Фолк-мэтал
Фолк-мэтал | |
Стылістычнае паходжаньне | мэтал, этнічная музыка |
---|---|
Паходжаньне | Пачатак 1990-х, Вялікабрытанія |
Тыповыя інструмэнты | сумесь традыцыйных для мэталу й народных інструмэнтаў |
Папулярнасьць | Пачатак 2000-х |
Паджанры | |
арыентал-мэтал келтык-мэтал сярэднявечны мэтал | |
Роднасныя жанры | |
пэган-мэтал вікінг-мэтал | |
Folk metal ў Вікісховішчы |
Фолк-мэ́тал (па-ангельску: folk metal) — адзін з кірункаў мэталу, які ўвабраў у сябе элемэнты народнае музыкі. Ён уключае шырокае выкарыстаньне народных інструмэнтаў і, у меншай ступені, традыцыйныя стылі сьпеву (як, напрыклад, у нідэрляндцаў Heidevolk, датчанаў Sylvatica й гішпанцаў Stone of Erech). Раньнім прыкладам фолк-мэталу зьяўляецца міньён 1984 году «Dangerous Games» ангельскага гурту Golgotha, які зьмяшчае сумесь NWOBHM і фолку. Аднак жанр не атрымаў далейшага разьвіцьця да зьяўленьня яшчэ аднаго ангельскага гурта ў 1990 годзе — Skyclad.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вытокі (пачатак 90-х)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гурт Skyclad был сфармаваны ў 1990 годзе, іхні дэбютны альбом «The Wayward Sons of Mother Earth» (1991) прадстаўляе сабой трэш-мэтал з дадаваньнем скрыпкі сэсійннага музыкі Майка Эвана на некалькіх трэках. Альбом быў цёпла сустрэты музычнай прэсай, у асаблівасьці песьня «The Widdershins Jig». Такім чынам, Skyclad стал заснавальнікам фолк-мэталу,[1][2] што прызнаў таксама Кіт Фэй з гурта Cruachan.[3]
Дэбютны рэліз партугальскага гурта Moonspell, міньён 1994 году «Under the Moonspell», зьмяшчае элемэнты ўсходняга фолку.[4] Аднак ужо ў наступным годзе, з выпускам альбому «Wolfheart», гурт адыходзіць у бок готык-мэталу.[5]
Фінскі гурт Amorphis быў сфармаваны ў 1990 годзе. Іхны другі альбом «Tales from the Thousand Lakes» (1994) быў адзначаны мноствам прыгожых мэлёдыяў, заснаваных на фінскай народнай музыцы.[6] Дзякуючы гэтай сваёй працы гурт атрымаў шырокую вядомасьць і прызнаньне.[7]
Рэгіянальныя сцэны (сярэдзіна 90-х)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арыентал-мэтал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прагрэсіў-мэтал-гурт Orphaned Land, сфармаваны ў 1991 годзе ў Ізраілі, выпусьціў свой першы дэмазапіс у 1993 годзе й хутка прыцягнуў да сябе ўвагу лэйблаў сваім нязвычным гучаньнем. Дэбютны альбом «Sahara» выйшаў у 1994. Іхняя музыка зьмяшчае элемэнты арабскае (індыйскае) музыкі. Лічыцца, што Orphaned Land зьяўляюцца заснавальнікамі стылю, названага «арыентал-мэтал». У 1993 годзе ў Ізраілі таксама утварылся й іншы вядомы арыентал-мэтал-гурт — Melechesh, адзін зь першых антыхрысьціянскіх гуртоў у горадзе Ерусалім. Пачаўшы з блэк-мэталу яны перайшлі да арыентал-мэталу, першае зьяўленьне якога можна пачуць на міньёне «The Siege of Lachish» 1996-га году. У 1992 годзе ў Сынгапуры быў утвораны гурт Rudra — гурт, які складаецца з індусаў і грае ў стылі блэк-мэтал з элемэнтамі традыцыйнае індыйскае карнатычнае музыкі. Апроч таго, у зьмесьце лірыкі песьняў прысутнічаюць санскрыт і Вэды, старажытныя мантры й да т.п. Гурт апісвае свой стыль як «вэдычны мэтал».
