Сьцяг Інгушэтыі
Сьцяг Інгушэтыі зьяўляецца дзяржаўным сымбалем Інгушэтыі. Прыняты 15 чэрвеня 1994 году.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьцяг Рэспублікі Інгушэтыя ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з трох гарызантальных палосаў: верхняй — зялёнага, сярэдняй — белага і ніжняй — зялёнага колеру. Сярэдняя паласа — шырокая. У цэнтры шырокай белай паласы намаляваны чырвоны салярны знак.
Белы сымбалізуе чысьціню намераў і дзеяньняў, уласьцівую народу Інгушэтыі. Зялёны — абуджэньне прыроды, багацьце і ўрадлівасьць зямлі рэспублікі, а таксама іслам, які вызнаюць інгушы. Чырвоны ўвасабляе іх нялёгкую шматвяковую барацьбу супраць несправядлівасьці, за сваё выжываньне і права жыць на зямлі сваіх продкаў у міры і згодзе з суседнімі народамі.
Салярны знак азначае вечны рух Сонца і Сусьвету, узаемасувязь, бясконцасьць, вечнасьць усяго існага. Дугападобныя промні знаку зьвернутыя супраць руху гадзіньнікавай стрэлкі, па кірунку кручэньня Землі вакол Сонца, роўна і Сонца вакол сваёй восі. У такім напісаньні знак зьяўляецца знакам дабрабыту, тварэньня, бясконцага развіцьця і росквіту народу.