Чатыры праскія артыкулы
Чаты́ры пра́скія арты́кулы — збор фундамэнтальных прынцыпаў гусіцкай палітычнай і рэлігійнай праграмы, укладзены на багаслоўскім факультэце Праскага ўнівэрсытэту падчас дыспутаў 1417—1420 рокаў. 3 красавіка 1420 року былі ўхваленыя пражанамі і 27 траўня ўнесеныя ў маніфэст супраць караля Жыгімонта Люксэмбурскага[1].
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каб Слова Божае па Чэскім каралеўстве свабодна і безь перашкодаў хрысьціянскімі сьвятарамі прапаведавалася і распаўсюджвалася;
За адкрытую пропаведзь Бібліі пазбавіўся жыцьця Ян Гус. Артыкул падкрэсьлівае, што ніхто ня мусіць замінаць абвяшчаць Слова Божае прызначанаму афіцыйна сьвятару. Пункт не распаўсюджваецца на бадзяжных і нявысьвячаных сьвятароў.
- Прыняцьце Эўхарыстыі пад дзьвюмя постацямі(cs).
Выкананьне запісаных у Дабравесьці паводле Яна (Ян 6:53—54) Ісусавых словаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе. Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень». Ад налітага ў чашу віна паходзіць назва гусіцкай галіны «чашнікаў»);
- Забарона сьвятарам займаць сьвецкія пасады.
Джон Ўікліф навучаў, што калі царква ня можа самастойна выконваць сваю першапачатковую місію, дапамогу ёй павінны аказаць сьвецкія ўладары — вядома, у адпаведнасьці з Божым Словам.
Таксама вынікае з Ўікліфавага вучэньня. Заснаваны на тэзе, што галавою Царквы зьяўляецца Ісус Хрыстос, а ня Папа рымскі, і таму толькі ён вырашае, хто будзе збаўлены, а хто не. Паколькі ўсе роўныя перад Богам (а ня Папам), дык і перад сьвецкім законам таксама ўсе роўныя.
Значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праскія артыкулы, заснаваныя на вучэньні Яна Гуса, былі накіраваныя на рэфармаваньне каталіцкай царквы ў Багеміі, населенай пераважна чэхамі, на пазбаўленьне кантраляванай рымскімі папамі чэскай царквы эканамічнай і сьвецкай магутнасьці, на зацьвярджэньне свабоды веравызнаньня.
На Часлаўскім сойме(cs) артыкулы былі абвешчаныя дзяржаўным законам і сталі асноўнай праграмай гусіцкага руху. Аднак практычнай рэалізацыі іх дабіцца не атрымалася. Розныя плыні гусітаў трактавалі артыкулы па-свойму; утраквісты зьвярталі ўвагу пераважна на камунію пад дзьвюмя постацямі, свабоду пропаведзі нацыянальнымі мовамі і ўдзел сьвецкіх асобаў у выбары духоўных герархаў; радыкалы ж трымаліся ўсіх пунктаў даслоўна. Чэская шляхта ў сваіх адозвах абмінала пункт пра публічнае асуджэньне сьмяротных грахоў; ні каталіцкія, ні ўтраквісцкія сьвятары не хацелі пазбаўляцца сьвецкіх уплываў.
Гэта прывяло да розных тлумачэньняў Сьвятога Пісьма, поўных зьменаў ва ўчыненьні рытуалаў, зьяўленьня розных плыняў і рэлігійных дэнамінацыяў унутры гусіцкага руху, такіх як адаміты, чэскія браты, арэбіты, сіроткі, табарыты. У жніўні 1420 року табарыцкія сьвятары праз рознагалосьсі сышлі з Прагі. Пражане прынялі архібіскупам каталіка Конрада з Вэхты, а табарыцкія сьвятары абралі біскупам Мікулаша з Пэлгржымава(cs). Такім чынам разрыў табарытаў з Рымам аформіўся і фактычна. Грунтуючыся на Чатырох артыкулах, табарыцкі бок разграміў сэкты пікартаў ды адамітаў.
З чатырох пунктаў пасьля ўпартых перамоваў гусіцкіх прадстаўнікоў з Базэльскім саборам(de) урэшце быў прыняты толькі адзін пункт пра магчымасьць прыняцьця эўхарыстыі з келіху, што было прапісана ў так званых «Праскіх кампактах(cs)» (1436).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гус, Ян // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1890—1907 Т. IXа Гравилат—Давенант. — С. 929—934.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Palacký., František Dějiny národu českého v Čechách a v Moravě. — Praha: 1921. — 551 с.
- Kejř., Jiří Husité. — Praha: Panorama, 1984. — 265 с.
- Kejř., Jiří Z počátků české reformace. — Brno: L. Marek, 2006. — 271 с. — ISBN 80-86263-81-9
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |
- Чатыры праскія артыкулы (чэс.)