Сярэднявечны мэтал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усходненямецкі гурт Subway to Sally быў сфармаваны ў 1992 годзе як ангельскамоўны фолк-рок-гурт, які ўключае элемэнты ірляндзкае й шатляндзкае музыкі. Пачынаючы з другога альбому «MCMXCV», выпушчанага ў 1995 годзе, гурт пачынае выконваць песьні на нямецкай мове. Пад уплывам гурта Skyclad яны выконваюць сумесь цяжкага року й мэталу, узбагачанага сярэднявечными мэлёдыямі, пранікнутыми ў кампазыцыі праз гучаньне дуды, катрынкі, лютні, мандаліны, скрыпкі й флейты, у спалучэньні зь нямецкамоўнай рамантычнай паэзіяй у лірыцы. З набыцьцём посьпеху ў роднай Нямеччыне яны становяцца вынаходнікамі сярэднявечнага мэталу. Шляхам Subway to Sally пайшло й шмат іншых гуртоў. Сфармаваны ў 1996 у Бэрліне гурт In Extremo дамогся немалога посьпеху дзякуючы свайму яскраваму іміджу. Посьпех на нямецкай сцэне меў таксама гурт Schandmaul, які называў сябе «сучаснымі мэнэстрэлямі».
Келтык-мэтал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютны альбом «Tuatha Na Gael» ірляндзкага гурта Cruachan быў выданы ў 1995 годзе, падобнае спалучэньне кельцкае музыкі й мэталу на сёньняшні дзень называюць «келтык-мэталам». Гурт Primordial, які адносіў сябе да другой хвалі блэк-мэталу, выпусьціў свой першы дэмазапіс у 1993 годзе, адначасова з Cruachan. У іхняй музыцы таксама прысутнічаюць элемэнты ірляндзкага фолку, аднак яны схаваныя пад больш змрочным гучаньнем.
Латынаамэрыканскі мэтал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пэруанскі гурт Kranium был заснаваны ў 1984 годзе. У сваім дэбютным альбоме «Sociedad o Suciedad» (1991) ён спалучаў дэт, дум і андзкі фолк. Іншым раньнім прадстаўнікам латынаамэрыканскага мэталу зьяўляецца гурт Kraken з дэбютным альбомам «Kraken IV… Piel de Cobre» (1993).
Гурты даннага кірунку натхняюцца ў асноўным культурай інкаў (Yawarhiem, Ch'aska, Kranium з Пэру, Tierramystica, Toccata Magna з Бразыліі, Aztra з Эквадору, Llaxsay з Чылі, Guahaihoque з Калюмбіі, Arraigo з Аргентыны), альбо культурай ацтэкаў (Yaotl Mictlan, Muluc Pax, Kukulcan з Мэксыкі).
Разьвіцьцё (канец 90-х)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарвэскі гурт Storm быў кароткачасовым зьявішчам, у ягоны склад уваходзілі Fenriz з Darkthrone, Сыгурд Вангравэн з Satyricon і Кары Русьлётэн з The 3rd and the Mortal. Іхні адзіны альбом «Nordavind» быў выданы ў 1995 годзе, а гучаньне народных інструмэнтаў у ім імітавалася сынтэзатарам. Гурт Empyrium зь Нямеччыны таксама выкарыстоўваў сынтэзатар стварэньня змрочнае атмасфэры свайго дэбютнага альбома «A Wintersunset» 1996 году.
Таксама, у 1996 годзе, убачыў сьвет дэбютны альбом one-man блэк-мэтал праекту зь Нямеччыны, мультыінструмэнталіста Фрат'яса Фак'яса, вядомага як Falkenbach. Музыка Falkenbach была эпічнай, была багатай на клявішныя, зьмяшчала элемэнты народнай музыкі, а тэксты былі пра вікінгаў, такім чынам, яна аб’ядноўвала фолк-мэтал зь вікінг-мэталам. Падобнае зьліцьцё жанраў у бліжэйшыя два гады разьвівалі Windir, Månegarm і Thyrfing.
