Равячка (археалягічныя помнікі)
Равячка — археалягічныя помнікі: гарадзішча I — IV стст. н. э. культуры штрыхаванай керамікі і 2 селішчы VI — VII стст. н. э. банцараўскай культуры каля вёскі Равячка Мядзельскага раёну.
Гарадзішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на ўзвышшы сярод поплаву р. Сэрвач. Памер 55х38 м. Выявіў у 1967 г. і дасьледаваў у 1974 Аляксей Мітрафанаў. Пляцоўка ўмацавана сыстэмай валоў і ірвоў. Першы вал вышынёй 0,7 м, шырынёй 4 м знаходзіцца з паўночна-ўсходняга боку пляцоўкі, за ім роў глыбінёй 2 м і шырынёй каля 6 м, другі і трэці валы з 2 равамі — з паўднёва-заходняга боку пляцоўкі. Вышыня валоў 1 м, шырыня 5 — 7 м, глыбінёй равоў 0,5 — 0,6 м, шырынёй 6—7 м. Культурны пласт 0,3 — 1 м. Знойдзены фрагмэнты рабрыстых і слоікавых штрыхаваных пасудзін, косьці жывёл і шлакі.
Селішча-1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца за за 0,4 км на поўдзень ад заходняй ускраіны вёскі. Займае частку поля і поплаву р. Сэрвач. Плошча 0,4 — 0,5 га. Выявіў і абсьледаваў у 1973 г. Аляксей Мітрафанаў. Культурны пласт 0,1 — 0,2 м. Знойдзены абломкі ляпнога гладкасьценнага посуду.
Селішча-2
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі, на ўзвышшы правага берага р. Сэрвач. Памеры 165х30 — 35 м. Вышыня 4 — 5 м. Выяўлены у 1967 г., дасьледаваў у 1973—1975 гг. Аляксей Мітрафанаў (1292 м²). Культурны пласт 0,4 — 0,5 м.
Выяўлены рэшткі 4 прамавугольных у пляне жытлаў зрубнай канструкцыі з 2-схільнымі дахамі. 2 наземныя жытлы плошчай 11,5 і 16,8 м² урэзаны ў схіл узвышша, унутры печы-каменкі ў выглядзе развалаў абпаленых камянёў. Адна паўзямлянка плошчай 15,2 м² заглыблена ў зямлю на 0,5 м, мела агнішча ў выглядзе выбрукоўкі з дробных камянёў на пясчанай падсыпцы. Другая паўзямлянка заглыблена ў зямлю на 0,6 м (раскапана часткова), мела ўнутры печ-каменку.
Знойдзены ляпная гладкасьценная і штрыхаваная кераміка, слабапрафіляваныя і слоікавыя пасудзіны, жалезныя нажы з выгнутай і прамой сьпінкай, навершы дзяржаньняў якіх мелі S-падобныя і сьпіралепадобныя завіткі, бронзавыя трубачкі, жалезныя шылы, гліняныя біканічныя прасьліцы з вялікімі адтулінамі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мітрафанаў, А. Р. Равячка / А. Р. Мітрафанаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: У 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2011. — 464 с.: іл. — С. 242. — ISBN 978-985-11-0549-2.
- Мітрафанаў, А. Р. Равячка / А. Р. Мітрафанаў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с — С. 528. — ISBN 5-85700-077-7.
- Митрофанов, А. Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н. э. — VIII в. н. э.) / А. Г. Митрофанов; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1978. — 160 с — С. 85 — 87.
- Митрофанов, А. Г. Раскопки близ дер. Ревячка / А. Г. Митрофанов // Археологические открытия 1975 года / АН СССР, Ин-т археологии; [отв. ред. Б. А. Рыбаков]. — М.: Наука, 1976. — 602 с, 1 л. ил.: ил. — С. 423.
- Равячка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 38. — ISBN 985-11-0214-8.