Расьціслаў Лапіцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лапіцкі.
Расьціслаў Лапіцкі
Род дзейнасьці кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэньня 1 верасьня 1928
Месца нараджэньня в. Касута, Віленскае ваяводзтва, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 28 кастрычніка 1950
Месца сьмерці урочышча Красны Беражок каля Вялейкі, БССР
Грамадзянства СССР
Бацька Аляксандар Лапіцкі

Расьцісла́ў Лапі́цкі (1 верасьня 1928, в. Касута, цяпер Вялейскі раён Менскай вобласьці — 28 кастрычніка 1950) — арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948—1950 гадах.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 1 верасьня 1928 году на Вялейшчыне ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага сьвятара Аляксандра Лапіцкага. У часе Другой сусьветнай вайны зь сям’ёй пераехаў на Мядзельшчыну, дзе бацька атрымаў у Кабыльніку царкоўны прыход. Тут у 1944 Расьціслаў пайшоў вучыцца ў толькі што адчыненую Кабыльніцкую сямігодку. У гэты ж час праз старэйшага брата Алега Лапіцкага — сэмінарыста Віленскай духоўнай сэмінарыі — ён далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай сэмінарыі. Пасьля разгрому арганізацыі і арышту значнай часткі яе ўдзельнікаў 16-гадовы Расьціслаў быў таксама асуджаны, як малалетні, на тры гады зьняволеньня. Аднак па амністыі ў сувязі зь перамогай над фашысцкай Нямеччынай у 1945 быў вызвалены з турмы і вярнуўся ў Кабыльнік, дзе працягваў школьнае навучаньне.

Пасьля сьмерці бацькі ў 1946 асірацелая сям’я — маці і сын — зімой з 1946 на 1947 перабіраюцца ў Мікасецак непадалёку Мядзелу, дзе Расьціслаў спрабаваў знайсьці нейкі заробак пры мясцовай царкве. Зь Мікасецку ж юнак хадзіў і ў Мядзельскую дзесяцігодку ў 7, 8 і 9 клясы.

Антысавецкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расьціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся сваімі ярка выражанымі антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі. Былая вучаніца школы Захарэвіч успамінала крылаты выраз юнака: «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — зьнішчы яе». Сваіх думак і перакананьняў не хаваў, зь юначым запалам адстойваў іх нават на ўроках.

Нястачы і голад не пакідалі Лапіцкіх у Мікасецку. У пошуках нейкага паратунку восеньню 1949 году маці з сынам пешкі, ведучы на вяроўцы карову-карміліцу, падаліся за 80 км у Смаргонь. У Смаргоні Расьціслаў пайшоў у дзясятую клясу мясцовай школы.

І падчас вучобы ў Мядзельскай школе, і ў Смаргонскай школе Расьціслаў зьбіраў вучнёўскую моладзь, якую аб’ядноўваў антыкамунізм, у антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю. Арганізацыяй выдаваліся антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. Пасьля масавага зьяўленьня ў Смаргоні ў пачатку сьнежня 1949 антыкамуністычных улётак Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасьля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.

Арышт і прысуд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарада падпольнай арганізацыі вырашыла, што Лапіцкаму неабходна пакінуць Смаргонь. І ён зноў тайна вяртаецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Тут яго знайшоў Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанам Арміі Краёвай пераправіць яго за мяжу. Аднак хворы Расьціслаў ня змог выкарыстаць гэты паратунак. У Кабыльніку ж ён быў паўторна арыштаваны. Да суду ўтрымліваўся ў нядобра славутай турме ў Вяленцы, дзе на допытах яго жорстка катавалі. Аднаму таксама арыштаванаму вучню кабыльніцкай школы ўдалося падгледзець, як па турэмным калідоры вялі Расьціслава, зьбітага так, што ня мог сам ісьці, выглядаў на старога дзеда.

Суд над Расьціславам Лапіцкім і большасьцю ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля адбыўся ў Маладэчне ў чэрвені-ліпені 1950. Было асуджана ўсяго дзевятнаццаць чалавек. Двое, Расьціслаў Лапіцкі і Факунда Несьцяровіч, былі прыгавораныя да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся ад прапановы прасіць памілаваньня. Зянон, Аўгусьцін і Ганна Ахрамовічы, Восіп Блізьнюк, Анатоль Карней, Юзаф Качэрга, Эдуард Сташкевіч, Тадэвуш Хацілоўскі, Леакадзія і Часлаў Цыбоўскія, Тамара Юшкевіч — да дваццаці пяці гадоў зьняволеньня. Тацьцяна Юшкевіч, Канстанцін Іваноўскі, Зьбігнеў Пашкевіч, Марыя Барташэвіч былі асуджаныя да дзесяці гадоў няволі, Часлава Ашукоўская — да васьмі. Адзін з падпольшчыкаў, Генадзь Нафрановіч, падчас затрыманьня застрэліўся.

Расстраляны ў ноч на 28 кастрычніка 1950 году ва ўрочышчы Красны Беражок. Пра расстрэл Расьціслава Лапіцкага паведаміў асуджанай па справе мядзельска-смаргонскага падпольля Леакадзіі Цыбоўскай і наглядчык маладэчанскай турмы.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]