Гішпанскі гурт Mägo de Oz які папярэднічае большасьці фолк-мэтал гуртоў, быў сфармаваны яшчэ ў 1989, аднак выпусьціў свой дэбютнік толькі ў 1994. Склад гурта ўключаў дзевяць удзельнікаў, і зь цягам часу яны сталі граць сумесь паўэр-мэталу з кельцкім мэталам. Яны былі дужа папулярныя ў роднай Гішпаніі й Паўднёвай Амэрыцы. Амэрыканскі гурт The Lord Weird Slough Feg, таксама зьвязаны з паўэр-мэталам, быў сфармаваны ў 1990, а свой дэбютнік выдаў у 1996.
Дум-мэтал гурт Silent Stream of Godless Elegy быў сфармаваны ў 1995, пачынаючы з другога альбому «Behind the Shadows» 1998 году ён стаў укараняць у сваю музыку элемэнты фолку.
Фолк-мэтал бум (2000-я)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аднім зь першых дамогся вядомасьці фінскі гурт Finntroll, сфармаваны яшчэ ў 1997 годзе. Другі альбом «Jaktens Tid» (2001) прынес яму вялікі посьпех. Вакал на некаторых песьнях гэтага альбому выканаў Ёнэ Ярвэля − вакаліст іншага вядомага фінскага гурта Korpiklaani. Калі, у асноўным, фолк-мэтал гурты пачыналі з выконваньня мэталу, толькі потым дадаючы ў сваю музыку элемэнты народнае музыкі, то Korpiklaani наадварот, пачаўшы з народнае музыкі, перайшоў на фолк-мэтал. Ягоная гісторыя пачалася з утварэньня дуэту Shamaani Duo, які выконваў саамскую народную музыку. Пасьля выпуску адзінага альбому дуэт трансфармуецца ў гурт Shaman, які рэалізаваў два альбомы. Зьмена назвы «Korpiklaani» ў 2003 годзе паказвала перамены, якія адбыліся у музыцы − традыцыйны ёйк і выкарыстоўваньне саамскае мовы былі зьнятыя, а сынтэзатар быў заменены реэльнымі музычнымі інструмэнтамі. Finntroll жа, наадварот, ужывалі сынтэзатар для ігры ў стылі хумпа. Клявішнік Finntroll Хенры Сорвалі зьяўляецца таксама ўдзельнікам гурта Moonsorrow, які ён стварыў яшчэ ў 1995 годзе. Moonsorrow зьмешвае фолк-мэтал, вікінг-мэтал і элемэнты сымфанічнае музыкі. Наяўнасьць моцнае фінскае фолк-мэтал-сцэны й посьпех ейных удзельнікаў спрыялі зьяўленьню ў пачатку 2000-х новых гуртоў, такіх як Cadacross, Ensiferum, а пазьней Turisas і Wintersun.
Фолк-мэтал гурты зьяўляліся ня толькі ў Фінляндыі, але й у іншых скандынаўскіх краінах. Напрыклад, швэдзкімі гуртамі, якія заснаваліся ў 2000-х, зьяўляюцца Otyg і Vintersorg. У Нарвэгіі зьявіліся Kampfar, Lumsk і Trollfest. У Даніі − Wuthering Heights, Svartsot і Týr.
Акрамя Скандынавіі новаму жанру пасадзейнічалі й іншыя эўрапейскія краіны. Metsatöll і Raud-Ants зьявіліся ў Эстоніі, Obtest у Летуве, Skyforger у Латвіі, Balkandji ў Баўгарыі, Elvenking у Італіі, Eluveitie ў Швайцарыі.
Па-за эўрапейскім кантынэнтам фолк-мэтал зьяўляецца даволі рэдкай зьявай і ўключае, апроч вышэйпамяненых The Lord Weird Slough Feg, амэрыканскі гурт Agalloch. Іхняя музыка апрача геаграфічна анамальнага фолк-мэталу ўключае элемэнты экспэрымэнтальнае й электроннае музыкі. Іншым прыкладам геаграфічна анамальнага фолк-мэталу зьяўляецца гурт Tuatha de Danann з Бразыліі, які выконвае кельцкі мэтал.
