Перайсьці да зьместу

Дзень адзінства балтаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Дзень балцкага адзінства»)
Дзень Балцкага адзінства ў Шаўлях, на Салдуўскім гарадзішчы
Сустракальнікі ля Садлуўскага гарадзішча
Фальклёрны супол зь Елгавы

Дзень адзі́нства ба́лтаў (па-летувіску: Baltų vienybės diena, па-латыску: Baltu vienības diena) — сьвята ў Летуве й Латвіі, якое адзначаюць 22 верасьня, ушаноўваючы перамогу аб’яднаных войскаў земгалаў і жамойтаў над крыжкамі Лівонскага ордэну ў 1236 годзе ў бітве пад Саўле. Сьвята было афіцыйна прынятае ў 2000 годзе рашэньнем соймаў Летувы й Латвіі. Таксама гэтая дата адметная тым, што прыпадае на восеньскае раўнадзенства, таму яна мае вялікі сымбалічны сэнс пераемнасьці пакаленьняў.

Упершыню Дзень балцкага адзінства быў адзначаны энтузыястамі з Шаўляў і Елгавы ў 1986 годзе, у 750-ю рочніцу бітвы. Затым сьвяткаваньне пачало адбывацца штогод. Ад 1995 року да сьвяткаваньня далучылася самакіраваньне Янішкаўскага раёну, а потым пра ўгодкі перамогі пачалі ўзгадваць і ў іншых летувіскіх ды латыскіх местах. У 2008 годзе латышы прапанавалі балтам усяго сьвету прымаць удзел у сьвяце. 25 верасьня 2011 року прадстаўнікі ўсіх раённых самакіраваньняў Шавельскага павету разам з кіраўнікамі Елгаўскага й Добэльскага краёў Латвіі ўзялі ўдзел у сумесным сьвяткаваньні 775-х угодкаў перамогі.

Сымбалем сьвята зьяўляюцца вогнішчы, якія прыхільнікі адзінства балцкіх народаў запальваюць на гарадзішчах ды ўзгорках. Не зважаючы на тое, што ў наш час засталося толькі два балтамоўныя народы, у шэрагу мясцовасьцяў, дзе раней таксама жылі або жывуць цяпер балты, таксама адзначаюць гэтае сьвята. У 2009 року вогнішчы былі запаленыя на 57 узгорках у Летуве, на 8 — у Латвіі, на 1 — у Польшчы й на 1 — у Беларусі[1]. У 2014 годзе акрамя Латвіі й Летувы вогнішчы былі запаленыя пад Менскам, у Цьвяры й Ржэве, у Сувальшчыне, Нідэрляндах, Нямеччыне й нават на Тыбэце.[2] Цікава, што за прыкладам балтаў падчас восеньскага раўнадзенства пачалі паліць вогнішчы таксама й прадстаўнікі ды нашчадкі фіна-вугорскіх народаў.[3]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзень адзінства балтаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў