Перайсьці да зьместу

Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Слуцкія паясы

Слуцкая пэрсыярня, або Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў  — мануфактура, якая дзейнічала ў 1740—1846 гадах у Слуцку.

Слуцкая пэрсыярня пачала існаваць з 1730-х гадоў з ткальняў, закладзеных Геранімам Флярыянам Радзівілам[1]. На мануфактуру быў запрошаны з г. Станіслава (цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) майстар Ян Маджарскі.

У 1760-х гадах да Слуцкае пэрсыярні далучана Нясьвіская пэрсыярня, што існавала з 1740-х гадоў у Нясьвіскім прыгарадзе Альба.

У 1793 годзе рабіла 60 работнікаў, было 28 станкоў. Выраблялі слуцкія паясы, а таксама шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, падвязкі, стужкі, габэлены, дываны.

У час росквіту пэрсыярні на ёй выраблялася каля 200 паясоў штогод[2].

З пачатку XIX стагодзьдзя выпускала пераважна тканіны для літургічнага ужытку.

У вайну 1812 году мануфактура была разрабавана, яе будынкі пашкоджаны, а работнікі распушчаны ці зьбеглі. Аднаўленьне адбылося ў 1814 годзе і работа працягвалася без вялікага посьпеху да 1846 года, пакуль тагачасны гаспадар горада В. Радзівіл не зачыніў яе назаўсёды[3].

У пачатку тут рабілі турэцкія прыхадні, якіх запрасілі ўзамен за добрую плату. Зь цягам часу падрыхтаваны беларускія работнікі ручнога шаўкаткацтва М. Барановіч, І. Барсук, Ян Гадоўскі, Капчыла, Дойка, Тамаш Хаецкі і інш.

Трэба адзначыць, што на Слуцкае пэрсыярні ад першых да апошніх гадоў яе існаваньня рабілі толькі мясцовыя людзі — галоўным чынам мяшчане і шляхціцы са Слуцка і ваколіц, з Нясьвіжа, Урэчча, Сьвержня. Аднак у некаторых лістах згадваюцца асобы з больш далёкіх краёў Вялікага Княства Літоўскага[3].

  1. ^ Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с ISBN 978-985-01-1080-0. С. 18.
  2. ^ Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с ISBN 978-985-01-1080-0. С. 25.
  3. ^ а б Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с ISBN 978-985-01-1080-0. С. 20.
  • 30 Трызна Дз. С. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2002 Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая персіярня.
  • Карпачоў Я. М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад, навук. 1982. № 3.