Folkearth — міжнародны фолк-мэтал-праект з удзельнікамі зь некалькіх эўрапейскіх краінаў. У пачатку праект уключаў 14 музыкаў. На другім альбоме «By the Sword of My Father» 2006 году іхні лік дасягнуў да 31.
Характарыстыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як правіла, фолк-мэтал падразумявае сплаў падстыляў мэталу з народнай музыкай усялякіх этнаграфічных гуртоў. Так, гурты Primordial, Melechesh і Finntroll выконваюць блэк-мэтал з прымесьсю народнае музыкі. The Lord Weird Slough Feg і Mägo de Oz грунтуюцца на паўэр-мэтале. Нямецка-нарвэскі гурт Midnattsol адштурхоўваецца ад готык-мэталу. Прагрэсіўныя тэндэнцыі назіраюцца ў Elvenking, Lumsk і Týr. Некаторыя гурты не абмяжоўваюцца адным паджанрам мэтау й фолк-музыкай. Напрыклад, Orphaned Land, якія зьмешваюць фолк, прагрэсіўны мэтал і дэт-дум-мэтал,[8], ці Ensiferum, музыка якіх зьмяшчае элемэнты фолку, паўэр-металу й мэлёдык-дэт-мэталу.[9] Вядомыя таксама гурты, якія выкарыстоўваюць элемэнты немэталічнае музыкі. Нарвэскі гурт Glittertind уключае апроч усяго іншага элемэнты панк-року.[10] Гурт Agalloch характарызуецца блізкасьцю да нэафолку й пост-року.[11]
Народныя элемэнты ў жанры часта адлюстроўваюць этнічнае паходжаньне музыкаў, напрыклад, скандынаўская музыка ў Finntroll і Korpiklaani, або балтыйская народная музыка ў Metsatöll і Skyforger, або блізкаўсходняя народная музыка ў Orphaned Land і Melechesh. Кельцкая музыка можа быть знойдзеная ў ірляндзкіх гуртоў Cruachan і Waylander, а таксама ў некаторых гуртоў неірляндзкага паходжаньня, напрыклад у Eluveitie ці Tuatha de Danann. Народную музыку з розных рэгіёнаў выконваюць Elvenking[12] і Ensiferum.[13]
Інструмэнты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У фолк-мэтале ўжываюцца тыя ж самыя тыповыя інструмэнты, характарныя для мэталу (гітары, бас, барабаны) і, як правіла, народныя інструмэнты, якія хістаюцца ад звычайных да экзатычных. Аднак некаторыя гурты, як напрыклад Týr, абыходзяцца й бязь іх. Найбольш распаўсюджаным інструмэнтам зьяўляецца скрыпка. Скрыпач у складзе гурта ёсьць у Skyclad, Subway to Sally, Schandmaul, Mägo de Oz, Silent Stream of Godless Elegy, Korpiklaani, Lumsk, Elvenking, Eluveitie, Turisas і Tuatha de Danann. Вістл або флейта ёсьць у Cruachan, Waylander, Eluveitie, Metsatöll, Schandmaul і Morgenstern. Некаторыя гурты вылучаюць на першы плян болей экзатычныя інструмэнты свайго этнічнага паходжаньня ці краіны. Напрыклад, Skyforger іграюць на латыскай куоклес,[14] Metsatöll ужываюць эстонскі торупіль,[15] Korpiklaani — кантэле,[16] Orphaned Land — уд і саз.[17]
Вакал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жанры ўжываюцца ўсялякія стылі вакалу. Большасьць гуртоў выкарыстоўвае экстрэмальны вакал, напрыклад Finntroll, Skyforger, Moonsorrow. Аднак ёсьць гурты й з чыстым вакалам, як напрыклад Mägo de Oz, Metsatöll. Гурты Schandmaul, Primordial, Turisas, Windir і Wintersun ужываюць як чысты, так і экстрэмальны вакал.
