Перайсьці да зьместу

Пінска-Валынскі добраахвотны батальён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пінска-Валынскі добраахвотны батальён
Пинско-Волынский добровольческий батальон

Батальён увосені 1918 году.
Гады існаваньня 1918—1920
Краіны Сьцяг Украіны УНР (кастрычнік-лістапад 1918)
Сьцяг Польшчы Польшча (люты-верасень 1919)
Сьцяг Расеі Поўдзень Расеі (сьнежань-красавік 1920)
Падпарадкаваньне Палеская група
9-я пяхотная дывізія
Узброеныя сілы Поўдня Расеі
Тып пяхота
Функцыя змаганьне з бальшавікамі
Колькасьць 150 жаўнераў (лістапад 1918)
752 жаўнеры (19 ліпеня 1919)
120 жаўнераў (сьнежань 1919)
164 жаўнеры (жнівень 1920)
Дысьлякацыя Піншчына, Павонзкі, Крым
Мянушкі Расейскі легіён, Расейская афіцэрская дружына
Войны Грамадзянская вайна ў Расеі
Палескае паўстаньне
Польска-савецкая вайна
Удзел у Абарона Крыма (пачатак 1920)
Вядомыя камандзіры Антон Бахенскі

Пі́нска-Валы́нскі до́браахво́тны батальён (па-расейску: Пинско-Волынский добровольческий батальон) — адзінае белагвардзейскае расейскае вайсковае падразьдзяленьне, сфармаванае на Беларусі[1]. У польскім войску спачатку мела назву «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту», пазьней «Пінскі добраахвотны батальён». Батальён удзельнічаў у захопе Пінску польскімі войскамі і ў абароне Крыму.

Шыхт Пінска-Валынскага добраахвотнага батальёну ўвосені 1918 году.

Беларускае мястэчка Пінск было захопленае Нямеччынай у кастрычніку 1918 году, адначасова пры гэтым Пінск уваходзіў у склад Украінскае Народнае Рэспублікі. Зьяўленьне тут невялічкага (каля 150 чалавек)[1] ахвіцэрскага атраду, верагодней за ўсё, было рэакцыяй на антыгетманаўскі пераварот, які адбыўся ва Ўкраіне ў лістападзе 1918 году[1]. Аднак збольшага лічыцца датай сфармаваньня батальёну кастрычнік 1918 году[2][3][4]. Атрад быў сфармаваны і ўзначалены ўраджэнцам Століншчыны капітанам Антонам Бахенскім, энэргічным ахвіцэрам. Пінскі атрад, злучыўшыся з Мазырскім, пасьпяхова абараняўся ад пятлюраўцаў увесь сьнежань1918 году[1].

У Войску Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Лінія(недаступная спасылка) фронту ў сярэдзіне студзеня 1919 году.

У студзені 1919 году нямецкія жаўнеры сыйшлі зь мястэчка. 23 студзеня палескія добраахвотнікі далі бой палескім паўстанцам і бальшавікам каля чыгуначнай станцыі Пінск, аднак з-за няроўнасьці сілаў яны адступілі на захад ад мястэчка ўздоўж чыгуначнай лініі і хутка сустрэліся зь перадавымі часткамі Войска Польскага. Рэакцыя палякаў на жаўнераў спачатку была насьцярожанай, але затым прыкладна 10-12 лютага 1919 году ў Кобрыні атрад афіцыйна ўвайшоў у склад польскай арміі. Магчыма, згуляла сваю ролю і тое, што камандовец польскай апэрацыйнай суполкі «Падляшша» генэрал Антоні Лістоўскі раней быў генэралам Расейскай арміі. Пры ўваходзе ў склад польскага войска атрад захаваў свой камандны склад, расейскую форму і запасы зброі (тысячу стрэльбаў, 8 кулямётаў ды 3 мінамёты)[1], прычым частцы было дадзенае імя «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту». Адначасна сустракаліся і болей простыя назвы кшталту «Расейскі легіён», «Расейская ахвіцэрская дружына». Апошні назоў зьвязаны з тым, што на той момант з 200 чыноў батальёну абсалютная бальшыня мела менавіта афіцэрскія годнасьці.

