Ян ад Крыжа
Ян ад Крыжа | |
Дата нараджэньня | 24 чэрвеня 1542[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 14 сьнежня 1591[2][3][4][…] (49 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | стрэптакокавая інфэкцыя[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | пісьменьнік, паэт, каталіцкі сьвятар |
Жанры | паэзія |
Ян ад Крыжа (па-гішпанску Juan de la Cruz, сапраўднае імя Хуа́н дэ Е́пэс А́льварэс, па-гішпанску Juan de Yepes Álvarez) (24 чэрвеня 1542 - 14 сьнежня 1591) — каталіцкі сьвятар, сьвяты, манах ордэну кармэлітаў, адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў гішпанскай хрысьціянскай містыкі.
Нарадзіўся ў сям'і гандляра шоўкам Гансала дэ Епэса і Каталіны Альварэс. Зь сямнаццаці год працаваў у шпіталі, паралельна з гэтым вучыўся ў езуіцкім каледжы. У дваццаць адзін год стаўся манахам ордэну кармэлітаў, дзе прыняў імя брат Ян ад сьвятога Мація. Працягнуў багаслоўскую адукацыю ва Ўнівэрсітэце Саламанкі. Яшчэ ня скончыўшы навучаньне, пачаў ужо і сам выкладаць. Рукаўскладзены ў сьвятара ў 1567. У тым жа годзе пазнаёміўся са сьвятою Тэрэзаю ад Езуса, рэфарматаркаю жаночае часткі ордэну, і натхніўся ейнымі ідэямі.
У лістападзе 1568 разам з яшчэ трыма манахамі ордэну ён заснаваў маленькую манаскую супольнасьць, якая ў хуткім часе атрымала празваньне «басаногія кармэліты», бо яны сапраўды не насілі абутку і жылі ў асаблівае беднасьці. У той час сьв. Ян і зьмяніў імя на тое, пад якім мы ведаем яго сёньня — Хуан дэ ла Крус, Ян ад Крыжа. Рэформы Тэрэзы сустрэлі супраціўленьне старой часткі ордэну, «абутых кармэлітаў». У 1576 яны арыштавалі сьв. Яна і пэўны час трымалі яго ў маленькай келейцы аднога са сваіх кляштароў, але ён здолеў уцячы на поўдзень Гішпаніі, да сваіх аднадумцаў. Супрацьстаяньне скончылася ў 1580, калі Папа надаў басаногім кармэлітам пэўную незалежнасьць ад абутых.
Памёр сьв. Ян 14 сьнежня 1591. У 1726 ён быў кананізаваны, а ў 1926 абвешчаны настаўнікам Царквы.
Літаратурныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьв. Ян ад Крыжа пакінуў пасьля сябе больш як 2000 вершаў і тры багаслоўскія трактаты, найбольш вядомы зь якіх — Узыходжаньне на гару Кармэль. Ягонае творчасьць грае вялікую ролю ў разьвіцьці гішпанскае літаратуры.
Найважнейшыя творы:
- Узыходжаньне на гару Кармэль (Subida del monte Carmelo)
- Цёмная ноч душы (Oscura noche del alma)
- Духоўны гімн (Cantico espiritual)
- Жывое полымя любові (Llama de amor viva)
- ^ BeWeB
- ^ St. John of the Cross // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Johannes vom Kreuz // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ John of the Cross // GCatholic.org — 1997.