У жанры можна знайсьці таксама традыцыйныя народныя сьпевы. Ёнэ Ярвэля выконвае ёйк у гуртох Shaman, Finntroll і Korpiklaani. Народныя стылі сьпеву можна пачуць у Equilibrium,[18] Metsatöll,[19] Skyforger[20] і Orphaned Land.[21]
Лірыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лірыцы фолк-мэтал-выканаўцы часьцей зварочваюцца да тэмаў паганства, прыроды, фэнтэзі, міталёгіі й гісторыі.
Фолк-мэтал з самага пачатку быў зьвязаны з паганствам, калі Марцін Ўэлкір пакінуў свой ранейшы гурт Sabbat, каб сфармаваць Skyclad, у прыватнасьці, таму што гурт «не жадаў усё далей паглыбляцца ў паганства».[22] Лірыка Skyclad была зьвязаная з паганствам. Віле Сорвалі з Moonsorrow аддае перавагу ярлыку «паганскі мэтал», «бо ён перадае ідэалёгію, але ня кажа нічога пра саму музыку».[23] Іншымі гуртамі, якія аддаюць перавагу тэрміну «паганскі мэтал», зьяўляюцца Cruachan, Eluveitie, Obtest і Skyforger.
Шмат якія фолк-мэтал гурты сьпяваюць пра прыроду, як напрыклад Korpiklaani, Elvenking, Midnattsol і Vintersorg. Для гурту Agalloch прырода — асноўная тэма, «бо мы прымыкаем да таго, што зьяўляецца па сутнасьці ахвярай чалавецтва».[24] Усе ўдзельнікі Skyclad зьяўляюцца прыхільнікамі «таких арганізацыяў, як Greenpeace і іншых, паколькі яны адні з тых, хто ўстае й уступае ў бой з людзьмі, якія жадаюць загубіць плянэту».[25]
Лірыка гуртоў Ensiferum, Midnattsol і Cruachan зьмяшчае фэнтэзі. Elvenking выкарыстоўвае фэнтэзі «ў якасьці мэтафары для утойваньня глыбокага сэнсу».[26] Такім жа чынам фэнтэзі ў Turisas супярэчыць асьвятленьню праблемаў, «якія болей глыбокія й маюць большае значэньне.»[27]
Лірыка ў кельцкім мэтале базіруецца на кельцкай міталёгіі. Гісторыя кельтаў зьяўляецца іншай папулярнай тэмай гуртоў кельцкага мэталу, такіх як Cruachan, Eluveitie, Primordial і Mael Mórdha. Скандынаўскую міталёгію можна знайсьці ў Falkenbach, Týr, Finntroll, Mithotyn і Korpiklaani. Skyforger грунтуюцца на гісторыі й міталёгі іхняе роднае Латвіі. Melechesh натхняюцца мітамі й гісторыяй старажытнае Мэсапатаміі. Іншымі гуртамі, якія ўключаюцб гістарычныя тэмы ў лірыку, зьяўляюцца Falconer, Arafel і Slechtvalk.
Некаторыя NSBM-гурты, як напрыклад Nokturnal Mortum, Цемназор і Kroda, як было вядома, перайшлі на пэган-мэтал, акалічнасьць, якую Ciaran O’Hagan, вакаліст Waylander, разглядвае як «абразу такіх людзёў, як я, якія ня маюць анічога агульнага з фашысцкімі ідэаламі.»[28] Далей ён выказвае меркаваньне, што NSBM-гурты іграюць пэган-мэтал «паводле ўсіх няслушных прычынаў»: праз незаконнае прыўлашчваньне паганскіх сымбаляў нэанацызмам, некалькі фолк-мэтал гуртоў были таксама прынятыя за NSBM. Такім чынам, такія гурты як Cruachan, Skyforger, Moonsorrow, Månegarm і Týr муселі разьяднаць сябе з нацызмам, фашызмам і расізмам. Skyforger дадалі на адваротным боку свайго альбома надпіс «No Nazi Stuff Here!».[29] Richard Lederer з Summoning апублікаваў на сайце гурта эсэ, у якім ён асудзіў нацыянал-сацыялізм.[30] Гурты, якія прымалі ўдзел на фэстывале «Paganfest», які праходзіў у красавіку 2008, былі падстаўленыя пад абвінавачаньне ў тым, што яны зьяўляюцца нацыстамі, расістамі й фашыстамі, з боку нямецкага руху «Antifa». Віле Сорвалі з Moonsorrow и Херы Ёэнсэн з Týr зрабілі сумесны відэазварот, каб абвергнуць гэтыя абвінавачаньні, заўважыўшы, што «адна з найбольшых праблемаў, здаецца, ў тым, што мы ўжываем старажытныя скандынаўскія сымбалі, як S (ᛋ) у эмблеме Moonsorrow і T (ᛏ) у эмблеме Týr».[31]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Boylin, Alex Skyclad Biography. Metalstorm.ee. Архіўная копія ад 2012-02-03 г.