Апэрацыйная суполка «Падляшша» на той момант складалася з 6 батальёнаў, 5 конных эскадронаў і партызанскага атраду. Менавіта Батальён Беларуска-Літоўскага фронту стаў ударнай сілаю ў далейшым наступленьні. 19 лютага 1919 году[1] батальён выбіў з Антопалю бальшавікоў, а ўжо 5-7 сакавіка[1] штурмаваў Пінск, у які першым і ўвайшоў 17 сакавіка[5].

Спроба скасаваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас удачнага наступленьня лёс батальёну ўпершыню быў под пагрозай расфармаваньня. Нявольна спрычынілася да гэтага расейская варшаўская газэта «Варшавская речь», якая зьмясьціла шэраг аб’яваў з заклікамі ўступаць у «расейскія партызанскія атрады». 27 лютага 1919 году вядомы польскі палітык Мячыслаў Недзялкоўскі даў рэзкі адказ гэтаму, заявіўшы, што «баявое брацтва» расейцаў і палякаў ня толькі непатрэбнае, але й шкоднае. На гэтым фоне 4 сакавіка быў падрыхтаваны прыказ пра расфармаваньне батальёну. Аднак Антоні Лістоўскі быў зацікаўлены ў наяўнасьці на фронце стойкай і баяздольнай часткі таму, каб зьберагчы яе, ён проста перайменаваў батальён у «Пінскі добраахвотны батальён». Такім чынам, зьмяніўшы шчыра «расейскую» вывеску, частка захавалася і пастаянна папаўнялася людзьмі — так, на 19 ліпеня 1919 году батальён налічваў ужо 755 штыкоў, прытым што ўсяго пад камандаваньнем Лістоўскага на той момант было каля 4200 чалавек. Эмігранцкі часопіс «Двуглавый орёл» пра заслугі Пінскага батальёну пісаў:

Цягам шмат якіх месяцаў гэтыя людзі змагаліся з бальшавікамі пад найвышэйшым польскім камандаваньнем, з польскім аднагаловым арлом над рускай цэшкай; батальён прымаў удзел ва ўсіх найболей цяжкіх баях і праявіў вялікую мужнасьць.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
В течение многих месяцев эти люди сражались с большевиками под высшим польским командованием, с польским одноглавым орлом над русской кокардой; батальон принимал участие во всех наиболее тяжелых боях и проявил большую доблесть.

Ляяльнасьць батальёну

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляяльнасьць ахвіцэраў батальёну польскаму камандаваньню не была вялікай. Значная іхная колькасьць успрымала сваю службу ў Войску Польскім як часовы захад і чакала любой магчымасьці, каб далучыцца да асноўных расейскіх войскаў. Польскі аўтар зафіксаваў выпадак, калі афіцэры Пінскага батальёну, з запалам слухаючы навіны пра летняе наступленьне Добраахвотнай арміі ва Ўкраіне, пачалі зрываць з фуражак польскіх «белых арлоў». Тады ж польская контрвыведка з трывогаю паведамляла пра наяўнасьць у шэрагах батальёну «каля 15 выведнікаў», якія аналізавалі сытуацыю на фронце «ў духу, варожым нашай дзяржаўнасьці», хаця ў батальёне ваявалі ня толькі афіцэры расейскай, беларускай і ўкраінскай нацыянальнасьці, але й польскай.

12 ліпеня 1919 году Палеская суполка войскаў генэрала Антонія Лістоўскага была ператвораная ў 9-ю дывізію, а ў хуткім часе камандаваньне над ёю прыняў палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі, які ў адрозьненьне ад Лістоўскага, не адчуваў ніякіх настальгічных сымпатыяў да расейцаў. Ужо 17 жніўня Сікорскі рапартаваў пра тое, што Пінскі батальён «небясьпечны» і прыняў рашэньне пра яго расфармаваньне. Менавіта падчас гэтага ў крыніцах зьяўляецца найболей распаўсюджанае найменьне часткі — Пінска-Валынскі батальён. На практыцы атрымалася, што частку ня толькі расфармавалі, але й фактычна інтэрнавалі. Увосені раззброеныя «пінчукі» пад польскім канвоем адправіліся ў лягер Павонзкі тады яшчэ каля Варшавы, адкуль у лістападзе былі пераведзеныя ў лягер Седльцы. У лягеры было грубае і абыякавае стаўленьне ахоўнікаў, актыўная праца вярбоўнікаў, якія прапанавалі ўступаць у Войска Польскае, беспакараныя дзеяньні бальшавіцкіх агентаў. Акрамя раззбраеньня батальён таксама пазбавіўся пагонаў з формы, а з фуражак — цэшак.

