Перайсьці да зьместу

Суфіксы эспэранта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эспэранта / граматыка / словаўтварэньне / суфіксы эспэранта


Суфіксы ў эспэранта служаць пашырэньню слоўніка, дазваляючы з адносна невялікай колькасьці слоў стварыць шмат новых.

Суфікс -aĉ- паказвае дрэнную якасьць, зьняважлівыя ці пагардлівыя адносіны.

domo = дом — domaĉo = халупа
ĉevalo = конь — ĉevalaĉo = кляча
aĉaĵo = брыдота

Суфікс -ad- паказвае паўторнасьць, працягласьць дзеяньня, а таксама ўтварае назвы дзеяньняў ад назоўных слоў.

viziti = наведаць — vizitadi = наведваць (неаднаразова)
pafo = стрэл — pafado = страляніна, стральба
lerni = вучыць — lernado = вучоба
broso = шчотка — brosado = дзеяньне чысьціць шчоткай
ade = працягла, доўга

Суфікс -aĵ- = нешта канкрэтнае, абазначае рэч ці прадмэт, які мае ўласьцівасьці, якасьці або зроблены з матэрыялу, згаданага ў корані слова.

dolĉa = салодкі — dolĉaĵo = прысмак, ласунак
nova = новы — novaĵo = навіна
fino = канец — finaĵo = канчатак
trinki = піць — trinkaĵo = напой
konstruo = будова, будаваньне (дзеяньне) — konstruaĵo = пабудова, будынак
araneo = павук — araneaĵo = павуціньне
ŝafo = баран — ŝafaĵo = бараніна
aĵo = рэч, прадмет

Суфікс -an- абазначае ўдзельніка нейкага калектыву, жыхара мясцовасьці, пасьлядоўніка ці прыхільніка.

ŝipo = карабель — ŝipano = чалавек, які працуе на караблі
familio = сям’я — familiano = сямейнік
Eŭropo = Эўропа — eŭropano = эўрапеец
urbo = горад — urbano = гараджанін
Kristo = Хрыстос — kristano = хрысьціянін
ano = сябра

Суфікс -ar- паказвае сукупнасьць аднародных прадметаў.

vorto = слова — vortaro = слоўнік
arbo = дрэва — arbaro = лес
tendo = намёт — tendaro = летнік, намётавы лягер
regi = кіраваць — registaro = урад (сукупнасьць урадоўцаў)
besto = жывёла — bestaro = статак, зграя
aro = мноства, група, сукупнасьць

Суфікс -ĉj- выкарыстоўваецца для ўтварэньня памяншальных мужчынскіх імёнаў. Пры гэтым магчымае адкіданьне некалькіх літар на канцы кораню.

Petro = Пётар — Pecĵo = Пеценька
patro = тата — paĉjo = татачка

Суфікс -ebl- абазначае магчымасьць ці прыдатнасьць. (Гл. -end-, -ind-).

manĝi = есьці — manĝebla = ядомы, прыдатны для ежы
legi = чытаць — legebla = чытэльны
kompreni = разумець — kompreneble = зразумела
ebla = магчымы
ebligi = умагчыміць

Суфікс -ec- паказвае на абстрактны стан, якасьць ці ўласьцівасьць.

bela = прыгожы — beleco = прыгажосьць
juna = малады — juneco = маладосьць
amiko = сябра — amikeco = сяброўства
unu = адзін — unueco = адзінства
alto = вышыня (фізычная велічыня) — alteco = высокасьць (якасьць)
eco = уласьцівасьць, якасьць

Суфікс -eg- абазначае больш вялікую ступень, велічыню, уласьцівасьць. (Гл. -et-).

domo = дом — domego = даміна
vento = вецер — ventego = бура
granda = вялікі — grandega = агромністы
rigi = сьмяяцца — ridegi = рагатаць
ega = велізарны, гіганцкі

Суфікс -ej- паказвае на месца з пэўнай уласьцівасьцю ці прызначэньнем. (Гл. -ing-, -uj-).

lerni = вучыцца — lernejo = школа
herbo = трава — herbejo = луг
ĉevalo = конь — ĉevalejo = канюшня, стайня
libera = вольны — malliberejo = вязьніца
ejo = памяшканьне

