Футбольная вайна
Футбольная вайна | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
* Сальвадор | |||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Фідэль Санчэс Эрнандэс | Асвальда Лёпэс Арэльяна | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
|
| ||||||||||
Страты | |||||||||||
| 2100 чалавек | ||||||||||
Футбо́льная вайна́ (па-гішпанску: La guerra del fútbol) альбо Стогадзі́нная вайна́ — збройны канфлікт між Сальвадорам і Гандурасам у 1969. Напружаньне між дзьвюма дзяржавамі супала з забурэньнямі ў адборачным турніры чэмпіянату сьвету па футболе 1970 року[1]. Вайна пачалася 14 ліпеня 1969 нападам сальвадорскага войска. 18 ліпеня Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў (ААД) дабілася замірэньня (адсюль другая назва «100-гадзінная вайна»), якое пачалося 20 ліпеня. У пачатку жніўня сальвадорскае войска вярнулася на ранейшыя пазыцыі.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прычыны «футбольнай вайны» значна глыбейшыя, чымся простае процістаяньне заўзятараў. Плошча Гандураса у пяць разоў большая за Сальвадор, але ў 1969 року насельніцтва Сальвадору (3,7 млн чал) было на 40% большым за насельніцтва Гандурасу (2,6 млн). З пачатку XX стагодзьдзя сальвадорцы пачалі міграваць у Гандурас, і паводле стану на 1969 там жыло больш за 300 000 сальвадорцаў, што складала больш за 10% усяго насельніцтва. Яны самавольна засялялі і абраблялі зямлю, чаму працівіліся буйныя земляўласьнікі і карпарацыі.
У 1962 року ў Гандурасе быў прыняты закон пра зямельную рэформу, які даў права ўладам адбіраць незаконна занятую сальвадорскімі імігрантамі зямлю і перадаваць яе карэнным гандурасцам. Тысячы сальвадорскіх працаўнікоў вымушаныя былі пакінуць Гандурас, што ў выніку і спрычынілася да выбуху канфлікту.
У чэрвені 1969 року зборныя Гандурасу і Сальвадору сустрэліся ў двухматчавай кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету па футболе. У першай гульні ў сталіцы Гандурасу Тэгусыгальпе фанаты пабіліся між сабой. Пасьля другой гульні ў Сан-Сальвадоры адбылася яшчэ горшая бойка. 27 чэрвеня ў Мэхіка быў прызначаны матч на вылет, у якім Сальвадор перамог 3:2 у дадатковы час. Адразу пасьля гэтага Сальвадор разарваў дыпляматычныя стасункі з Гандурасам, паведаміўшы, што за апошнія 10 дзён, што мінулі з часу гульні ў Сан-Сальвадоры, Гандурас выгнаў 11 700 сальвадорцаў.
Хада вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Удзень 14 ліпеня 1969 року Вайскова-паветраныя сілы Сальвадору, скарыстаўшыся цывільнымі самалётамі з прымацаванымі выбуховымі прыладамі, пачалі бамбаваньне Гандурасу, а армія пачала наступ па двух аўтамагістралях між дзяржавамі і хутка падышла да Тэгусыгальпы, аднак далей наступ запаволіўся.
У адказ гандураская авіяцыя 16 ліпеня нанесла авіяўдар па авіябазе Іляпанга і нафтабазах Сальвадору. 17 ліпеня адбыліся паветраныя бітвы, прычым абодва бакі ваявалі летакамі ЗША часоў Другой сусьветнай вайны. Футбольная вайна стала апошнім канфліктам у гісторыі авіяцыі, дзе з абодвух бакоў змагаліся самалёты з рухавікамі ўнутранага спальваньня.
Калі сальвадорская армія падышла да Тэгусыгальпы, гандураскі ўрад зьвярнуўся па дапамогу ў разьвязаньні канфлікту да Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў. 18 ліпеня адбылося надзвычайнае паседжаньне ААД, якое заклікала Сальвадор неадкладна спыніць баявыя дзеі і вывесьці войскі. Поўнае спыненьне вагню пачалося 20 ліпеня, аднак далейшыя ўмовы Сальвадор пагаджаўся выканаць толькі пасьля сплаты Гандурасам рэпарацыяў за напады на сальвадорскіх грамадзянаў і гарантыяў бясьпекі для тых сальвадорцаў, што застаюцца ў Гандурасе. Пад ціскам ААД Сальвадор пачаў вывад войскаў 2 жніўня. Фактычна баявыя дзеяньні цягнуліся 4 дні, але да мірнага ўрэгуляваньня мінула яшчэ больш за дэкаду.