- ^ O'Neill, Wade Skyclad. Metaleater.com. Архіўная копія ад 2012-02-03 г.
Skyclad. Bnrmetal.com. Архіўная копія ад 2012-02-03 г. - ^ Palmares, Pedro Interview with Keith Fay of Cruachan. cruachan.metalfan.nl. Архіўная копія ад 2012-06-24 г.
- ^ Bowar, Chad Under Satanae Review. About.com. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Melzer, Alexander Wolfheart Review. The Metal Observer. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Begrand, Adrien PopMatters Far From the Sun Review. Popmatters.com. Архіўная копія ад 2012-02-03 г.
- ^ Sharpe-Young, Garry Amorphis. MusicMight. Праверана 2008-12-13 г.
- ^ Sharpe-Young, Garry Orphaned Land. MusicMight. Праверана 2008-12-13 г.
- ^ Rivadavia, Ed AMG Ensiferum. Allmusic. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Sharpe-Young, Garry Glittertind. MusicMight. Праверана 2008-12-13 г.
- ^ Hill, Gary AMG Agalloch. Allmusic. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Henderson, Alex Winter's Wake Review. Allmusic. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Henderson, Alex Victory Songs Review. Allmusic. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Vargscarr Interview with Pēteris Kvetkovskis of Skyforger. Malestrom.nu. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Gentile, Emanuele Interview with Metsatöll. Estonianmetal.com. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Fjordi Interview with Jonne Järvelä of Korpiklaani. Tartareandesire.com. Архіўная копія ад 2012-06-24 г.
- ^ Fjordi Interview with Orphaned Land. Frombelow.dk.
- ^ Dicks, Britton Turis Fratyr Review. Metalcoven.com.
- ^ Dicks, Britton Hiiekoda Review. Metalcoven.com.
- ^ Fjordi Interview with Rihards Skudrîtis of Skyforger. Frombelow.dk.
- ^ Dicks, Britton Mabool Review. Metalcoven.com.
- ^ Hinds, Daniel Interview with Martin Walkyier of Skyclad. The-plague.net. Архіўная копія ад 2012-02-18 г.
- ^ Roon, Samuel J. Interview with Ville Sorvali of Moonsorrow. Nonelouder.com. Архіўная копія ад 2012-02-18 г.
- ^ Los Muertos, Michael De Interview with Don Anderson and John Haughm of Agalloch. Metal-rules.com. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Vonberg, Horst Interview with Martin Walkyier of Skyclad. Lordsofmetal.nl. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Jeff Interview with Aydan of Elvenking. Metalstorm.ee. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Smit, Jackie Interview with Matthias Nygard of Turisas. Chroniclesofchaos.com. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Dicks, Britton Interview with Ciaran O'Hagan of Waylander. Metalcoven.com.
- ^ Van Berlo, Andrej Interview with Peteris Kvetkovskis & Edgars Krumins of Skyforger. Tartareandesire.com. Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Richard Lederer ("Protector") Political Statements. Summoning.info (Summoning official website). Архіўная копія ад 2012-06-23 г.
- ^ Ville Sorvali of Moonsorrow and Heri Joensen of Týr Statement on behalf of Moonsorrow, Týr and Eluveitie. Youtube.com.