боку і войскам жамойтаў і зэмгалаў зь іншага[1]. Апісаная ў Лівонскай старэйшай рыфмаванай хроніцы.

У другой палове лета 1236 року быў арганізаваны першы крыжовы паход на Жамойць[2]. На баку Ордэна мечаносцаў у паходзе бралі ўдзел рыцары з Заходняе Эўропы, хрышчоныя эсты, лівы, латгалы, атрад зь дзьвюхсот пскавічоў, а таксама наўгародзкія ваяры[1].

Бітва адбылася 22 верасьня 1236 року, калі каля мясцовасьці Саўле на крыжакоў, якія вярталіся з паходу, напалі жамойты і зэмгалы. Лякалізацыя Саўле выклікае спрэчкі, звычайна гэта месца атаясамляюць з сучасным горадам Шаўлі ў Летуве. Згодна зь іншай вэрсіяй, бітва адбылася каля латыскай вёскі Вэцсаўле[1].

Цяжкая кавалерыя крыжакоў была вымушаная прыняць бой у балоцістай мясцовасьці, дзе перавага была на баку лёгка ўзброеных жамойтаў і земгалаў. Войска паганцаў, магчыма, узначальвалі Выкінт і Эрдзівіл, згаданыя ў дамове 1219 у якасьці жамойцкіх князёў[2].

Крыжакі пацярпелі цяжкую паразу, у бітве загінулі вялікі магістар Вольквін і 48 рыцараў Ордэну мечаносцаў, а таксама многія зь ліку хаўрусьнікаў Ордэну, сярод якіх 180 пскавічоў[3].

У выніку паразы крыжакоў супраць улады Ордэну мечаносцаў паўсталі куршы, зэмгалы і сэлы[1]. У 1237 року Ордэн быў вымушаны зьліцца з больш пасьпяховым Тэўтонскім ордэнам.

У наш час сьвяткаваньне перамогі ў бітве пад Саўле набыло новы сэнс, павязаны з захаваньнем адметнасьці балцкіх народаў, таму 22 верасьня было абвешчана Днём балцкага адзінства.

  1. ^ а б в г Саўлеская бітва // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 554. — 788 с.
  2. ^ а б Насевіч В. Л. Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн., 1993.
  3. ^ В лѣто 6745 [1237] // Новгородская первая летопись старшего извода.