Перайсьці да зьместу

Нагорскі пасад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Стары горад (Магілёў)»)

Нагорскі пасад, пазьней Стары горад — гандлёва-рамесная і найбольш старажытная частка Магілёва. Згадваецца ў дакумэнтах XVIXVIII стагодзьдзяў. Тэрыторыя пасаду ў наш час абмежавана вуліцамі Лазарэнкі (былая Вялікакняская, Віленская), Камсамольскай (былая Дваранская), Архірэйскім валам Каніскага (былы вал Чырвоная Зорка, Архірэйскі вал) і Левая Дубравенка[1].

Плян Магілёва ў канцы XVII ст.

Першапачаткова пасад абмяжоўваўся з поўдня і ўсходу высокімі берагамі Дняпра і Дубравенкі, з поўначы — глыбокім абарончым ровам. Уключаў гэтак званую Астроскую сотню і Нагорскае прадмесьце. Да Нагорнага пасаду прылягалі гэтак званыя Нагорская і Ледзькаўская сотні[2].

Каля 1526 году на месцы старажынага замку на высокім плато, дзе цяпер разьмяшчаецца парк імя Горкага, быў пабудаваны новы Магілёўскі замак, плошчай больш за 1 га. Паміж замкам і пасадам сфармаваўся гандлёвы пляц, які ў пачатку XVII ст. займаў тэрыторыю больш за 2 га і меў форму няправільнага многакутніка. На пляцы знаходзілася 26 драўляных крамаў[1].

На працягу XVI стагодзьдзя тэрыторыя Нагорскага пасаду пашыралася, на поўначы каля яго фармавалася новае паселішча, якое пазьней было названа Новым горадам, адначасова ўзьніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад)[2].

Тэрыторыя пасаду была абнесеная земляным абарончым валам, які называўся Кругавым, або Блізкім. За валам ішоў глыбокі роў, які аддзяляў тэрыторыю Нагорскага пасаду. Там, дзе праходзіў роў, вал меў дзьве брамы: драўляную Ветраную і мураваную Каралеўскую. Ад кожнай брамы цераз роў перакідваўся драўляны мост. Ад Ветранай брамы пачыналася вуліца Ветраная (цяпер вул. Ленінская), ад Каралеўскай — вуліца Шклоўская (цяпер вул. Першамайская), якія вялі да гандлёвага пляцу. Гэтая двухпрамянёвая сыстэма пляніроўкі Нагорскага пасаду, якая сфармавалася да XVII ст., захавалася да нашага часу[1].

У канцы XVIII ст. на гандлёвым пляцы быў створаны ансамбль мураваных грамадзкіх будынкаў. У 1809 годзе роў быў засыпаны, а частка вала на яго працягу скапана[1].

На тэрыторыі Нагорскага пасаду адноўлена гарадзкая ратуша (XVII ст.), рэшткі езуіцкага калегіюму (XVII—XVIII стагодзьдзі), фарны касьцёл (XVII ст.), архірэйскі палац (XVIII ст.), будынак гарадзкой управы (XIX ст.), будынак акруговага суда (XVIII—XIX стагодзьдзі), абласнога драмтэатру (XIX ст.), жылы дом (XVIII ст.). Акрамя таго ў мінулым на тэрыторыі пасаду знаходзіліся два буйнейшыя праваслаўныя манастыры XVII ст. — Богаяўленскі і Спаскі[1].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]