Перайсьці да зьместу

OpenStreetMap

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «OSM»)
OpenStreetMap

Цэнтар Менску на OpenStreetMap
Слоган The Free Wiki World Map (Вольная мапа сьвету)
Тып картаграфія
Даступныя мовы некалькі моваў[d]
Уладальнік OpenStreetMap Community[1]
Аўтар Стыў Коўст
Пачатак працы 1 ліпеня 2004 году
Камэрцыйны? не
Рэгістрацыя Абавязковая для ўкладальнікаў
Актуальны стан Працуе
Рэйтынг Alexa 6938[2]
openstreetmap.org

OpenStreetMap (OSM) — супольны праект па стварэньні вольных рэдагуемых мапаў усяго сьвету.

Мапы ствараюцца на аснове зьвестак з GPS-навігатараў, аэра- і спадарожнікавых фатаздымкаў ці з уласнага досьведу. Як растравыя, гэтак і вэктарныя мапы OSM распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі Open Database License.[3]

OpenStreetMap натхнілі сайты кшталту Вікіпэдыі: кожны можа рэдагаваць зьвесткі, падтрымліваецца поўная гісторыя рэдагаваньняў. Зарэгістраваныя ўдзельнікі могуць загружаць GPS-трэкі і ствараць па іх мапы пры дапамозе розных прыстасаваньняў.[4]

Праект быў заснаваны Стывам Коўстам у ліпені 2004 году. У красавіку 2006 была створаная фундацыя, якая па сёньняшні дзень падтрымлівае стварэньне і распаўсюд вольных мапаў. У сьнежні 2006 году Yahoo! пацьвердзіла, што заўзятары праекту могуць выкарыстоўваць спадарожнікавыя мапы Yahoo! у якасьці падложкі падчас стварэньня мапаў OSM.[5]

У студзені 2008 году карыстальнікам была нададзеная магчымасьць загружаць мапы ў GPS-навігатары. У сакавіку таго ж году заснавальнікі абвясьцілі пра атрыманьне стартавага капіталу памерам €2,4 млн для CloudMade.[6]

Паводле зьвестак на жнівень 2008 году, у праекце было зарэгістравана болей за 50 000 удзельнікаў. У сакавіку 2009 — 100 000, а да канца 2009 году зарэгістравалася больш за 200 тысяч.[7]

Ня ўсе зарэгістраваныя ўдзельнікі робяць унёсак. На самой справе, большасьць зьвестак уносіцца меншасьцю ўдзельнікаў: з усіх, зарэгістраваных па стане на сакавік 2008 году ўдзельнікаў, прыкладна 10% рабілі ўнёсак кожны месяц.[8]

На пачатку праекту, першыя ўдзельнікі езьдзілі з GPS-навігатарамі і запісвалі каардынаты тых месцаў, дзе знаходзіліся. Гэтак першыя зьвесткі патраплялі ў базу зьвестак OpenStreetMap. Потым, калі зьявілісь першыя даступныя спадарожнікавыя здымкі, праца пайшла ўгору. Гэтаксама былі перададзеныя ўрадавыя матэрыялы: карты, схемы і гэтак далей.

Зараз, калі патрапляе вялікі аб’ём матэрыялу, адмысловая каманда ўдзельнікаў робіць зыходныя зьвесткі прыдатнымі да канвэртацыі і імпарту ў базу зьвестак праекту.

Некаторыя кампаніі дазволілі выкарыстаньне сваіх матэрыялаў на слушных умовах. Напрыклад, Automotive Navigation Data ахвяравала схему аўтамабільных дарог Нідэрляндаў, а таксама схему магістральных дарог Кітая і Індыі.

У сьнежні 2006 году Yahoo! пацьвердзіў права OpenStreetMap на выкарыстаньне спадарожнікавых здымкаў Зямлі для стварэньня мапаў OSM, у якасьці тла для абводкі. Карыстальнікі могуць ствараць уласныя вэктарныя мапы як вытворныя працы, якія распаўсюджваюцца на ўмовах вольных свабодных ліцэнзіяў.[5]

Структура зьвестак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

OpenStreetMap па сутнасьці — база зьвестак, якая зьмяшчае некалькі тыпаў запісаў:

  • Вузлы (анг. nodes) — пункты з дакладным геаграфічным месцазнаходжаньнем.
  • Шляхі (анг. ways) — сьпісы пунктаў, якія ствараюць ламаную ці шматкутнікі.
  • Адносіны (анг. relations) — групы пунктаў, шляхоў і іншых зносін, якім надаюцца розныя ўласьцівасьці.
  • Цэтлікі (анг. tags) — пары імя=значэньне, якія надаюцца вузлам, шляхам ці адносінам.
  1. ^ FAQ — OpenStreetMap
  2. ^ Alexa Internet (анг.) — 1996.
  3. ^ RWeait (12 September 2012) OpenStreetMap data license is ODbL v1.0. OSM Foundation. Праверана 5 November 2012 г.
  4. ^ Steve Coats in derStandard.at, 13 ліпеня 2009.  (ням.)
  5. ^ а б Yahoo! aerial imagery in OSM  (анг.)
  6. ^ We’re funded!, CloudMade Blog  (анг.)
  7. ^ Stats OpenStreetMap Wiki  (анг.)
  8. ^ We’re on a road to everywhere(недаступная спасылка), OpenGeoData Blog  (анг.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

OpenStreetMapсховішча мультымэдыйных матэрыялаў