Судэцкія немцы
Судэцкія немцы, або судэтанемцы (па-нямецку: Sudetendeutsche, па-чэску: sudetští Němci, Sudetoněmci, Sudeťáci) — этнаграфічная група немцаў, якая да 1945 г. кампактна пражывала ў памежных рэгіёнах Чэхіі (Судэцкай вобласьці). Гэты тэрмін у 1920—1930-я гады таксама ўжываўся шэрагам палітыкаў як агульная назва ўсіх немцаў у межах Багеміі, Маравіі і Чэскай Сылезіі.
Ад Аўстра-Вугоршчыны да Чэхаславаччыны. Фармаваньне нацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ужо да XIX стагодзьдзя немцы складалі большасьць насельніцтва судэцкага рэгіёну (каля 90 %). Аднак пры падзеле Аўстра-Вугоршчыны ў 1918 г. паўночна-заходняя мяжа Чэхаславаччыны прайшла па традыцыйнай мяжы каралеўства Багемія (нягледзячы на паўстаньні і спробы абвяшчэньня чатырох нямецкіх адміністрацыяў у спрэчным рэгіёне), што адразу паставіла перад маладой рэспублікай «нямецкае пытаньне» (колькасьць судэцкіх немцаў дасягала да 1938 г. 3,3 млн чалавек). Адпаведныя тэрыторыі былі вядомыя як Судэцкая вобласьць (па-нямецку: Sudetenland).
«Агульнага абазначэньня ўсіх немцаў на тэрыторыі ўсёй Чэхаславаччыны ніколі не існавала»[1]. Само паняцьце «судэцкія немцы» ўпершыню зьявілася ў 1902 г. (уведзена пісьменьнікам Францам Есэрам), але стала спарадычна выкарыстоўвацца для абазначэньня немцаў на тэрыторыі Багеміі і Маравіі ў 1920-я гг., а ў актыўны палітычны ўжытак уведзена толькі Генляйнам у 1933 г.[2] Менавіта да міжваеннага пэрыяду адносіцца фармаваньне немцаў Чэхаславаччыны як асобай этнічнай суполкі (да 1918 г. немцы з Прагі ці Брно не атаясамлялі сябе зь нямецкім сельскім насельніцтвам Судэтаў).
У палітычнай сыстэме міжваеннай Чэхаславаччыны этнічна «чэхаславацкія» грамадзкія арганізацыі былі ў большасьці сваёй фармальна аддзелены ад «нямецкіх», і дзейнічала некалькі палітычных партыяў судэцкіх немцаў: сацыял-дэмакратычная, аграрная (ляндбунд), хрысьціянскіх сацыялістаў (клерыкалы). Менавіта ў Судэтах упершыню зьявілася арганізацыя з назвай «нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя» (DNSAP), яе лідэр Рудольф Юнг падкрэсьліваў, што яна старэйшая за гітлераўскую НСДАП[3]; увосень 1933 г. гэта партыя была забаронена. Адасоблена была і сыстэма адукацыі, захоўваўся гістарычны падзел Карлава ўнівэрсытэту на чэскае і нямецкае аддзяленьні. У парлямэнце Чэхаславаччыны немцы, як і іншыя нацыянальныя меншасьці, мелі права выступаць на роднай мове.
Нацысцкі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палітычна актыўная нацыянал-сэпаратысцкая Судэта-нямецкая партыя Конрада Генляйна, якая ўзьнікла ў 1935 г. на грунце Судэта-нямецкага айчыннага фронту і адразу ж перамагла на агульнадзяржаўных выбарах (апярэдзіўшы ўсе «чэхаславацкія» партыі), патрабавала спачатку аўтаноміі, а затым далучэньня Судэцкай вобласьці да Трэцяга райху. Неўзабаве пасьля аншлюсу Аўстрыі пад націскам Нямеччыны без удзелу Чэхаславаччыны было заключана чатырохбаковае Мюнхэнскае пагадненьне 1938 г., у выніку якога тэрыторыі судэцкіх немцаў — найбольш прамыслова разьвітыя і важныя ў тым ліку для ваеннай прамысловасьці раёны — апынуліся ў складзе Нямеччыны.