Гандураскі ўрад паабяцаў прэзыдэнту Сальвадору Фідэлю Санчэсу Эрнандэсу, што гарантуе бясьпеку ўсім сальвадорцам, якія пражываюць у Гандурасе, аднак сплачваць рэпарацыі адмовіўся.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абодва бакі зазналі вялікія страты. Былі перамешчаныя каля 300 000 сальвадорцаў; мноства зь іх былі выгнаныя з Гандурасу ў Сальвадор, які зусім іх не вітаў. Усе сальвадорцы, што вярнуліся на радзіму цягам некалькіх наступных гадоў, таксама аказаліся ў галечы і перанаселеных мясьцінах.
Між забітых 900 сальвадорцаў большасьць склалі цывільныя жыхары. Гандурас страціў 250 вайскоўцаў і больш за 2000 мірных грамадзянаў. Паколькі большая частка вайсковых дзеяньняў адбывалася на гандураскай зямлі, тысячы людзей пазбавіліся жытла.
Эканоміку абодвух краінаў падкасіў разрыў эканамічных стасункаў і перакрыцьцё мяжы. Сыстэма цэнтральнаамэрыканскай інтэграцыі была прыпыненая на 22 гады.
Пасьля выбараў у абодвух краінах узрасла вага вайскоўцаў у палітыцы, што прыпыніла працэс дэмакратызацыі, назіраны ў 1960-х роках.
У Сальвадоры з прыбыцьцём уцекачоў пагоршала сацыяльная сытуацыя, што стала адной з прычынаў грамадзянскай вайны 1979—1992 рокаў, якая забрала жыцьці ад 70 да 80 тысячаў асобаў.
30 кастрычніка 1980, праз 11 гадоў па сканчэньні Футбольнай вайны Гандурас і Сальвадор падпісалі ў Ліме (Пэру) мірную дамову, дзе таксама дамовіліся вырашыць пагранічную спрэчку ў затоцы Фансэка і ў пяці пунктах наземнай граніцы праз Міжнародны Суд ААН. У 1992 року Суд большасьць спрэчнай тэрыторыі прызнаў за Гандурасам, і ў 1998 краіны падпісалі ўмовы пра дэмаркацыю мяжы на гэтых умовах. Аднак і пасьля гэтага працягнулася спрэчка за астравы ў Фансэцы. У 2012 року прэзыдэнты Гандурасу Парфірыё Лёба, Гватэмалы Ота Пэрэс Маліна і Нікарагуа Даніель Артэга дамовіліся прызнаць затоку Фансэку мірнай тэрыторыяй, аднак прадстаўнікоў Сальвадору на гэтай сустрэчы не было.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Luckhurst, Toby (27 чэрвеня 2019) Honduras v El Salvador: The football match that kicked off a war (анг.) BBC News. BBC. Праверана 5 студзеня 2024 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Armstrong, Robert and Janet Shenk. (1982). El Salvador: The Face of a Revolution. Boston: South End Press. ISBN 9780861043774
- Diamond, Jared. (2012). The World Until Yesterday. New York: Viking. ISBN 9780713998986
- Durham, William H. (1979). Scarcity and Survival in Central America: Ecological Origins of the Football War. Stanford: Stanford University Press.
- Kapuscinski, Ryszard. (1990). The Soccer War. Translated by William Brand. London: Granta Books.
- Skidmore, T., and Smith, P. (2001). Modern Latin America (5th ed.). New York: Oxford University Press.
- Walzer, Michael. (1977). Just and Unjust Wars. New York: Basic Books.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- „Футбольная вайна“ паміж Сальвадорам і Гандурасам
- Звышпроста: футбольная вайна на YouTube
- Футбольная вайна 1969 (анг.)
- Наземная, астраўная і марская спрэчка (анг.). Разгляд справы ў Міжнародным судзе ААН