Перайсьці да зьместу

Сэту (этнас)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сэту (народ)»)
Сэту
setu, seto
Агульная колькасьць 10 197
Рэгіёны пражываньня Эстонія
Расея
Мовы эстонская
сэту
расейская
Рэлігіі праваслаўе
Блізкія этнасы эстонцы, фіны, карэлы, вепсы
Тэрыторыя пражываньня сэту пазначаная зялёным колерам

Сэ́ту (саманазвы setu, seto), пскоўская чудзь — нешматлікі фіна-вугорскі народ на паўночным захадзе Ўсходняй Эўропы (у памежных рэгіёнах Эстоніі і Расеі, якія да 1920 року ўваходзілі ў склад Пскоўскае губэрні). Большасьць прадстаўнікоў этнасу валодае мовай сэту, вызнае праваслаўе і мае грамадзянства Эстоніі.

Гістарычная вобласьць пражываньня народа сэту носіць назву Сэтумаа. У 1920 року гэты рэгіён цалкам перайшоў да Эстоніі, аднак пасьля прыходу Чырвонай арміі ў 1944 року РСФСР анэксавала частку тэрыторыі зь Пячорамі. Пасьля развалу СССР народ сэту апынуўся падзелены між двума асобнымі дзяржавамі.

Дакладную колькасьць сэту высьветліць цяжка, бо гэтая этнічная група не занесеная ў сьпісы народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Расеі і Эстоніі, але найчасьцей іх лічбу ацэньваюць у 10 тысячаў чалавек (паводле іншых зьвестак — ня больш за 2—5 тыс.). Пры перапісах насельніцтва сэту звычайна залічваюць да эстонцаў ці расейцаў.

Найбольшага росквіту культура сэту дасягнула напачатку XX стагодзьдзя: дзейнічала мноства адукацыйных і культурніцкіх таварыстваў. Пасьля атрыманьня Эстоніяй незалежнасьці эстонскія ўлады лічылі сэтаў часткай эстонскай нацыі і намагаліся выкараніць іхнія традыцыі, звычаі й мову. З-за гэтага колькасьць гэтага этнасу значна зьменшылася, шмат хто зь іх запісваўся эстонцамі.

У Расеі паводле перапісу 2002 року 197 чалавек ідэнтыфікавалі сябе як сэту. У Эстоніі цяпер сэту афіцыйна маюць статус нацыянальнай меншасьці, але іх мова ўважаецца вырускім дыялектам эстонскай мовы, і ў школах выкладаецца толькі апошняя. Самі сэту лічаць сваю мову самастойнай. У цяперашні час яна ўключаная ЮНЭСКО ў «Атлас моваў сьвету, якім пагражае зьнікненьне».

У адрозьненьне ад лютаранаў-эстонцаў большасьць сэту зьяўляюцца праваслаўнымі, што некаторыя навукоўцы адносяць яшчэ да пэрыяду хрысьціянізацыі Наўгародзкай рэспублікі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]