У Трэцім райху частка Судэцкай вобласьці ўтварыла асобнае райхсгаў Судэтэнлянд (па-нямецку: Reischsgau Sudetenland), са сталіцай у Райхэнбэргу (Ліберацы). Імпэрскім камісарам, а затым штатгальтарам і гаўляйтарам НСДАП у Судэтах быў Генляйн. На гэтай тэрыторыі была выраблена вялікая колькасьць ваеннай тэхнікі. Некаторыя раёны былі далучаны да Баварыі і да Остмарка — былой Аўстрыі (райхсгаў Верхні Дунай і райхсгаў Ніжні Дунай).
Дэпартацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля Другой сусьветнай вайны паводле дэкрэтаў Бэнеша судэцкія немцы (колькасьцю звыш 3 млн) і карпацкія немцы (каля 500 тыс.), якія пражывалі ў Славаччыне і на Закарпацкай Украіне, былі выгнаны з Чэхаславаччыны і пасяліліся ў розных раёнах Нямеччыны (пераважна — у Баварыі) і Аўстрыі (гэта суправаджалася шматлікімі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва, «маршамі сьмерці» і да т.п.), а землі, якія былі вызвалены ад немцаў, былі заселены чэхамі.
Пасьля 1945 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У наш час у Нямеччыне й Аўстрыі існуюць арганізацыі выхадцаў з Судэцкай вобласьці: Судэта-нямецкае зямляцтва (Sudetendeutsche Landsmannschaft), якое створана на базе 4 аб’яднаньняў: Абшчыны Земляроба, Таварыства Зэлігера, Таварыства Ёганэса Матэзыюса — эвангельскія судэцкія немцы і Вітыка-бунда.
Да трох баварскіх этнічных групаў (бавараў, франконцаў і швабаў) далучыліся выгнаныя судэцкія немцы («чацьвёртае племя»), якія перасяліліся ў Баварыю галоўным чынам пасьля 1945 году. Баварыя падала ім абарону і падтрымку. У Загадзе ад 5 лістапада 1962 году гаворыцца: Урад Баварыі прызнае прыналежнасьць судэцкіх немцаў да карэннага баварскага насельніцтва. Поўны ўдзячнасьці да здабытай радзімы, «новыя баварцы» прыклалі шмат высілкаў да яе аднаўленьня пасьля Другой сусьветнай вайны.[4]
У самой Чэхіі жыве 40 тысячаў чалавек, якія лічаць сябе немцамі. Праблема судэцкіх немцаў працягвае час ад часу ўсплываць у чэска-нямецкіх і чэска-аўстрыйскіх стасунках.
У Вугоршчыне групай навуковых дасьледнікаў і выкладчыкаў створана арганізацыя «Навуковы сход судэцкіх немцаў» (па-вугорску: Szudétanémet Tudományos Gyűjtemény, па-нямецку: Sudetendeutsche Wissenschaftliche Sammlung, па-ангельску: Collections for Research into Sudeten German Minority, па-польску: Zbiór Naukowy Niemców Sudeckich), якая ставіць мэтай прадставіць і захаваць культуру судэцкіх немцаў[5].
3 лістапада 2009 прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Клаўсам быў падпісаны Лісабонскі дагавор[6][7], набыцьцё якім сілы фармальна дае права судэцкім немцам, якія падвергліся дэпартацыі, патрабаваць кампэнсацыі ад ураду Чэхіі[8].
Вядомыя судэцкія немцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ота Кітэль
- Курт Кніспэль
- Грэгар Ёган Мэндэль
- Фэрдынанд Поршэ
- Отфрыд Пройсьлер
- Оскар Шындлер
- Адальбэрт Штыфтэр
- Томаш Энгэ
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Brugel J. W. Češi a Němci 1918—1938. Praha, 2006, S. 178.
- ^ Бобраков-Тимошкин А. Проект «Чехословакия»: конфликт идеологий в Первой Чехословацкой республике (1918—1938), М., 2008, с. 199.
- ^ Там жа, з. 176.
- ^ Das Land Bayern: Menschen in Bayern — Tradition und Zukunft.
- ^ сьпіс публікацыяў(недаступная спасылка) (вуг.)
- ^ BBC Russian — Стужка навін — Зьнята апошняя перашкода для падпісаньня Лісабонскага дагавору
- ^ Прэзідэнт Чэхіі падпісаў Лісабонскі дагавор. РІА Навіны. Праверана 2009-11-03 г. Архіўная копія ад 2012-03-02 г.
- ^ Еўрасаюз прыстрашыў Чэхіі пазбаўленнем пасады Еўракамісара
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кретинин С. В. Судетские немцы: народ без родины. 1918—1945. Воронеж, 2000. ISBN 5-7455-1135-4