Перайсьці да зьместу

Эмі Кармайкл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эмі Кармайкл
Amy Wilson Carmichael
Эмі Кармайкл у Індыі зь дзецьмі
Дата нараджэньня 16 сьнежня 1867
Месца нараджэньня Мілайл, Даўн
Дата сьмерці 18 студзеня 1951 (83 гады)
Месца сьмерці Дагнавур, Тамілнад
Месца пахаваньня
Занятак місіянэрка, пісьменьніца
Навуковая сфэра місіянэр[d] і хрысьціянская місія[d][1]

Эмі Ўілсан Кармайкл (па-ангельску: Amy Wilson Carmichael; 16 сьнежня 1867, Мілайл, графства Даўн, Ірляндыя — 18 студзеня 1951, Дагнавур, штат Тамілнад, Індыя) — пратэстанцкая місіянэрка ў Індыі, заснавальніца дзіцячага прытулку і хрысьціянскае місіі ў Дагнавуры. Працавала ў Індыі без адпачынку 55 гадоў і напісала мноства кніг пра місіянэрскую працу.

Эмі Ўілсан нарадзілася ў вёсачцы Мілайл у сям’і Дэвіда і Кэтрын Кармайклаў, пабожных прэсьбітэрыянаў. Эмі была найстарэйшай зь сямі дзяцей у сям’і. Бацька памёр, калі ёй споўнілася 18 гадоў.

У сярэдзіне 1880-х Эмі Кармайкл пачала ў Бэлфасьце нядзельныя заняткі для «шальных» дзяўчат з млына, якіх так называлі за тое, што яны насілі шаль замест капелюшоў. Сьпярша заняткі ладзіліся ў залі прэсьбітэрыянскае царквы на вуліцы Розмары, аднак хутка колькасьць наведнікаў так узрасла, што спатрэбілася значна большае памяшканьне. Дзякуючы грашовым ахвяраваньням Эмі Кармайкл у 1877 здолела збудаваць на падораным адным з млынароў надзеле першую «Вітальную залю». Адсюль пачалася гісторыя бэлфасцкай Вітальнай эвангельскай царквы.

На Кесўіцкай канфэрэнцыі(en) 1887 року Эмі Кармайкл пачула расповед Гадсана Тэйлара, заснавальніка Кантынэнтальнае місіі ў Кітаі, пра місіянэрскае жыцьцё. Неўзабаве яна адчула пакліканьне да місіянэрскае працы, хоць па здароўі яна была непадыходзячым кандыдатам для гэтага: Эмі хварэла на нэўралгію, ад якой усё ейнае цела было слабым і хваравітым, з-за чаго яна часьцяком тыднямі не ўставала з ложку. Кармайкл усё ж запісалася ў Кантынэнтальную місію і пераехала ў Лёндан, дзе жыла на падрыхтоўчай базе для жанчын. Тут яна пазнаёмілася з аўтаркай і місіянэркай у Кітаі Мэры Джэральдынай Гінэс, якая заахвоціла Эмі Ўілсан да працягу місіянэрскае дзейнасьці. У адзін момант Кармайкл ужо была гатовая выправіцца ў Азію, аднак з-за стану здароўя была прызнаная непрыдатнай для гэтай працы.

Пазьней Эмі Кармайкл далучылася да Царкоўнага місіянэрскага таварыства. У складзе місіі яна правяла 15 месяцаў у Японіі, пасьля кароткі час працавала на Цэйлёне (Шры-Ланка). Пасьля гэтага яна трапіла ў Індыю, дзе і засталася на ўсё жыцьцё. У той час там была распаўсюджаная такая зьява, як «храмавыя дзеці»: дзяўчынак у малым узросьце аддавалі ў індуісцкія храмы дзеля служэньня багам і занятку прастытуцыяй, каб зарабляць грошы сьвятарам. Эмі Кармайкл у асноўным працавала зь маладымі дзяўчынамі, некаторых зь якіх атрымалася ўратаваць ад вымушанай прастытуцыі. Яна заснавала арганізацыю, вядомую як Дагнавурскае братэрства, якое служыла сховішчам для больш як тысячы дзяцей. Эмі Кармайкл часта згадвала, што ейнае апекаваньне храмавымі дзецьмі пачалося з выратаваньня дзяўчынкі па імі Прына, якая ў малым узросьце была аддадзеная супраць ейнае волі ў індуісцкі храм. Пры магчымасьці Прына ўцякла і зьвярнулася да Эмі, якая прадаставіла ёй сховішча і супрацьстаяла пагрозам мясцовых жыхароў, якія патрабавалі выдачы дзяўчынкі. З павелічэньнем колькасьці падобных выпадкаў і зьявілася гэтае служэньне[2].

Паважаючы індыйскія звычаі, чальцы ейнае арганізацыі насілі індыйскую вопратку, а дзецям давалі індыйскія імёны. Сама Эмі Кармайкл да таго ж афарбавала скуру кавай, каб быць болей падобнай да індыянак.

Эмі Кармайкл таксама была пладатворнай пісьменьніцай і паэткай. З пад ейнага пяра выйшлі 35 кнігаў.

У 1932 року Кармайкл моцна пабілася, упаўшы, і да сьмерці засталася прыкаванай да ложку. Памерла ў 83-гадовым узросьце. Перад сьмерцю прасіла, каб на ейнай магіле ня ставілі камянёў; замест гэтага дзеці, якімі яна апекавалася, паставілі на месцы пахаваньня Эмі Ўілсан паілку для птушак з адзіным словам «Ама» (па-тамільску маці).

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Robin Phillips. (16 траўня 2010) Amy Carmichael: Rescuer of Children (анг.). Alfred the Great Society. Праверана 13 кастрычніка 2013 г.
  • Elliot, Elisabeth, A Chance to Die: the Life and Legacy of Amy Carmichael. Grand Rapids, MI: Fleming H. Revell Company, 1987. ISBN 978-0800730895
  • Wellman, Sam, Amy Carmichael: A Life Abandoned to God. Barbour Publishing, 1998
  • Bingham, Derick, The Wild-Bird Child: A Life of Amy Carmichael. Ambassador-Emerald International (2004) ISBN 1-84030-144-9, ISBN 978-1-84030-144-1
  • Benge, Janet and Geoff Amy Carmichael: Rescuer of Precious Gems. YWAM Publishing 1998

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эмі Кармайклсховішча мультымэдыйных матэрыялаў