Сяргей Гімаеў
Сяргей Гімаеў | ||
---|---|---|
![]() | ||
Рост | 194 см | |
Вага | 100 кг | |
Пазыцыя | абаронца | |
Грамадзянства | СССР/Расея | |
Дата нараджэньня | 1 студзеня 1955 | |
Месца нараджэньня | Пружаны, Берасьцейская вобласьць | |
Дата сьмерці | 18 сакавіка 2017 (62 гады) | |
Месца сьмерці | Тула, Расея | |
Клюб | СКА (Куйбышаў) (1974—1976) ЦСКА Масква (1976—1985) СКА Ленінград (1985—1986) | |
Гульнявая кар’ера | 1974—1986 |
Сярге́й Наі́левіч Гіма́еў (1 студзеня 1955 году, Пружаны, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, СССР — 18 сакавіка 2017 году, Тула, Расея) — савецкі хакеіст, Заслужаны трэнэр Расеі, спартовы камэнтатар.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька — Наіль Зямгутдынавіч Гімаеў — нарадзіўся ў вёсцы Какрыбашава Туймазінскага раёну Башкірскай АССР. Па прафэсіі — вайсковы пілёт, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Пасьля служыў ва Ўкраіне, дзе пазнаёміўся з жонкай. Неўзабаве авіяполк Наіля Гімаева пераехаў у Польшчу, дзе ў маладой сям’і нарадзілася дачка; пасьля пераезду ў Беларусь нарадзіўся Сяргей. Пазьней сям’я жыла на Камчатцы. Па скарачэньні авіяцыі ў 1961 року і дэмабілізацыі бацькі сям’я пераехала жыць ва Ўфу.
Сяргей рос спартовым дзіцем, займаўся рознымі відамі спорту, аднак найболей захапіўся хакеем з шайбай, якім пачаў займацца ў 11-гадовым узросьце. Трэніраваўся ў школе ХК «Салавата Юлаева», прайшоў шлях ад юнацкай каманды да дарослай. Адначасна вучыўся на вечаровым аддзяленьні Авіяцыйнага інстытуту.
Вайсковую службу праходзіў у Арэнбурскай вобласьці, але ўжо празь месяц пераведзены ў клюб СКА (Куйбышаў), дзе правёў 2 гады. Пасьля пасьпяховага выступу на турніры ўзброеных сілаў у клюб прыйшла тэлефанаграма з ЦСКА з патрабаваньнем камандзіраваць гульца ў Маскву.
З сэзону 1976/1977 выступаў за армейцаў Масквы. Заваяваў мноства тытулаў, быў у складзе зборнай СССР. Завяршыў кар’еру пасьля сэзону 1985/86 ў СКА Ленінград. Агулам у чэмпіянатах СССР згуляў 305 матчаў і забіў 45 галоў.
Па завяршэньні гульнявое кар’еры скончыў пэдагагічны інстытут у Маскве, працаваў дзіцячым трэнэрам і дырэктарам хакейнай спартовай школы ЦСКА цягам 14 рокаў[2], гуляў у вэтэранскай камандзе «Легенды хакею СССР».
З 1986 працаваў таксама трэнэрам зь юнацкімі зборнымі 1972 і 1973 рокаў нараджэньня. Дапамагаў Уладзімеру Шадрыну з камандай 1978 року нараджэньня, якая стала чэмпіёнам Эўропы. У гэтай зборнай гулялі дзевяць выхаванцаў Сяргея Гімаева.
Апошнім часам працаваў хакейным экспэртам і камэнтатарам на тэлеканалах «Расея 2» і «Спорт 1», працягваў выступаць у вэтэранскіх турнірах у складзе ХК «Легенды хакею СССР»[3]. Сканаў падчас хакейнага матчу[4].
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шматразовы чэмпіён СССР — 1978—1985
- Уладальнік Кубку СССР 1977, 1979
- Шматразовы ўладальнік Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў
- У ліку найлепшых абаронцаў чэмпіянату СССР — 1979 (сьпіс 36-ці), 1982, 1983 (сьпіс 34-х).
- Ордэн Пашаны (2003)
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З жонкай меў сына і дачку. Сын Сяргей таксама прафэсійны хакеіст, абаронца ЦСКА Масква. Дачка займалася фігурным катаньнем, пражывае ў ЗША.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Sergei Gimayev // https://historygreatest.com/sergei-gimayev-russian-ice-hockey-player-died-at-62
- ^ Алексей Шевченко. Сергей Гимаев: «Не жду никаких предложений» // Спорт день за днём. — 26 лютага 2012. — № 1659.
- ^ Гимаев Сергей Наильевич (рас.). ХК «Легенды хоккея СССР». Праверана 13 жніўня 2012 г.
- ^ Сергей Гимаев, известный хоккеист, тренер и спортивный комментатор, умер в 62 года (рас.) // БелТА, 18 сакавіка 2017 г. Праверана 21 сакавіка 2017 г.