Спампаваньне музыкі
Спампава́ньне му́зыкі, таксама лі́чбавае спампава́ньне[a] (ад анг. music download і digital download) — лічбавая перадача музыкі праз Інтэрнэт на прыладу, здольную яе дэкадаваць і прайграць[1], напрыклад, на пэрсанальны кампутар, партатыўны мэдыяплэер, MP3-плэер ці смартфон; файлы з музыкай таксама можна перанасіць на іншыя прылады[2].
Гэты тэрмін ахоплівае як легальныя спампоўкі, так і спампоўкі матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам, без дазволу альбо законнай аплаты. Спампаваная музыка звычайна кадуецца празь сьціск аўдыёзьвестак з дапамогай мадыфікаванага дыскрэтнага косынус-пераўтварэньня (MDCT), у прыватнасьці фармат Advanced Audio Coding (AAC), выкарыстоўваецца ў iTunes, сумесна з фарматам кадаваньня гуку MP3[3].
Спампаваньне музыкі мае шэраг прыкметных перавагаў над праслухоўваньнем з Інтэрнэту ў патокавым рэжыме: пры спампаваньні карыстальнік назаўжды становіцца ўладальнікам лічбавых копіяў і можа цалкам кантраляваць іхнае выкарыстаньне; спампаваную музыку можна слухаць пры любых абставінах, у тым ліку без падлучэньня да Інтэрнэту[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адным зь першых спосабаў спампаваньня музыкі быў ейны перанос з кампакт-дыскаў, так званы «рыпінг». З аднаго боку, гэта дазваляла пазбавіцца ад фізычных носьбітаў, якія маглі займаць шмат месца. Зь іншага, пры пераносе магла губляцца якасьць запісу; акрамя таго, захаваньне музыкі ў фармаце файла прыводзіла да страты друкаваных матэрыялаў, напрыклад, вокладак кампакт-дыскаў, тэкстаў песьняў, інфармацыі пра ўдзельнікаў запісу й гэтак далей. Рыпінг кампакт-дыскаў быў даволі доўгім і стомным працэсам, а таксама патрабаваў выбару правільнага фармату файла й налад лічбавага пераўтварэньня[5].
Больш зручным спосабам лічбавай срапампоўкі музыкі зьяўлялася легальная купля. Кампаніі, якія прадаюць музыку ў лічбавым фармаце, прадастаўлялі магчымасьць спампоўкі як цэлых альбомаў, так і асобных песьняў, у залежнасьці ад цаны. Акрамя таго, асобныя выканаўцы час ад часу прадастаўлялі абмежаваную колькасьць кампазыцыяў для бясплатнага запісу, каб слухач, які зацікавіўся, мог пазьней купіць увесь альбом. Часьцей за ўсё падтрымліваўся цэлы шэраг фарматаў, уключаючы MP3, AAC, WMA і FLAC, у залежнасьці ад апэрацыйнай сыстэмы. Акрамя фармату, у розных файлаў мог вагацца бітрэйт, што дазваляла дамагацца больш высокай якасьці гучаньня, але таксама прыводзіла да павелічэньня памеру файла. Таксама, розныя буйныя анлайн-крамы прапаноўвалі адрозны асартымэнт кампазыцыяў, так што некаторыя песьні былі даступныя толькі ў аднаго з прадаўцоў[5].
Яшчэ адным варыянтам лічбавага спампаваньня зьяўлялася выкарыстаньне P2P-сетак абмену файлаў, а таксама BitTorrent-сайтаў. Частка з гэтых сэрвісаў зьяўляліся легальнымі, а іншыя незаконнымі, так што іхнае выкарыстаньне прыраўноўвалася да парушэньня закону. Прадстаўнікі музычнае індустрыі час ад часу падавалі пазовы супраць карыстальнікаў, якія займаліся нелегальным распаўсюджваньнем і спампаваньнем музыкі[5].
Музычныя інтэрнэт-крамы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крамамі, якія прадаюць музыку ў фарматах, даступных для спампаваньня, ёсьць Amazon, Google Play і iTunes[2].
Платныя спампоўкі часам кадуюцца з дапамогай сыстэмы кіраваньня лічбавымі правамі, якая абмяжоўвае капіяваньне музыкі альбо прайграваньне набытых песьняў на пэўных лічбавых аўдыяплэерах. Яны амаль заўсёды сьціснутыя з дапамогай кодэка са стратамі (звычайна MPEG-1 Layer 3, Windows Media альбо AAC), што памяншае памер файла й патрабаваньні да прапускной здольнасьці каналу. Гэтыя музычныя рэсурсы былі створаныя ў адказ на разьвіцьцё тэхналогій і патрэбы кліентаў, якія хацелі й / альбо мелі патрэбу ў лёгкім і хуткім доступе да музыкі. Іхныя бізнэс-мадэлі адказваюць «рэвалюцыі запампоўкі», робячы легальныя паслугі прывабнымі для карыстальнікаў.
