Перайсьці да зьместу

Уладзімер Заблоцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Заблоцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 17 сьнежня 1939(1939-12-17)
Памёр: 6 жніўня 2020(2020-08-06) (80 гадоў)
Партыя:
Адукацыя:
Узнагароды:
Мэдаль да стагодзьдзя БНР
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Заблоцкі.

Уладзі́мер Забло́цкі (17 сьнежня 1939 — 6 жніўня 2020[1], Менск) — беларускі палітык. Кандыдат тэхнічных навук. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

Скончыў Маскоўскі энэргетычны інстытут. Да 1990 году працаваў начальнікам аддзелу Навукова-дасьледчага інстытуту электронных вылічальных машын (Менск).

3 1990 году дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі. Намесьнік старшыні камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, сябра Камісіі ВС па эканамічнай рэформе, дасягненьні эканамічнай самастойнасьці і сувэрэнітэту. Належаў да Беларускага народнага фронту.

Яму належала адна з ключавых роляў у стварэньні эканамічных канцэпцыяй і законапраектаў, якія апазыцыя БНФ уносіла на разгляд сэсіяў Вярхоўнага Савету. Нягледзячы на пракамуністычныя настроі большай часткі дэпутатаў, шмат якія ідэі БНФ былі прынятыя.

Быў даверанай асобай Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994-м разам з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім, Вінцуком Вячоркам.

У красавіку 1995 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, пазбаўленьні беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Быў зьбіты ў ноч з 11 на 12 красавіка, калі нявызначаныя супрацоўнікі сілавых структураў пабілі і вывелі зь Вярхоўнага Савету 19 дэпутатаў ад апазыцыі, што галадавалі на знак нязгоды з рэфэрэндумам.

Памёр 6 жніўня 2020 году ў Менску[2].

  • Спачатку, прыкладна да вясны 1991 году, па-беларуску Заблоцкі не размаўляў, хаця і быў беларусам. Пры гэтым быў намесьнікам старшыні БНФ, намесьнікам старшыні парлямэнцкай Апазыцыі БНф, прэм’ер-міністрам Ценявога кабінэту (ураду) БНФ.