Тытус Лівіюс
Тытус Лівіюс | |
Дата нараджэньня | 59 да н. э. |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 17[1] |
Месца сьмерці | |
Занятак | гісторык, пісьменьнік, паэт |
Жанры | гістарыяграфія |
Тытус Лі́віюс (па-лацінску: Titus Livius; 59 да н. э., Патавіюм — 17) — адзін з найбольш вядомых рымскіх гісторыкаў, аўтар значна цытаванай «гісторыі ад заснаваньня гораду» (лац. Ab urbe condita), а таксама гісторыка-філязофскіх дыялёгаў і рытарычнага твору эпісталярнай формы да сына, якія не захаваліся на нашых дзён.
Стаў заснавальнікам так званай альтэрнатыўнай гісторыі, апісаўшы рытарычным чынам магчымую барацьбу між Рымам і Аляксандрам Македонскім, калі б апошні пражыў больш працяглы час. Узорамі дасканалага стылю Лівіюс называў Дэмасфэна і Цыцэрона.
Лівіюс паходзіў з заможнай сям’і, у раньняй маладосьці прыехаў у Рым, дзе атрымаў добрую адукацыю, пасьля чаго заняўся філязофіяй, гісторыяй і рыторыкай. Нягледзячы на тое, што блізкія стасункі зьвязвалі яго з Аўгустам, Лівіюс не прымаў дзейнага ўдзелу ў палітычным жыцьці.
Пасьля 27 году да н. э. Лівіюс пачаў працаваць над фундамэнтальнай работай па гісторыі Рыма ў 142 кнігах, дзе апісваў маральныя каштоўнасьці. У іх ён бачыў сродак адраджэньня Рыму. У той самы час, падзяляючы погляды стоікаў, Тытус Лівіюс верыў у фатум. У творах Лівіюса, якія захаваліся да нашых дзён, прысутнічае вялікая колькасьць прамоваў гістарычных і паўлегендарных фігураў. З храналягічнага пункту гледжаньня, стыль Лівіюса зьяўляецца прамежкавым этапам паміж клясычным і так званай лацінай срэбнага веку Імпэрыі. Да Лівіюса з павагай ставіліся старэйшы і малодшы Сэнэкі, Квінтыліян і Тацыт, а ягоныя працы выкарыстоўвалі Валерыюс Максім, Анэй Флёр, Люкан і Сыліюс Італік.
Нікалё Мак’явэльлі напісаў «Развагі пра першую дэкаду Тытуса Лівіюса».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Deutsche Nationalbibliothek Record #118573624 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.