Нават легальная запампоўка музыкі сутыкнулася з шэрагам праблемаў з боку артыстаў, гуказапісных лэйблаў і Амэрыканскай асацыяцыі гуказапісных кампаніяў. У ліпені 2007 году кампанія Universal Music Group вырашыла не працягваць доўгатэрміновыя кантракты з iTunes. Гэтае рашэньне было зьвязана ў першую чаргу з цэнаўтварэньнем на песьні, паколькі Universal хацела мець магчымасьць спаганяць вялікую альбо меншую плату ў залежнасьці ад выканаўцы, адыходзячы ад стандартнай на той момант цэны iTunes — 99 цэнтаў ЗША за песьню. Многія лідэры індустрыі лічаць, што гэта толькі першае з многіх супрацьстаяньняў паміж Apple Inc. і рознымі гуказапіснымі лэйбламі[6].
Паводле дасьледаваньня сайта TorrentFreak, 38 % швэдзкіх артыстаў падтрымліваюць запампоўку файлаў з файлаабменьнікаў і сьцьвярджаюць, што гэта дапамагае артыстам на раньніх этапах карʼеры. Артысты, у тым ліку швэдзкі рок-гурт Lamont, атрымлівалі прыбытак ад файлаабмену[7].
У розных краінах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэты разьдзел патрабуе пашырэньня. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго. |
Агляд спампаваньня музыкі ва ўсім сьвеце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле некаторых ацэнак, ужо ў 2006 годзе лічбавыя продажы музыкі дасягалі 2 мільярдаў даляраў ЗША[8]. У тым жа годзе ў сьвеце праз Інтэрнэт было прададзена каля 509 мільёнаў песьняў[9].
Вялікабрытанія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Брытанская кампанія Official Charts Company пачала ўключаць спампаваныя песьні ў чарт UK singles chart 17 красавіка 2005 году, пасьля чаго радыёстанцыя Radio 1 перастала трансьляваць асобны чарт спампаваных песьняў[10][11][12], хоць чарт па-ранейшаму складаецца.
Пачаткова гэта было зроблена пры ўмове, што песьня павінна была адначасова выпускацца на фізычным носьбіце; гэтае правіла было цалкам скасаванае 1 студзеня 2007 году, што азначае, што цяпер у чарт трапляюць усе продажы, зьвязаныя са спампаваньнем.
Злучаныя Штаты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле справаздачы Nielsen Holdings, у 2012 годзе на долю спампаванай музыкі прыпадала 55,9 % усіх музычных продажаў у ЗША[b][13]. Да пачатку 2011 году толькі крама iTunes Store кампаніі Apple прынясла 1,1 млрд даляраў ЗША ў першым квартале фінансавага году[14]. Паводле зьвестак RIAA, у 2012 годзе ў ЗША доля спампаванай музыкі ў даходах індустрыі дасягнула 43 %, а ў 2022 годзе зьнізілася да 3 %[15].
Амэрыканская асацыяцыя гуказапісных кампаніяў супраць нелегальнага спампаваньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Індустрыя гуказапісу супраць Napster[c]: у пачатку 2000-х гадоў на Napster быў пададзены пазоў у сувязі з масавым парушэньнем аўтарскіх правоў на музыку з боку гуказапіснай індустрыі — пазоў (паводле якога сэрвісу была вынесеная папярэдняя судовая забарона) завяршыўся закрыцьцём бясплатнага абмену музыкай паміж карыстальнікамі Napster.
Амэрыканская асацыяцыя гуказапісных кампаніяў (анг. Recording Industry Association of America, RIAA) кантралюе каля 85 % вытворчасьці, распаўсюджваньня й выпуску музыкі ў ЗША. Іхная заяўленая мэта — падтрымаць творчасьць артыстаў і дапамагчы ім не застацца бяз грошай з-за незаконнага спампаваньня[16]. RIAA пачала свае першыя судовыя працэсы 8 верасьня 2003 году супраць асобаў, якія незаконна спампавалі музычныя файлы зь сеткі Kazaa FastTrack.
