Белсаюздрук
Каардынаты: 53°53′47″ пн. ш. 27°33′8″ у. д. / 53.89639° пн. ш. 27.55222° у. д.
«Белсаюздрук» | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 6 жніўня 1991 (33 гады таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Ленінскі раён, вул. Валадарскага, д. 16[1] |
Ключавыя фігуры | Ігар Дудзіч, Павал Паляшчук[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | раздробны збыт газэтаў і часопісаў, падпіска на пэрыёдыку |
Лік супрацоўнікаў | 1000 (2014 год) |
Матчына кампанія | Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь[3] |
Даччыныя кампаніі | ААТ «Магілёўсаюздрук» |
«Белсаюздрук» — дзяржаўнае гандлёвае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў жніўні 1991 году ў якасьці Рэспубліканскага аб’яднаньня «Саюздрук».
На 2020 год прадпрыемства мела найбольшую ў Беларусі гандлёвую сетку збыту пэрыёдыкі і кніг, канцылярскіх прыладаў і сувэніраў. На друкаваныя вырабы прыпадала звыш 30% таваразвароту. У павільёнах «БелДрук», сумешчаных з кавярняй, было магчыма зарадзіць смартфон, скарыстаць Вай-Фай і гарадзкі навігатар. На 2020 год гандлёвая сетка «БелДрук» налічвала 1016 гандлёвых кропак, зь іх 233 павільёны[4]. На 2020 год «Белсаюздрук» меў 4 абласныя падразьдзяленьні ў Берасьці, Віцебску, Гомелі і Горадні, а таксама даччынае ААТ «Магілёўсаюздрук». Гандлёвая сетка «Магілёўсаюздруку» налічвала яшчэ 225 гандлёвых кропак, зь іх 187 кіёскаў (83%), 28 павільёнаў і 10 крамаў[5]. Іншыя падразьдзяленьні налічвалі: у Берасьцейскай вобласьці — 157 шапікаў і 90 павільёнаў, у Віцебскай — 156 шапікаў і 12 павільёнаў, у Гарадзенскай — 146 шапікаў і 32 павільёны, у Гомельскай — 165 шапікаў і 5 павільёнаў, у Менскай вобласьці і Менску — 392 шапікі і 94 павільёны (47%)[6].
Паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2020 год гандлёвая сетка «БелДрук» прадавала каля 700 найменьняў пэрыёдыкі, 78% якой складалі выданьні Беларусі. Штодзённы наклад выданьняў налічваў 170 000 асобнікаў, зь іх 76% складалі штодзённыя і штотыднёвыя газэты, таму друкаваныя выданьні завозілі двойчы на дзень[7]. У шапіках і павільёнах «БелДрук» было магчыма падпісацца на газэты і часопісы Беларусі і Расеі на паўгодзьдзе[8], а таксама набыць кнігі 3-х выдавецтваў: «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», «Мастацкая літаратура» і «Папуры»[9].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 жніўня 1991 году Савет міністраў Беларускай ССР зацьвердзіў Распараджэньне № 48-р аб перадачы Рэспубліканскага аб’яднаньня «Саюздрук» у вядзеньне Дзяржаўнага камітэту друку БССР ад Міністэрства сувязі БССР. У 2009 годзе продаж пэрыёдыкі на 45% складаўся з газэтаў і часопісаў пра вольны час, на 37% — прыпадаў на грамадзка-палітычныя выданьні[7]. У 2011—2013 гадах адкрылі крамы «БелДрук» у падземных пераходах 3-х станцыяў Менскага мэтрапалітэну — «Плошча Перамогі», «Грушаўка» і «Пятроўшчына». На лістапад 2013 году гандлёвая сетка «Белсаюздруку» налічвала 384 гандлёвыя кропкі, сярод якіх было 345 кіёскаў, 28 крамаў і 3 павільёны. Большасьць зь іх адчынялася а 7-й гадзіне ранку. Штодзённа ў продаж паступала каля 110 000 асобнікаў газэтаў і часопісаў. У гандлёвых кропках «Белсаюздруку» магчыма было падпісацца на выданьне для атрыманьня ў самім кіёску. Развоз пэрыёдыкі зь «Беларускага дому друку» па кіёсках пачынаўся ўначы. У гандлёвай сетцы прадавалі каля 800 найменьняў тавараў, у тым ліку прысмакі, каляровыя алоўкі і сувэніры, нататнікі і штодзёньнікі, размалёўкі і календары, дзіцячыя цацкі і паветраныя шарыкі. На прадпрыемстве працавала звыш 1000 чалавек[10]. 5 сакавіка 2018 году Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ухваліла Загад № 74 аб улучэньні ў склад УП «Белсаюздрук» 4-х з 5 яго даччыных абласных прадпрыемстваў — «Берасьцеаблсаюздрук», «Віцебскаблсаюздрук», «Гомельаблсаюздрук» і «Горадняаблсаюздрук» — на правах падразьдзяленьняў. На 2019 год «Белсаюздрук» валодаў найбольшай у Беларусі сеткай раздробнага гандлю мясцовымі газэтамі і часопісамі. Звыш 78% продажаў складалі дзяржаўныя выданьні. Штодня ў кіёскі, павільёны і крамы «БелДрук» паступала звыш 170 000 асобнікаў пэрыёдыкі. Штомесяц прадавалі 700 найменьняў пэрыядычных выданьняў[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Банкаўскія рэквізыты (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Кіраўніцтва (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вышэйстаячыя арганізацыі (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Пра нас (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Пра нас (рас.) // ААТ «Магілёўсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мапа гандлёвых аб'ектаў (рас.) // ААТ «Магілёўсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Збыт выданьняў (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Падпіска (рас.) // ААТ «Магілёўсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Каталёг (рас.) // ААТ «Магілёўсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- ^ Валянціна Доўнар. «Белсаюздрук» — заўсёды з Вамі // Кантакт. — 20 лістапада 2013. — № 1 (22).
- ^ Гісторыя (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронны зварот (рас.) // УП «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- Тэлефонны даведнік (рас.)
- Умовы набыцьця (рас.) // Інтэрнэт-крама «Белсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.
- Гандлёвыя кропкі (рас.)
- Падпіска (рас.) // ААТ «Магілёўсаюздрук», 2020 г. Праверана 6 чэрвеня 2020 г.