Перайсьці да зьместу

Сяргей Амяльчук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Амяльчук
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 6 сакавіка 1957(1957-03-06) (67 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, паэт, перакладнік
Гады творчасьці 1972 — цяпер
Жанр верш і проза
Мова беларуская мова

Сярге́й Іва́навіч Амяльчýк (нар. 6 сакавіка 1957 г. у вёсцы Рачыца Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці, БССР) — беларускі паэт, пісьменьнік і перакладчык.

Навучаўся ў Рачыцкай пачатковай школе, потым у сярэдніх школах № 2 і №3 г Белаазёрску. Працаваў сьлесарам на Белаазёрскім энэрга-мэханічным заводзе (1974—1975). З 1975 студэнт Маскоўскага авіяцыйнага тэхналягічнага інстытуту імя К. Э. Цыялкоўскага. У 1980 годзе скончыў навучаньне ў вышэйзгаданым інстытуце і атрымаў адукацыю інжынэра-мэталюрга. Працаваў у г. Балашыха Маскоўскай вобласьці, у г. Барысаў Менскай вобласьці і ў г. Белаазёрску. З 1993 г. і па цяперашні час жыве ў Берасьці. Інжынэр на СП ААТ «Брэстгазаапарат».

Пачаў пісаць вершы ў 1972 годзе. У 1999 годзе выйшаў з друку першы паэтычны зборнік «Дарога, вір і амфара», які ў 2003 годзе быў перавыдадзены. Наступны паэтычны зборнік «Мая Сінекура» быў выдадзены ў 2012 годзе ў Луцку ў выдавецтве «Терен». З 2012 году сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[1]. Трэці паэтычны зборнік «Зямля, якую бяруць з сабою», быў выдадзены ў 2013 годзе ў выдавецтве «Логвінаў» (г. Менск). У 2015 годзе ўваходзіў у рэдкалегію альманаха «Жырандоля», які выдаецца Берасьцейскім аддзяленьнем Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[2][3]. У 2016 атрымаў ліцэнзію на розьнічны продаж кніжных выданьняў і працуе каля цэнтральнага рынку Берасьця[4]. Уваходзіў у журы прэміі «Кніга году 2016»[5].

Піша вершы, апавяданьні. Перакладае з украінскай. Асобныя творы перакладзены на ўкраінскую мову[6].

  • «Зямля крыві» (Берасьце: 1996)
  • «Дарога, вір і амфара» (Брэст: Дзяржуніверсітэт, 1999)
  • «Мая Сінекура» (Луцк: Терен, 2012)
  • «Зямля, якую бяруць з сабою» (Мінск: Логвінаў, 2013).
  1. ^ Амяльчук Сяргей Іванавіч — Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  2. ^ Бяласін Я. Пісьменнікі ў Брэсце прэзентавалі альманах «Жырандоля» // Брестский Курьер. — 2015.
  3. ^ Новая «Жырандоля» // Літаратурная Беларусь. — Новы час, 2015. — № 48 (465). — С. 2.
  4. ^ Бяласін Я. Брэсцкія пісьменнікі пайшлі ў народ // Брестский Курьер. — 2016.
  5. ^ Прэмія «Кніга году». Беларускі ПЭН-цэнтр. Праверана 15 чэрвеня 2017 г.
  6. ^ Вершы ад А. :: Мая Берасьцейшчына — "Літаратура і Мастацтва" выйшаў зборнік паэзіі Берасьцейшчыны ў перакладах Валерыя Грышкаўца «Белой вежи свет». Праверана 26 студзеня 2011 г.