Суфікс -em- паказвае на схільнасьць ці звычку.

babili = балбатаць — babilema = балбатлівы
postuli = патрабаваць — postulema = патрабавальны
inventi = вынаходзіць — inventema = вынаходлівы
gasto = госьць — gastema = гасьцінны
la sama sekso = той жа пол — samseksema = гомасэксуальны
emo = схільнасьць, прыхільнасьць, цяга

Суфікс -end- абазначае неабходнасьць, абавязковасьць чаго-небудзь, тое што павінна быць зроблена. (Гл. -ebl-, -ind-).

pagi = плаціць — pagenda = такі, які павінны быць аплочаны
legi = чытаць — legenda = такі, які павінны быць прачытаны
enda = абавязковы

Суфікс -er- абазначае дробную састаўную часьцінку чагосьці.

sablo = пясок — sablero = пясчынка
polvo = пыл — polvero = пылінка
pluvo = дождж — pluvero = кропля дажджу
mono = грошы — monero = манэта
ero = часьцінка

Суфікс -estr- = начальнік, кіраўнік. (Гл. ĉef-).

ŝipo = карабель — ŝipestro = капітан
urbo = горад — urbestro = мэр, бурмістар
cent = сто — centestro = сотнік
estro = начальнік, шэф.

Суфікс -et- абазначае памяньшэньне велічыні, ступені, якасьці. (Гл. -eg-).

vojo = шлях — vojeto = сьцяжынка
ridi = сьмяяцца — rideti = усьміхацца
knabino = дзяўчынка — knabineto = дзяўчо
etfingro = мезенец.
eta = дробны, маленькі

Суфікс -id- абазначае дзіця, нашчадка.

koko = певень — kokido = кураня
kato = кот — katido = кацяня
reĝo = кароль — reĝido = каралевіч
Latino = лацінская мова — latinida lingvo = раманская мова, якая паходзіць ад лаціны
Rahvalodo = Рагвалод — Rahvalodidoj = Рагвалодавічы
ido = дзіця, нашчадак.

Суфікс -ig- абазначае рабіць якім-небудзь, прымусіць рабіць. Тое, што стаіць перад суфіксам, паказвае вынік дзеяньня. (Гл. -iĝ-).

akra = востры — akrigi = вастрыць
bela = прыгожы — beligi = упрыгожваць
ridi = сьмяяцца — ridigi = сьмяшыць
edzo = муж — edzigi = жаніць
unu = адзін — unuigi = аб’яднаць
sen vesto = бяз вопраткі — senvestigi = распрануць
igi = прымусіць
forigi = прыбраць, выдаліць
troigi = перабольшваць

Суфікс -iĝ- абазначае рабіцца або стаць якімсьці, пераход у новы стан. Тое, што стаіць перад суфіксам, паказвае вынік зьмены. (Гл. -ig-).

bela = прыгожы — beliĝi = папрыгажэць
pala = бледны — paliĝi = пабляднець
sidi = сядзець — sidiĝi = сесьці, садзіцца
naski = нараджаць — naskiĝi = нарадзіцца
komenci = пачынаць — komenciĝi = пачынацца
en (la) lito = у ложку — enlitiĝi = пакласьціся спаць
iĝi = зрабіцца
aliĝi = далучыцца

Суфікс -il- азначае прылада, інструмант, сродак.

tranĉi = рэзаць — tranĉilo = нож
flugi = лётаць — flugilo = крыло
plugi = араць — plugilo = плуг
sonori = зьвінець — sonorilo = званок, звон
komputi = лічыць — komputilo = кампутар
kuraci = лекаваць — kuracilo = лекі
ilo = прылада, інструмант, сродак

Суфікс -in- абазначае істоту жаночага полу (Гл. vir-).

viro = мужчына — virino = жанчына
koko = певень — kokino = курыца
profesoro = — profesorino =
fraŭlo = халасьцяк — fraŭlino = незамужняя жанчына
ina = жаночы

Суфікс -ind- абазначае які варты, заслугоўвае чагосьці. (Гл. -ebl-, -end-).

