Белы палац
Бе́лы пала́ц — палац у Берасьці, былая ўніяцкая царква сьв. Пятра і Паўла манастыра базылянаў. Стаў месцам падпісаньня Берасьцейскага міру 3 сакавіка 1918 году.
Манастыр базылянаў быў заснаваны ў Берасьці ў 1629 годзе. Да 1631 г. з фундушу Габрыеля зь Ялец Ялецкага і мітрапаліта Язэпа Руцкага паўстаў драўляны будынак манастыра і царквы сьв. апосталаў Пятра і Паўла. З 1770 г. на месцы драўлянай царквы базыляне пачалі ўзьвядзеньне новай мураванай царквы ў стылі віленскага барока. Вежы яе, аднак, так і не былі закончаныя. Пасьля 1835 г. пры будаўніцтве Берасьцейскай крэпасьці базылянская царква сьв. апосталаў Пятра і Паўла была перабудавана пад афіцэрскае казыно.
У час Першай сусьветнай вайны ў Берасьцейскай крэпасьці адбываліся мірныя перамовы паміж прадстаўнікамі Савецкай Расеі, з аднаго боку, і Цэнтральных дзяржаваў (Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны, Турэччыны і Баўгарыі) — з другога, падчас якіх 9 лютага 1918 году была падпісана мірная дамова з УНР і якія завяршыліся падпісаньнем у Белым палацы 3 сакавіка 1918 году Берасьцейскай мірнай дамовы. У гэты час будынак атрымаў назву “Белы палац”.
Будынак пацярпеў у час Другой сусьветнай вайны. Падчас абароны Берасьцейскай крэпасьці 2 верасьня 1939 году ў выніку нямецкага авіяўдару будынак быў пашкоджаны. Асноўныя пашкоджаньні будынку былі нанесеныя падчас абароны Берасьцейскай крэпасьці у чэрвені—ліпені 1941 году. Аднак разабраны будынак быў толькі пасьля 1953 г.
Да нашага часу захаваліся толькі сутарэньні з падмуркамі і частка вонкавых сьцен, якія выяўляюць сакральны характар пабудовы. Руіны Белага палацу знаходзяцца насупраць уваходу ў Музэй абароны Берасьцейскай крэпасьці. У 1972 і 2019 гг. была праведзена іх кансэрвацыя.
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 111Г000724 |