Перайсьці да зьместу

Уладзімер Кавальскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Кавальскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 сьнежня 1912(1912-12-21)
Памёр 29 сьнежня 1937(1937-12-29) (25 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, паэт
Мова польская мова

Уладзімер Антонавіч Кавальскі (21 сьнежня (па дакумэнтах 21 кастрычніка) 1912, в. Варонеж, Глухаўскі павет, Чарнігаўская губэрня — 29 сьнежня 1937, Менск, турма НКУС) — беларускі паэт, драматург.

Нарадзіўся 21 сьнежня (па дакумэнтах 21 кастрычніка) 1912 году ў в. Варонеж Сосьніцкі павет Чарнігаўскай губэрні (цяпер — Шосткінскі раён Чарнігаўскай вобласьці Украіны). З двухгадовага ўзросту выхоўваўся ў Кіеве.

Пасьля сьмерці бацькі ў 1925 годзе працаваў на цукровым заводзе, у фасфарытных шахтах у Ярмолінскім раёне, кур’ерам у банку ў г. Хмяльніцкі, сакратаром сельсавету (вёска Зарэчча Праскураўскага раёну). З 1929 году вучыўся ў польскай тэатральнай студыі Вышэйшага музычна-драматычнага інстытуту ў Кіеве, аднак не скончыў навучаньне.

У 1930 годзе пераехаў у Менск. Працаваў загадчыкам польскага сэктару Камітэту радыёвяшчаньня пры СНК БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1934 году. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў польскай секцыі Саюзу пісьменьнікаў БССР.

Быў жанаты, гадаваў дзіця.

Арыштаваны ў Менску ў лістападзе 1937 году. Асуджаны пазасудовым органам НКУС БССР 28 лістападу 1937 году як «сябра ПАВ» да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляны 29 сьнежня 1937 году ў Менску ў турме НКУС. Рэабілітаваны трыбуналам Беларускай вайсковай акруги 18 верасьня 1979 году. Асабовая справа К. № 20641-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].

Публікавацца пачаў з 1930 годзе ў менскім польскамоўным часопісы «Orka». Супрацоўнічаў з польскімі газэтамі і часопісамі, якія выходзілі ў Кіеве, Маскве, з украінскім друкам. Напісаў п’есы «Штурм чарнаводаў» (пастаўлена ў польскім тэатры ў Кіеве, 1931), «Сям’я Варанцовых» (рыхтавалася да пастаноўкі ў польскім тэатры ў Менску, 1935)

Тыраж апошняга зборніка «Вершы пра Грузію» быў канфіскаваны.

Паэтычныя творы У. Кавальскага перакладаліся на беларускую, грузінскую, літоўскую, расейскую мовы.

  • Chłopi w Marchat. Mińsk, 1930;
  • Dwa poematy. Mińsk, 1934;
  • Poezje. Mińsk, 1934;
  • Droga na północ: Poezje. Mińsk, 1930;
  • Rodzina Worońców: Sztuka sceniczna w ośmiu obrazach z prołogiem. Mińsk, 1936.
  • Гапава В. Непражытае жыццё: Да 75-годдзя з дня нараджэння і да 50-годдзя з дня смерці Уладзіміра Кавальскага // ЛіМ. 1987, 25 снеж.
  • Уладзімір Кавальскі // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад. А. Гардзіцкі. — Менск, 1994.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль.. — Смаленск, 2003. — 480 с — ISBN 985-6374-04-9.