Яўгенія Мальчэўская
Яўгенія Мальчэўская | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 25 жніўня 1949
|
Памерла | 18 студзеня 2008 (58 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца, паэтка |
Яўгенія Мальчэўская (сапраўднае імя Яўгенія Еўдакімаўна Крыжаноўская; 25 жніўня 1949 — студзень 2008) — беларуская настаўніца і паэтка.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў вёсцы Замошша Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Вучылася спачатку ў Замоскай пачатковай школе, потым у Заслонаўскай сярэдняй школе. Пасьля паступіла ў Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасьці (1965), пасьля заканчэньня якога (1969) атрымала спэцыяльнасьць тэхніка-тэхноляга і працавала прэсаўшчыцай-вульканізатаркай на Бабруйскім заводзе гумавых вырабаў. У 1970 годзе прызначана карэктаркай рэдакцыі бабруйскай аб’яднанай газэты «Камуніст», у 1972—1973 гадах — супрацоўнік рэдакцыі Чашніцкай раённай газэты «Чырвоны прамень», у 1973—1978 гадах вучылася на беларускім аддзяленьні філялягічнага факультэту БДУ. Пасьля яго заканчэньня накіравана на працу ў Раванічы, дзе выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру. У 1980 годзе пераехала з мужам на Віцебшчыну і працавала ў школе працоўнай моладзі. З 1987 году выкладала беларускую мову ў школе Талачына, з 1989 году — у школе Віцебску.
24 студзеня 2008 году была знойдзеная мёртвай у сваёй кватэры ў Віцебску з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці[1].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя вершы «Залатая мяцеліца», «Серабрыліся ля хат таполі…» і іншыя зьявіліся ў 1969 годзе ў газэце «Магілёўская праўда». Затым яе вершы зьмяшчаліся ў калектыўных зборніках «Вёсны», «Нашчадкі», «Любі будзённы дзень», «Дзень добры, мама», «Дзень паэзіі», у раённым, абласным, рэспубліканскім друку. Аўтарка паэтычнага цыклю «Сьвятло асеньняе зярнят» (у зборніку «Нашчадкі», зборніка «Залежнасьць». Асноўнае ў яе вершах — любоў да Радзімы, яе народа. Пачуцьці каханьня, сяброўства, узаемаадносіны паміж людзьмі, іх заклапочанасьць праблемамі сучаснасьці. Зьяўляецца аўтаркай апавяданьняў «Мачаха», «Яраслаўна».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У Віцебску забілі паэтку і журналістку Яўгенію Мальчэўскую // «Наша Ніва», 24 студзеня 2008