Юры Каралевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Каралевіч
Дата нараджэньня 26 красавіка 1955(1955-04-26) (68 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак маляр
Месца працы
Жанры манументальна-дэкаратыўнае мастацтва[d] і станковы жывапіс[d]

Ю́ры Мікала́евіч Карале́віч (нар. 26 красавіка 1955, Менск) — беларускі мастак і выкладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Менскую мастацкую вучэльню ў 1975 годзе. У 1981 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) па спэцыяльнасьці «Манумэнтальна-дэкаратыўнае мастацтва». Ад 1983 да 1999 працаваў на Менскім мастацка-вытворчым камбінаце. Ад 1999 году да 2001 году дэкан мастацкага факультэту Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, потым дацэнт катэдры манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва[1]. Працуе ў манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве і станковым жывапісе. Творы вызначаюцца геамэтрызаванасьцю кампазыцый, строгай лінеарнасьцю формаў, яркай дэкаратыўнай колеравай гамай[2]. Сярод манумэнтальных работ: вітражы для Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў (Гомельская вобласьць, 1982—1983 год), вітражы ў Навукова-дасьледчым інстытуце мэліярацыі і воднай гаспадаркі (Менск, 1984); будынку райвыканкому гораду Глыбокага Віцебскай вобласьці (вітражы, 1985). У 1990 годзе выканаў сграфіта для аблвыканкаму ў Віцебску; мазаіку вітраж ды сграфіта для Рэспубліканскай спартовай школы алімпійскага рэзэрву, афармленьне станцыі мэтро «Першамайская» ў Менску. Ад 1990 году займаецца актыўнай творчай дзейнасьцю. Аўтар станковых карцін «Раніца» (1985), «Полымя Т. Касьцюшкі» (1996), «Зімовая казка» (1997) і інш. У 1993 стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. У 2001—2002 напісаў партрэты кампазытараў у Канцэртнай залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У 2003 годзе выканаў партрэты рэктараў у Залі паседжаньняў БДЭУ. У 2008 годзе аформіў фасад Міжнароднага дзяражаўнага экалягічнага ўнівэрсытэту імя А. Д. Сахарава росьпісам «Зялёная плянэта». Удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаўках. Праводзіў пэрсанальныя выстаўкі ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Ад пачатку 2000 гадоў стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асобаў Беларусі — Рагвалода, Міндоўга, Гедыміна, Альгерда, Тадэвуша Касьцюшкі і іншых[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Каралевіч Юрый Мікалаевіч. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Праверана 1 ліпеня 2018 г.
  2. ^ Каралевіч Юрый Мікалаевіч // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 49
  3. ^ Юля Кашпорава (28 кастрычніка 2011) Гедымін і Касцюшка вачыма мастака Юры Каралевіча. Твой Стыль.