Codemasters
Тып | Прыватная |
---|---|
Заснаваная | 1986 |
Уласьнікі | Electronic Arts[d] |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Ўорўікшыр, Вялікабрытанія |
Ключавыя фігуры | Рычард Дарлінг, Дэйвід Дарлінг, Джым Дарлінг, Аніль Амбані |
Галіна | Індустрыя кампутарных гульняў |
Прадукцыя | Кампутарныя гульні |
Лік супрацоўнікаў | 500[1] |
Матчына кампанія | Balderton Capital (50%) Reliance Entertainment (50%) |
Даччыныя кампаніі | Slightly Mad Studios[d] |
The Codemasters Software Company Limited або Codemasters (па-беларуску: майстры коду; ранейшая назва Code Masters) — брытанскі распрацоўнік кампутарных гульняў, заснаваны братамі Дэйвідам і Рычардам Дарлінгамі ў 1986 року. Codemasters — адна з найстарэйшых брытанскіх гульнявых студыяў. У 2005 часопіс «Develop» назваў яе найлепшай незалежнай распрацоўніцай гульняў[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснаваная ў 1986 Рычардам і Дэйвідам Дарлінгамі (апошні меў ужо досьвед працы ў Mastertronic). Кампанія занялася выданьнем гульняў для плятформы ZX Spectrum, якая ў той час актыўна заваёўвала рынкі. Гульні выходзілі таксама для Commodore 64, Commodore 16, BBC Micro, Acorn Electron, Amstrad CPC, Atari 8-bit, Commodore Amiga і Atari ST.
Вялікую дзелю гульняў на ZX Spectrum складалі экшэны, якія патрабавалі ад гульца разьвязаньня ламанінаў шляхам камбінаваньня разнастайных прадметаў. Прыкладам пасьпяховае сэрыі такіх гульняў служыць «Dizzy». Codemasters таксама вядомыя выданьнем вялікае сэрыі сымулятараў, найбольш спартовых.
Пасьля таго, як рынак 8-бітных кампутараў пачаў занепадаць, Codemasters занялася распрацоўкай для 8-бітных і 16-бітных кансоляў, адначасна адмаўляючыся ад продажу малабюджэтных гульняў на карысьць гульняў па поўным кошце. Так, у 1993 пабачыла сьвет апошняя гульня сэрыі «Dizzy» па нізкім кошце — «Crystal Kingdom Dizzy». Наступная гульня, «Fantastic Dizzy», выйшла ўжо па поўным кошце.
Вялікі посьпех на кансолі Sega Mega Drive мелі сэрыі гульняў «Micro Machines» і «Pete Sampras Tennis».
У 1999 Codemasters зрабілі спробу замацавацца на амэрыканскім рынку, адкрыўшы новую студыю ў Оўкхэрсьце ў былых памяшканьнях Sierra і наняўшы туды звольненых супрацоўнікаў Yosemite Entertainment.
На плятформах пазьнейшых пакаленьняў Codemasters працягнулі выпуск вядомых сэрыяў гульняў, такіх як «TOCA Touring Car», «Colin McRae Rally», «Brian Lara Cricket» і «Operation Flashpoint».
У 2007 Codemasters запусьцілі ў Эўропе масавую шматасобавую он-лайнавую ролевую гульню «The Lord of the Rings Online: Shadows of Angmar». У чэрвені таго ж року кампанія была прададзеная венчурнай групе Balderton Capital[3], пасьля чаго лягатып быў зьменены на счэпленыя мэталічныя літары C і M.
25 красавіка 2008 Codemasters набылі студыю Sega Racing Studio[4]. 5 красавіка 2010 50% акцыяў Codemasters набыла індыйская кампанія Reliance Big Entertainment[5].
Пазьней у тым самым року Codemasters запусьціла бясплатную вэрсію «Lord of the Rings Online».
Студыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Codemasters Southam, асноўная студыя і штаб-кватэра кампаніі.
- Sega Racing Studio, набытая ў SEGA.
- Codemasters Birmingham, набытая ў Swordfish Studios у лістападзе 2008[6].
- Codemasters Studio Sdn Bhd у Куала Лумпур (Маляйзія), заснаваная ў верасьні 2006.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ About (анг.). Codemasters. Праверана 18 сьнежня 2012 г.
- ^ Codemasters ‘on top of the world’ as top 100 games developers league is revealed. (анг.). Games Industry International (6 May 2005). Праверана 18 сьнежня 2012 г.
- ^ Balderton Capital buys out founders of Codemasters, company receives£50m funding from Goldman Sachs. (анг.) MCV Праверана 18 сьнежня 2012 г.
- ^ Ryan Geddes. (25 красавіка 2008) Codemasters Buys SEGA Racing Studio (анг.). IGN. Праверана 18 сьнежня 2012 г.
- ^ Hinkle, David (5 April 2010) Reliance Big Entertainment acquires 50% stake in Codemasters (анг.). Joystiq. Праверана 18 сьнежня 2012 г.
- ^ Crossley, Rob (14 November 2008) Codemasters Acquires Swordfish Birmingham (анг.). Edge Magazine. Праверана 18 сьнежня 2012 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная бачына (анг.)
- Codemasters(недаступная спасылка) (анг.) на Open Directory Project
- Codemasters (анг.) на World of Spectrum
|