Праз два гады пасьля пачатку кампанія перажыла прынамсі адно сурʼёзнае судовае разьбіральніцтва. У лютым 2006 году RIAA заявіла, што падала 750 пазоваў[17] супраць асобаў, якія запампоўваюць музычныя файлы без аплаты, у надзеі пакласьці канец музычнаму пірацтву ў Інтэрнэце. RIAA спадзяецца, што іхная кампанія прымусіць людзей паважаць аўтарскія правы музычных лэйблаў і ў канчатковым выніку зьвядзе да мінімуму колькасьць нелегальных спампаваньняў[18].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Марк Харыс. Купля музыкі: Спампаваць песьні ці слухаць музыку анлайн?. be.eyewated.com. Праверана 4 студзеня 2025 г. Архіўная копія ад 3 студзеня 2025 г.
- ^ а б Chris Smith. (12 красавіка 2015) Downloading music vs streaming music: Which is best for you? (анг.). BT. Архіўная копія ад 22 траўня 2016 г.
- ^ Hwang, Jenq-Neng. Multimedia Networking: From Theory to Practice (анг.). — Cambridge University Press, 2009. — С. 50. — ISBN 9780521882040
- ^ James Geddes. (25 чэрвеня 2015) Streaming Via Apple Music, Spotify And Others: Why Owning Your Music Still Has The Edge (анг.). Tech Times. Праверана 4 студзеня 2025 г. Архіўная копія ад 4 траўня 2016 г.
- ^ а б в Miller, Michael. The Ultimate Digital Music Guide: The Best Way to Store, Organize and Play Digital Music (анг.). — Que Publishing, 24 ліпеня 2012. — 597 с. — ISBN 978-0-13-298285-6
- ^ Jeff Leeds. Universal in Dispute With Apple Over iTunes (анг.) // The New York Times, 2 ліпеня 2007 г. Праверана 4 студзеня 2025 г.
- ^ Ernesto Van der Sar. (1 красавіка 2008) Swedish Artists Want to Legalize Filesharing (анг.). TorrentFreak. Праверана 4 студзеня 2025 г.
- ^ 2007 IFPI Digital Music Report (анг.). IFPI. Архіўная копія ад 8 лістапада 2008 г.
- ^ The Tables Have Turned: Rock Stars — Not Record Labels — Cashing In On Digital Revolution (анг.). IBISWorld (19 чэрвеня 2008). Архіўная копія ад 10 красавіка 2008 г.
- ^ What are the Official Charts, why do they matter, and how do I register? (анг.). www.isrc.com. Праверана 4 студзеня 2025 г. Архіўная копія ад 19 студзеня 2024 г.
- ^ Roy Martin. (22 красавіка 2021) Radio 1 Relax service launches on BBC Sounds (анг.). RadioToday. Праверана 4 студзеня 2025 г.
- ^ Susanna Lazarus. (21 кастрычніка 2018) Charlie Sloth to leave Radio 1 immediately (анг.). Radio Times. Архіўная копія ад 25 студзеня 2024 г.
- ^ Ingrid Lunden. (4 студзеня 2013) Download Me Maybe: U.S. Music Market Up By 3.1 %, Fuelled By 1.3B Digital Track Sales In 2012, Says Nielsen (анг.). TechCrunch. Праверана 4 студзеня 2025 г. Архіўная копія ад 6 студзеня 2013 г.
- ^ Apple’s iTunes revenues top $1.1 billion in Q1 (анг.). FierceMobileContent (19 студзеня 2011). Архіўная копія ад 12 траўня 2011 г.
- ^ Year End Music Industry Revenue Report (анг.) (PDF). Амэрыканская асацыяцыя гуказапісных кампаніяў (RIAA). Праверана 4 студзеня 2025 г.
- ^ For Students Doing Reports (анг.). RIAA. Праверана 4 студзеня 2025 г. Архіўная копія ад 10 красавіка 2012 г.
- ^ RIAA Announces New Round Of Music Theft Lawsuits (анг.). RIAA (28 лютага 2006). Архіўная копія ад 31 студзеня 2009 г.
- ^ Jason Krause. Breaking up downloading (анг.) // ABA Journal : часопіс. — Атлянта: Research Library; ProQuest; Georgia State University Library, 2006. — В. 92. — С. 16, 18.(патрэбная рэгістрацыя)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Miller, Michael. The Ultimate Digital Music Guide: The Best Way to Store, Organize and Play Digital Music (анг.). — Que Publishing, 24 чэрвеня 2012. — С. 32, 34. — 597 с. — ISBN 978-0-13-298285-6, часткі:
- Download Digital Tracks — Legally. — С. 32;
- Download Digital Tracks — Not So Legally. — С. 34.
- The six best digital music download sites (анг.) // The Daily Telegraph : часопіс. — 16 кастрычніка 2008.
- Where to download music legally (анг.) // Guardian : часопіс.