Энвэр Галім
| Энвэр Галім | |
| Ənwər Ğalim, Әнвәр Галим | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Псэўданімы | Мусабай |
| Нарадзіўся | 15 сакавіка 1915 |
| Памёр | 2 сакавіка 1988 |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | журналіст, перакладнік |
| Мовы | татарская, расейская, ангельская |
| Значныя творы | Біблія па-татарску |
Энвэр Галім (па-татарску: Ənwər Ğalim, Әнвәр Галим; 15 сакавіка 1915, Казань, Расейская імпэрыя — 2 сакавіка 1988, Нью-Ёрк, ЗША[1]) — татарскі пісьменьнік і журналіст, адзін зь перакладнікаў Бібліі на татарскую мову.
У 1938 року Энвэр Галім скончыў Інстытут татарскай мовы і літаратуры, пасьля чаго працаваў школьным настаўнікам і журналістам. У 1941 трапіў у войска, ваяваў з нацыстамі. Моцна паранены, трапіў у нямецкі палон. Знаходзячыся ў лягеры для ваеннапалонных, пачаў пісаць артыкулы для газэты «Ідэль-Урал», якая выдавалася для татарскіх легіянэраў. Пасьля вызваленьня збаяўся вяртацца ў СССР, а каб пазьбегнуць дэпартацыі, прыняў турэцкае грамадзянства і зьмяніў імя на Энвэр Галімаглу.
Па вайне працягнуў журналісцкую кар’еру, пісаў артыкулы для часопіса татарскіх эмігрантаў «Азад Ватан» (бел. Вольная Радзіма). У 1953—1988 працаваў радыёжурналістам у татарска-башкірскай службе Радыё «Свабода» (з 1968 — нью-ёрцкі карэспандэнт). У ЗША далучыўся да Рэспубліканскае партыі, актыўна ўдзельнічаў у палітычных мерапрыемствах.
Вольна валодаў татарскай, расейскай, нямецкай, турэцкай і ангельскай мовамі. Адным зь ягоных найзначнейшых твораў стаў пераклад Бібліі на татарскую мову.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Person Details for Enver Galim, «United States Social Security Death Index» (анг.) FamilySearch.org Праверана 28 сакавіка 2016 г.