Перайсьці да зьместу

Сьцяг СССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяг СССР
СССР
Сьцяг СССР
Прапорцыі 2:1[d]
Прыняты 13 лістапада 1923
Скасаваны 26 сьнежня 1991

Сьцяг СССР — афіцыйны сымбаль СССР (разам з Дзяржаўным гербам і Дзяржаўным гімнам).

30 сьнежня 1922 году I Усесаюзны Зьезд Саветаў прыняў дэклярацыю аб утварэньні Саюза Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік[a]. У складзе СССР тады знаходзіліся Расейская СФСР, Украінская ССР, ССР Беларусі, Закаўкаская СФСР (у апошнюю з 1922 году ўваходзілі Азэрбайджанская ССР, ССР Армэнія, ССР Грузія з Дамоўнай АССР Абхазіі).

У артыкуле 22 Дамовы аб утварэньні СССР было сказана, што «Саюз Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік мае свой сьцяг, герб і дзяржаўную пячатку».

Сярод шэрагу іншых камісіяў, створаных ЦВКам СССР, якія ў 1923 годзе займаліся падрыхтоўкай Канстытуцыі СССР, працавала і адмысловая камісія, мэтай якой зьяўлялася стварэньне дзяржаўных гербу і сьцягу СССР. Першыя праекты гербу і сьцягу былі створаныя вядомым геральдыстам К. І. Дуніным-Баркоўскім і паступілі ў камісію ўжо 7 лютага 1923 году. У сярэдзіне ягонага палотнішча быў зьмешчаны шчыт з прапанаванга ім гербу, які быў ухвалены камісіяй. Вельмі падобны праект сьцягу прапанаваў А. Эвэрлінг, які прапаноўваў, каб для лепшай бачнасьці сьцягу на моры эмблема сярпа і молата была зьмешчаная на чорным фоне. Але камісіі не спадабалася «жалобнае» спалучэньне чырвонага і чорнага колераў.

6 ліпеня 1923 году II сэсіяй ЦВК СССР 1-га скліканьня была прынятая Канстытуцыя (Асноўны Закон) СССР, артыкулы 70 і 71 якой абвяшчалі:

Арт.70 Дзяржаўны сьцяг Саюза ССР складаецца з чырвонага або пунсовага палотнішчу з малюнкам дзяржаўнага гербу.

Арт.71 Дзяржаўны герб Саюза ССР складаецца зь сярпа й молата на зямным шары, намаляваным у прамянях Сонцы і апраўленым каласамі з надпісам на шасьці мовах, згаданых у ст.34: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». Наверсе герба маецца пяціканцовая зорка.

Чальцы ЦВК аднагалосна прагаласавалі за занясеньне ў Канстытуцыю апісаньняў гербу і сьцягу, ня бачачы іх узораў.

Яшчэ 1 ліпеня 1923 году на адкрыцьці Ніжагародзкага кірмашу быў падняты чырвоны сьцяг з суадносінамі бакоў 1:4 з малюнкам пад залатой абрэвіятурай «С. С. С. Р.» картуша са сярпом і молатам.

Абстрактная здагадка аб тым, што сьцягам СССР можа быць чырвонае палотнішча з выявай у ягоным цэнтры гербу СССР апынулася дрэнна рэалізаваным на практыцы. Паводле зьвестак К. А. Іванова, на сьцягавай фабрыцы быў замоўлены сьцяг з такімі ж незвычайнымі прапорцыямі (1:4), як у Ніжнім Ноўгарадзе. Аднак гэты сьцяг так і ня быў выраблены.

У архіве Н. Н. Семяновіча захаваўся аддрукаваны шматколерны малафарматны сьцяг апісанага выгляду, які, відаць, служыў у свой час узорам для вырабу дзяржаўных сьцягоў. Пры спробах наладзіць вытворчасьць такога сьцягу высьветлілася, што гэта вельмі складана і пры гэтым герб ня будзе досыць добра бачны, асабліва ў дэталях. Таму капітан Зьміцер Лухманаў прапанаваў два варыянты сьцягу з досыць буйнымі знакамі. Зьмешчаны на адным з праектаў белы круг сымбалізаваў зямны шар. З улікам узьніклых цяжкасьцяў пры вырабе сьцягу СССР 3-я сэсія ЦВК СССР 12 лістапада 1923 году занесла зьмену ў тэкст Канстытуцыі СССР, і артыкул 71 стаў гучаць так:

