Антрапамарфізм
Антрапамарфі́зм (грэц.: ανθρωπος — чалавек, грэц.: μορφή — выгляд, форма) — прыпадабненьне чаго-небудзь да чалавека або перанос яго фізычных і інтэлектуальных уласьцівасьцей на жывёлаў, расьліны, рэчы і зьявы навакольнага сьвету.
Антрапамарфізм ўласьцівы данавуковаму сьветапогляду людзей, ён ляжыць у аснове амаль усіх рэліґій, якія прадстаўляюць багоў у чалавечым абліччы. Так, ва ўяўленьні людзей антычнасьці багі былі пераважна цалкам чалавекападобнымі істотамі, надзеленымі адносна нешматлікімі звышнатуральнымі якасьцямі: вечным жыцьцём, маладосьцю, мелі асаблівае месца «жыхарства», асаблівы рэжым харчаваньня, умелі зьмяняць аблічча і інш.
Антрапамарфізм быў глебай для старажытнай паэзіі і народнай творчасьці ў цэлым. Рысы антрапамарфізму праяўляюцца ў вобразным мысленьні, у сучасным мастацтве і літаратуры, напрыклад у байках, у казках, дзе часта розным жывёлам і рэчам прыпісваюцца чалавечыя ўласьцівасьці