Перайсьці да зьместу

Усходне-Эўрапейская раўніна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Усходнеэўрапейская раўніна»)
Эўропа

Усхо́дне-Эўрапе́йская раўні́на — адна з найбольшых раўнінаў Зямлі, разьмешчана ўва ўсходняй частцы Эўропы. На поўначы амываецца водамі Белага і Баранцава, а на поўдні — Чорнага, Азоўскага і Касьпійскага мораў. На паўночным захадзе абмежаваная Скандынаўскімі гарамі, на захадзе і паўднёвым усходзе — гарамі Цэнтральнай Эўропы (Судэты) і Карпатамі, на паўднёвым усходзе — Каўказам, на ўсходзе — Уралам і Мугаджарамі. У межах Крымскай паўвыспы мяжа раўніны праходзіць па паўночным падножжы Крымскіх гораў.

Рэльеф, геалягічная структура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У геаструктурным пляне Ўсходне-Эўрапейская раўніна ў асноўным адпавядае Ўсходне-Эўрапейскай плятформе. У яе аснове залягаюць моцна дысьлякаваныя крышталічныя пароды дакембрыю, якія выступаюць на паверхню ў межах Балтыйскага і Ўкраінскага шчытоў. У рэшце значна большай частцы плятформы крышталічныя пароды прыхаваныя пад тоўшчай плосказалеглых адкладаў, што складаюць Усходне-Эўрапейскую пліту. Паўднёвая частка раўніны (ад Азоўскага да Касьпійскага мора) адпавядае Скіфскай пліце, дзе пад чахлом плятформавых адкладаў залягаюць пароды моцна дысьлякаванага герцынскага фундамэнту.

Усходне-Эўрапейская раўніна подзяляецца на дзьве няроўныя часткі: цокальна-дэнудацыйную раўніну на Балтыйскім крышталічным шчыце і раўніну з плястом эразійна-дэнудацыйным і акумуляцыйным рэльефам на Рускай і Скіфскай плітах. Цокальна-дэнудацыйныя нізіны і ўзвышшы на Балтыйскім шчыце з вышынёй да 300—600 м (Манселька, Суаменселька, Заходне-Карэльскае) улучаюць дзялянкі масівных грудагор’яў і пласкагор’яў з вышынямі больш за 1000 м (масіў Хібіны да 1190 м). Рэльеф шчыта ўтварыўся ў выніку трывалай кантынэнтальнай дэнудацыі і прыпараваньня структурных формаў, складзеных адносна моцнымі пародамі. Простае ўзьдзеяньне на рэльєф надалі тэктанічныя рухі найноўшага часу, асабліва разломы, што абмяжоўваюць масівы і западзіны, даліны рэчак і лагчыны шматлікіх азёраў. У антрапагенны час тэрыторыя Балтыйскага шчыта служыла цэнтрам зьледзяненьня, таму тут значна пашыраныя сьвежыя формы ледавіковага рэльефу.

У межах Усходне-Эўрапейскай раўніны магутны чахол плятформавых адкладаньняў залягае амаль гарызантальна, складаючы акумуляцыйныя і плястава-дэнудацыйныя нізіны і ўзвышшы. Месцамі складчаты фундамэнт выступае на паверхню, фармуючы цокальна-дэнудацыйныя ўзвышшы ды камлюкі (Прыдняпроўскае і Прыазоўскае ўзвышшы, Ціманскі і Данецкі камлюкі).

Сярэдняя вышыня Ўсходне-Эўрапейскай раўніны каля 170 м. Найменшыя вышыні знаходзяцца на ўзьбярэжжы Касьпійскага мора, узровень якого на 27,6 м ніжэйшы за ўзровень Сьветавога акіяну. Узвышшы падымаюцца да 300—350 м над узроўнем мораў (Падольскае ўзвышша, да 471 м). Адносныя перавышэньні водападзелаў над далінамі ў сярэднім складаюць 20—60 м.

Усходне-Эўрапейская раўніна падзяляецца на тры марфалягічныя зоны. У паўночнай частцы пашыраныя плястава-дэнудацыйныя нізіны і ўзвышшы даантрапагенавага веку з накладаньнямі на іх формаў рэльефу ледавіковага і водна-ледавіковага паходжаньня. Ледавікова-акумуляцыйныя формы найбольш выражаныя на паўночным захадзе, у вобласьці апошняга (валдайскага) зьледзяненьня, дзе распасьціраюцца ўзвышшы і камлюкі: Балтыйскае, Валдайскае, Вепсаўскае, Белазёрскае, Конаска-Няндомскае. Гэта вобласьць Паазер’я з характэрнай для яе вялікай колькасьцю азёраў (Чудзкае, Пскоўскае, Ільмень, Верхняволскія азёры, Белае, Кубанскае, Важа)

Тэрыторыя Беларусі поўнасьцю разьмешчаная ў межах Усходне-Эўрапейскай раўніны.