«У зьмену артыкула 71 Канстытуцыі Саюза ССР 3-я сэсія Цэнтральнага выканаўчага Камітэта пастанаўляе: Дзяржаўны сьцяг Саюза ССР складаецца з чырвонага або пунсовага палотнішча, з выявай на яго верхнім куце ля тронка залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, апраўленай залатой аблямоўкай. Суадносіны шырыні да даўжыні: 1:2.»

2-і зьезд Саветаў СССР, які зацьвердзіў 31 студзеня 1924 году Канстытуцыю СССР, пакінуў гэтае апісаньне сьцягу без зьменаў, але сталага малюнка сьцягу яшчэ не было.

12 красавіка 1924 году газэта «Известия» № 68 (24175) апублікавала наступнае паведамленьне:

«Саюзны Саўнаркам пастанавіў абвясьціць наступнае падрабязнае апісаньне Дзяржаўнага сьцягу Саюза ССР: сьцяг чырвоны або пунсовы прастакутны, з суадносінамі даўжыні да шырыні як 2:1. У левым верхнім куце крыж таго жа колеру, што і сьцяг, даўжынёй, роўнай 2/6 даўжыні сьцягу, і шырынёй напалову шырыні сьцягу. У крыжы залатыя серп і молат радыюсам у 1/8 шырыні крыжу, над сярпом і молатам — чырвоная пяціканцовая зорка, акружаная залатой аблямоўкай, дыямэтар якой роўны 1/5 шырыні крыжу. Крыж абрамлены залатой палоскай, роўнай 1/15 шырыні крыжу.»

Прэзыдыюм УЦВК выключыў крыж зь сьцягу, і пасьля гэтай папраўкі малюнак сьцягу 18 красавіка 1924 году быў зацьверджаны.

11 жніўня 1924 году Пастановай ЦВК і СНК СССР «Аб сьцягах і вымпэлах СССР для Працоўна-Сялянскага Чырвонага Флёту і памежнай аховы АДПУ» зацьверджана апісаньне Дзяржаўнага сьцягу СССР (паўторна зацьверджана 29 жніўня 1924 году[1]).

Канстытуцыя СССР 1936 году ўтрымоўвала наступнае апісаньне сьцягу:

Артыкул 144. Дзяржаўны сьцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік складаецца з чырвонага прастакутнага палотнішчу з малюнкам на яго верхнім куце ў тронка залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, апраўленай залатой аблямоўкай. Суадносіны шырыні да даўжыні 1:2.

Сьцяг СССР паводле «Становішчу аб Дзяржаўным сьцягу СССР» ад 19 жніўня 1955 году

19 жніўня 1955 году ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнай Рады СССР была зацьверджаная «Пастанова аб Дзяржаўным сьцягу СССР» у новай рэдакцыі, артыкул 2 якога абвяшчаў:

«Дзяржаўны сьцяг СССР складаецца з чырвонага прастакутнага палотнішчу з малюнкам на ягоным верхнім куце ля тронка залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, апраўленай залатой аблямоўкай. Суадносіны шырыні да даўжыні 1:2. Серп і молат упісваюцца ў квадрат, бок якога роўны 1/4 шырыні сьцягу. Востры канец сярпа прыходзіцца пасярэдзіне верхняга боку квадрата, дзяржальні сярпа і молата ўпіраюцца ў ніжнія куты квадрату. Даўжыня молата зь дзяржальням складае 3/4 дыяганалі квадрата. Пяціканцовая зорка ўпісваецца ў акружыну дыямэтрам у 1/8 шырыні сьцягу, датычную верхняга боку квадрата. Адлегласьць вэртыкальнай восі зоркі, сярпа і молата ад тронка ўраўноўваецца 1/3 шырыні сьцягу. Адлегласьць вэртыкальнай восі зоркі, сярпа і молата ад тронка ўраўноўваецца 1/3 шырыні сьцягу. Адлегласьць ад верхняй абзы сьцягу да цэнтра зоркі — 1/8 шырыні сьцягу».

