Рух жоўтых камізэлек
Рух жо́ўтых камізэ́лек (па-француску: mouvement des Gilets jaunes) — ініцыяваны зьнізу сацыяльна-палітычны пратэсны рух за эканамічную справядлівасьць, што пачаўся ў Францыі ў лістападзе 2018. Камізэлькі пратэстуюць супраць высокай цаны на жыльлё і паліва, эканамічнай няроўнасьці ды патрабуюць павышэньня мінімальнай заробнай платы, спыненьня росту цэн, вяртаньня падатку на багацьце, скасаванага ў 2017, магчымасьці ініцыяваць народныя рэфэрэндумы. Пратэсты — гэта ў асноўным дэманстрацыі і блякаваньне дарог і паліўных складоў. Некаторыя дэманстрацыі суправаджаліся гвалтам і пагромамі такіх маштабаў, якіх Францыя не бачыла з траўня 1968. Рэакцыя паліцыі была жорсткай, часам, — на думку міжнароднай супольнасьці — жорсткай празьмерна. Зімой 2018/19 жоўтая камізэлька як сымбаль пратэсту неаднойчы ўжывалася ў іншых краінах сьвету.
Усё пачалося з онлайн-пэтыцыі, якая была апублікавана ў траўні 2018 і набрала блізу мільёна подпісаў, а працягнулася ў сацыяльных сетках. Першая вулічная акцыя адбылася 17 лістапада 2018 года пасьля чарговага павышэньня цаны на бэнзін. Пратэстоўцы сьцьвярджаюць, што падатковы цяжар ляжыць на працоўных і сярэднім клясе, і становіцца асабліва адчувальным у сельскіх і перы-ўрбанізаваных раёнах. Згодна з апытаньнямі, рух ахоплівае шырокі палітычны спэктар — ад крайніх левых з аднаго боку да крайніх правых з другога, да ўвогуле абыякавых да палітыкі з трэцяга; у палітычным сэнсе ўдзельнікаў аб'ядноўвае хіба тое, што яны не галасавалі за Макрона ў 2017 і былі б не супраць, каб сёньняшні прэзыдэнт сышоў.
Візуальнай пазнакай пратэсту была абрана жоўтая камізэлька, якую ў Францыі ўсе кіроўцы абавязаны мець у сваіх аўто і апранаць у надзвычайных сытуацыях. Акрамя паўсюднасьці, да пераваг камізэлек адносяцца заўважнасьць, унівэрсальнасьць, зручнасьць і асацыяцыя з працоўнымі клясамі.