Старашвэдзкае
Старашвэдзкае (па-ўкраінску: Старошведське), таксама Га́мальсвэ́нскбю і Гамёльсвэнскбі (па-швэдзку: Gammalsvenskby, на мясцовым дыялекце швэдзкай мовы Gammölsvänskbi) — былая вёска, цяпер частка вёскі Зьмееўка ў Хэрсонскай вобласьці на поўдні Ўкраіны. Назва вёскі паходзіць ад яе жыхароў — нашчадкаў эстонскіх швэдаў, прымусова туды пераселеных, зь якіх некаторыя й дагэтуль здолелі захаваць швэдзкі дыялект[1].
Заснаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Насельніцтва вёскі паходзіць з востраву Дагё, у сучаснай Эстоніі, які да 1721 году належаў Швэцыі. У час кіраваньня расейскай імпэратаркі Кацярыны II, а менавіта ў жніўні 1781 году, частка жыхароў Дагё перасялілася на поўдзень Украіны: паводле адных зьвестак, гэтае перасяленьне было прымусовым, паводле іншых — Кацярына II паабяцала бедным сялянам з Дагё багатыя землі, што іх і прывабіла.
Але вынік быў катастрафічным: па дарозе шмат хто з 1 000 жыхароў вёскі памерлі, ніякіх дамоў, якія паабяцала ім Кацярына, на месцы не было, многія памерлі ў першы год жыцьця на новым месцы. Паводле царкоўных кніг, на сакавік 1783 году ў жывых заставаліся толькі 135 чалавек.
Захаваньне швэдзкай спадчыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы XVIII стагодзьдзя ў вёску таксама быў паселены яшчэ 31 палонны швэдзкі жаўнер. У 1804 годзе побач узьніклі тры нямецкія вёскі: Шлянґэндорф (па-нямецку: Schlangendorf), Мюльгаўзэндорф (па-нямецку: Mühlhausendorf) і Клёстэрдорф (па-нямецку: Klosterdorf).[2] Такім чынам, швэды апынуліся ў меншасьці, што стала прыводзіць да канфліктаў зь немцамі. З часам вёскі разрасьліся і зьядналіся ў адну, атрымаўшы назву ад нямецкага Шлянґэндорфу — Зьмееўка. З 1860-х гадоў пачалася эміграцыя са Старашвэдзкага ў Канаду.
Пачынаючы з канца XIX стагодзьдзя пачынаюць наладжвацца сувязі паміж мясцовымі швэдамі і Швэцыяй ды Фінляндыяй, у якіх былі сабраны сродкі на будаўніцтва новай швэдзкай царквы, якая была ўзьведзена 1885. Некаторыя жыхары вёскі нават сталі падпісвацца на швэдзкія газэты.
Расейская рэвалюцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас Першай Сусьветнай вайны сувязі са Швэцыяй зноў перарваліся. У 1920-я гады, пасьля Расейскай Кастрычніцкай рэвалюцыі і голаду, швэды з Гамальсвэнскбю спыталі дазволу вернуцца ў Швэцыю. У 1927 годзе ў Старашвэдзкім жыло 895 швэдаў, зь іх 881 чалавек прыбыў у Швэцыю 1 жніўня 1929 году (каля 100 зь іх потым эмігравалі далей у Канаду, у правінцыю Манітоба). Большасьць з тых, што засталіся ў Швэцыі, пасяліліся на Готляндзе, аб чым сёньня распавядае музэй у мястэчку Рума ў цэнтральнай частцы востраву. Але ў краіне, якая перажывала эканамічны крызіс, яны былі ўспрыняты як замежнікі: мясцовае насельніцтва ставілася да іх адмоўна, і некаторыя швэды са Старашвэдзкага пажадалі вернуцца ў СССР.
Назад у СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы 1929 — пачатку 1930 году каля 250 вяскоўцаў вернулася ў СССР. Але жыцьцё там было цяжкім. У сувязі з Галадаморам 1932-1933 гадоў, яны зноў пажадалі вернуцца ў Швэцыю, але савецкія ўлады ім гэтага не дазволілі і арыштавалі каля 20 чалавек. У наступныя гады многія былі забіты падчас сталінскіх чыстак.
Падчас Другой Сусьветнай вайны, 25 жніўня 1941 году Старашвэдзкае было акупавана немцамі: іх сустрэлі як вызваліцеляў.[3] З надыходам у 1943 годзе савецкай арміі швэды былі эвакуяваны разам зь немцамі і трапілі ў Райхсгаў Вартэлянд у акупаванай Польшчы, адкуль потым былі накіраваны савецкімі ўладамі ў ГУЛягі. Аднак, у 1947 годзе ім было дазволена вернуцца ў Старашвэдзкае.
Старашвэдзкае ў наш час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля распаду СССР аднавіліся кантакты са Швэцыяй. Сёньня прыкладна 150-200 жыхароў вёскі маюць швэдзкае паходжаньне, зь якіх толькі некалькі чалавек валодаюць швэдзкай мовай. Пэўную эканамічную дапамогу надаюць Швэдзкая царква і камуна Готлянд. 15 красавіка 2001 году было падпісана пагадненьне аб партнэрстве паміж Старашвэдзкім і Готляндам. У 2008 годзе Старашвэдзкае афіцыйна наведала швэдзкая каралеўская пара (кароль Карл XVI Густаў і каралева Сыльвія).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Göran Svedberg; Erik Mårtensson (2001). Gammalsvenskby en by i Ukraina. Malmö: J R Hain Förlag AB. ISBN 91-631-1191-8
- ^ Шведы со Змеевки журнал «Вокруг Света» (рас.)
- ^ «Svenskbyborna», артыкул у Швэдзкай Нацыянальнай энцыкляпэдыі
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Котлярчук А. «В кузнице Сталина»: шведские колонисты Украины в тоталитарных экспериментах XХ века. — М.: РОССПЭН, 2012. — 224 с. —(серия «История Сталинизма») — ISBN 978-5-8243-1684-1 (рас.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Таварыства нашчадкаў жыхароў Старашвэдзкага (швэд.)
- Старонка на сайце Швэдзкай царквы (швэд.)
- Швэды са Зьмееўкі. Часопіс «Вокруг света» (рас.)