Становішчам прадугледжваўся сталы ўздым Дзяржаўнага сьцягу СССР толькі на будынках Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР і Рады Міністраў СССР. Акрамя таго, прадугледжваўся пад’ём сьцягу на будынку, дзе праходзіць сэсія Вярхоўнага Савету СССР — на ўвесь пэрыяд сэсіі, а на будынках Прэзыдыюмаў Вярхоўных Саветаў і Саветаў Міністраў саюзных і аўтаномных рэспублік, саюзных і рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў, выканаўчых камітэтаў мясцовых Саветаў дэпутатаў працаўнікоў і іншых дзяржаўных установаў, грамадзкіх арґанізацыяў і ўстановаў, а таксама на жылых хатах толькі 8 сакавіка, 22 красавіка, 1 і 2 траўня, 9 траўня, 7 і 8 лістапада і 5 сьнежня. Акрамя таго, пунктам «е)» становішча прадугледжвалася выкарыстаньне Дзяржаўнага сьцягу СССР «у якасьці кармавога сьцягу на марскіх суднах, прыпісаным да партоў СССР, а таксама на суднах, якія плаваюць на ўнутраных водных шляхах СССР». Увогуле пастанова 1955 году ня моцна адрозьнівалася ад пастановы 1924 году: быў дададзены рытуал уздыму дзяржаўнага сьцягу ў дзень нараджэньня У. І. Леніна, зробленыя іншыя дробныя даданьні.

30 лістапада 1955 году пастановай Савету Міністраў СССР была зацьверджаная «Інструкцыя па ўжываньні „Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу СССР“», пункт 12 якой прадугледжваў, што «На караблях Вайскова-марскога флёту Дзяржаўны сьцяг СССР узьнімаецца таксама падчас бою і пры выглядзе непрыяцеля».[2]

Канстытуцыя 1977 году ня ўнесла зьменаў у апісаньне сьцягу СССР. 15 жніўня 1980 году ўказам Прэзыдыюму ВС СССР была прынятая новая рэдакцыя «Пастановы аб Дзяржаўным сьцягу СССР», якая ніякіх зьмен у апісаньне сьцягу таксама не занесла. Важным новаўвядзеньнем новага становішча стала тое, што пасьля яго прыняцьця рачныя судны і іншыя плавальныя сродкі на ўнутраных водах СССР атрымалі права ў якасьці кармавога сьцягу несьці сьцяг адпаведнай саюзнай ССР, а ня сьцяг СССР, як гэта было сьпярша. Пасьля 1977 году адваротны бок сьцягу СССР стаў чыста чырвоным (хоць гэта выконвалася не заўсёды). Суадносіны шырыні сьцягу да даўжыні, роўныя 1:2, абраныя невыпадкова. Прыкладна так суадносіліся памеры тэрыторыі СССР з поўдня на поўнач да працягласьці з усходу на захад.

На першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР увесну 1989 году абраны першы (і апошні) прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Адмысловых сьцягоў для прэзыдэнта не прадугледжвалася. Пры наведваньні вайсковых караблёў найвышэйшымі службовымі асобамі дзяржавы (Старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, Старшыні Савету Міністраў, іх намесьнікаў і прадстаўнікоў) на караблях узьнімаўся дзяржаўны сьцяг СССР.

25 сьнежня 1991 году над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта СССР быў спушчаны дзяржаўны сьцяг СССР. На наступны дзень СССР быў афіцыйна ліквідаваны.

  1. ^ У Дэклярацыі і Дамове парадак словаў «Сацыялістычная» й «Савецкая» ў найменьнях рэспублік і зьвяза быў менавіта такім.
  1. ^ СЗ СССР 1925, № 27, ст.185 і СЗ СССР 1926, № 15, ст.105
  2. ^ «Пастанова аб Дзяржаўным сьцягу СССР», «Інструкцыя па ўжываньні „Палажэньня аб Дзяржаўнага сьцягу СССР“» у кн.: Заканадаўчыя акты аб Дзяржаўным сьцягу СССР і Дзяржаўным сьцягу Армянскай ССР, Ерэван, 1977.