Як валодаеце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

«Як валодаеце» (лац. Uti possidetis, трансьліт. Уці посідэціс) — прынцып права датычна часовага карыстаньня маёмасьцю асобамі ў прыватным праве і пастаяннага валоданьня землямі з боку дзяржаваў у міжнародным праве, што грунтуецца на папярэднім завалоданьні.

Паходзіць з правіла «як валодаеце, то валодайце» ў прыватным праве Рымскай рэспублікі. У міжнародным праве падзялілася на «як валодаеце па праве» і «насамрэч». Апошняе выкарыстоўваецца для вызначэньня межаў пасьля вайны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эдыкты прэтараў Рымскай рэспублікі аб прыватнай маёмасьці адрозьнівалі ўласнасьць ад валоданьня. Рымскія магістраты выкарыстоўвалі правіла «як валодаеце, то валодайце» датычна часовага валоданьня рэчамі, дасягнутага бяз гвалту і махлярства. Суды ж вырашалі пытаньні ўласнасьці[1]. «Як валодаеце па праве» прымянялі, каб пазьбегнуць «нічыйнай зямлі», што не належыць ні да чыёй маёмасьці[2]. Праз пару стагодзьдзяў (пасьля падзеньня Старажытнага Рыму) гэтае рымскае правіла запазычылі ў законы вайны, і яно стала разглядацца як «існы пасьля вайны стан» датычна валоданьня заваяваныя землямі[3]. У Сярэднявеччы сталі прымяняць «як валодаеце насамрэч», бо падзел земляў адбываўся спосабам, адпаведным падзелу прыватнай маёмасьці. 4 траўня 1493 году рымскі папа Аляксандар VI выдаў булу аб адпаведным падзеле земляў між Гішпаніяй і Партугаліяй. У выніку ў адрозьненьне ад прыватнага права ў міжнародным праве правіла замест часовага валоданьня стала абазначаць пастаянны прававы стан земляў дзяржавы. У 1820-я гады дзяржавы Лацінскай Амэрыкі, што ўтварыліся ў выніку войнаў за незалежнасьць ад Гішпаніі, пакінулі між сабой былыя межы калёніяў паводле правіла «як валодаеце па праве». У выніку ўдалося пазьбегнуць утварэньня «нічыйных земляў», што служыла падставай для далейшага неўмяшаньня дзяржаваў Эўропы ў іх унутраныя справы. Пасьля 2-й сусьветнай вайны гэтае прывіла выкарыстоўвалася пры дэкалянізацыі ў Акіяніі, Азіі і Афрыцы ды на Антыльскіх астравах. У 1980—1990-я гады гэтага правіла трымаліся пры распадзе СССР і Югаславіі[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Энвэр Хасані. «Як валодаеце па праве»: ад Рыму да Косава (анг.) = Uti possidetis juris: from Rome to Kosovo // Флечэраўскі форум міжнародных справаў : часопіс. — Лета-восень 2003. — С. 85-94. — ISSN 1046-1868.
  2. ^ Разуменьне «як валодаеце па праве» і як яно працуе ў Заходнім Папуа(анг.) // Пра Заходняе Папуа, 20 студзеня 2018 г. Праверана 5 верасьня 2019 г.
  3. ^ Фархад Мірзаеў. 2.1.1 Рымскія карані // «Як валодаеце» супраць самавызначэньня: урокі пасьлясавецкай практыкі = Uti possidetis versus self-determination: the lessons of the post-Soviet practice. — Лестэр: Лестэрскі ўнівэрсытэт, 2014. — С. 31. — 318 с.