legi = чытаць — leginda = варты прачытаньня
vidi = бачыць — vidinda = варты, каб на яго паглядзець
miri = зьдзіўляцца — mirinda = дзіўны
bedaŭri = шкадаваць — bedaŭrinde = шкада
ridi = сьмяяцца — ridinda = сьмешны
inda = варты

Суфікс -ing- абазначае рэч, у якую нешта (часткова) ўстаўляюць. (Гл. -uj-, -uj-).

kandelo = сьвечка — kandelingo = падсьвечнік
glavo = меч — glavingo = похвы
fingro = палец — fingringo = напарстак

Суфікс -ism- абазначае вучэньне, палітычную дактрыну ці сыстэму, рэлігійную догму ці напрамак у навуцы, мастацтве.

Kristano = хрысьціянін — Kristanismo, Kristismo = хрысьціянства
vegetara = вэгетарыянскі — vegetarismo = вэгетарыянства
kapitalo = капітал — kapitalismo = капіталізм
rusa lingvo = расейская мова — rusismo = расеізм

Суфікс -ist- абазначае прафэсію ці занятак, альбо прыналежнасьць да якога-небудзь руху ці цячэньня.

kanti = сьпяваць — kantisto = сьпявак
Esperanto = эспэранта — esperantisto = эспэрантыст
kapitalo = капітал — kapitalisto = капіталіст
komunismo = камунізм — komunisto, komunismano = камуніст

Суфікс -nj- выкарыстоўваецца для ўтварэньня памяншальных жаночых імёнаў. Пры гэтым магчымае адкіданьне некалькіх літар на канцы кораню.

patrino = маці — panjo = маманька
Maria = Марыя — Manjo = Маня

Суфікс -obl- ужываецца для стварэньня кратных лічэбнікаў.

dua = другі — duobla = двайны
tri = тры — trioble = тройчы
multe = шмат — multobligi = памножыць
oble = памножаны на

Суфікс -on- ужываецца для стварэньня дробавых лічэбнікаў.

tri = тры — triono = траціна
du = два — duone = напалову
cent = сто — centono = сотая частка, адсотак
one = падзелены на

Суфікс -op- ужываецца для стварэньня зборных лічэбнікаў.

du = два — duope = удваіх
tri = тры — triopo = тройня
ope = калектыўна, гуртом

Суфікс -uj- мае тры значэньні:

  • ёмістасьць для чагосьці
mono = грошы — monujo = кашалёк, партманэтка
pipro = перац — piprujo = перачніца
  • расьліна па пладах
pomo = яблык — pomujo = яблыня
rozo = ружа — rozujo = разарыюм, градка руж

Каб адрозьніваць ад вазы, што зьмяшчае фрукты, ягады ці кветкі, часта ўжываюць больш дакладныя словазлучэньні: pomarbo, rozbendo.

  • краіна па народзе
Franco = француз — Francujo = францыя
patro = бацька — Patrujo = Бацькаўшчына

Апошнім часам для ўтварэньня назвы краіны ўжываюць слова lando ці неафіцыйны суфікс -i-

Polujo, Polio, Pollando = Польшча.

Суфікс -ul- абазначае асобу, якая валодае якасьцю, паказанай у корані.

bela = прыгожы — belulo = прыгажун, belulino = прыгажуня
antaŭ = перад — antaŭulo = папярэднік
timi = баяцца — timulo = баязьлівец
ĉi tie = тут — ĉi-tieulo = тутэйшы
rampi = поўзаць — rampuloj = паўзуны
ulo = пэрсона (не абавязкова мужчынскага полу)

Суфікс -um- не мае акрэсьленага значэньня, ён прызначаны для стварэньня слоў, якія неяк зьвязаны з тым, што стаіць перад ім. Кожнае слова, утворанае пры дапамозе гэтага суфікса, трэба вучыць асобна.

aero = паветра — aerumi = праветрываць
folio = ліст — foliumi = гартаць
kolo = шыя — kolumo = каўнер
kruco = крыж — krucumi = укрыжаваць
mastro = гаспадар — mastrumi = гаспадарнічаць, mastrumo = гаспадарка
dek = дзесяць — dekuma nombrosistemo = дзесятковая сыстэма зьлічэньня
umi = рабіць нешта неакрэсьленае, дзіўнае, непрыстойнае. займацца гэтым.