У Паўднёвай Расеі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 1919 году галава Часовага краёвага ўраду Аляксандар Бахановіч пісаў у сваім дакладзе міністру замежных справаў Усерасейскага ўраду Калчака Сяргею Сазонаву:[5]

Нам павінна быць дазволенае формаваньне расейскай добраахвотнай арміі ў межах краю, і за кадр фармаванбняў павінны быць узяты Пінска-Валынскі Добраахвотны Расейскі батальён, які знаходзіцца сёнбня ў складзе Польскай арміі пад камандаванбнем польскага генэрала Лістоўскага. Узяўшы за кадр наш родны і намі створаны батальён, мы ў хуткім часе зможам стварыць ваярскі атрад, варты нашага краю, які будзе лічыць за гонар прыняць удзел у агульнай працы ў стварэньні нашай вялікай Расеі.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Нам должно быть позволено формирование русской добровольческой армии в пределах края, и за кадр формирований должен быть взят Пинско-Волынский Добровольческий Русский батальон, находящийся ныне в составе Польской армии под командованием польского генерала Листовского. Взявши за кадр наш родной и нами созданный батальон, мы в короткое время сумеем создать воинский отряд, достойный нашего края, который будет считать за честь принять участие в общей работе по созданию нашей великой России

У сьнежні 1919 году пачалося паступовае перабросваньне ахвіцэраў батальёну ў Крым; першы транспарт, паводле сьведчаньня мэмуярыста, кінуў якар у Эўпаторыі 6 студзеня 1920 году:

У Джанкоі генэрал Слашчоў зладзіў агляд нашаму атраду, застаўся задаволены ім і прыказаў адразу ж адпраціцца на пазыцыю, да Чангарскага моста.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
В Джанкое генерал Слащов произвел смотр нашему отряду, остался доволен им и велел тотчас же отправляться на позицию, к Чонгарскому мосту.

Цягам гэтага месяца з Польшчы на паўвостраў пасьпелі прыбыць каля 120 чалавек; яшчэ каля 700 вярнуліся ў Польшчу з Румыніі, з-за адмовы румынаў прапусьціць іх цераз сваю тэрыторыю. Магчыма, частка гэтых людзей змагла ўсё-такі апынуцца ў Крыме ў жніўні 1920 году, калі пачалося масавае перабросваньне з Польшчы брэдаўцаў, Румынія ўжо не падавала ніякіх прэтэнзіяў.

У студзені 1919 году батальён прыняў удзел у абароне Крыма пад камандаваньнем Якава Слашчова, — дакладней, ён абараняў чыгуначную станцыю Біюк-Анлар (Сёньня Элеватарная) каля вёскі Навалексяеўкі. Акрамя «пінчукоў», абарону станцыі трымалі Сводна-Чачэнскі полк (200 шашак), канвой штабу корпусу (100 шашак), тры танкі і тры бронецягнікі, «пінчукі» былі адзінай пяхотнай часткаю, якая абараняла станцыю.

29 красавіка 1920 году Пінска-Валынскі добраахвотны батальён афіцыйна быў расфармаваны. Батальёнавы 120 жаўнераў[2][3], якія выжылі ў баях за Крым, былі далучаныя да 50-га пяхотнага Беластоцкага палку, які ўваходзіў у склад 13-й пяхотнай дывізіі генэрал-маёра Георгія Андгуладзэ (2-і армейскі корпус). Паводле Вячаслава Бандарэнкі, на 1 жніўня 1920 году ў шэрагах батальёну былі 164 жаўнеры (колькасьць ахвіцэраў невядомая)[1].

Адзін з афіцэраў Пінска-Валынскага батальёну пазьней пісаў:[1]

Ня ведаю, каго асудзіць гісторыя, каго апраўдае, але мы, змагаліся супраць бальшавікоў, жадалі дабра толькі Расеі і лічылі, што галоўнымі че ворагамі збяўляюцца бальшавікі, а не палякі.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Не знаю, кого осудит история, кого оправдает, но мы, сражаясь против большевиков, желали добра только России и считали, что главными ее врагами являются большевики, а не поляки

У Польскім Войску

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асабовы склад батальёну насіў старую паходную расейскую форму з цэшкаю царскай Расіі на аколышцы, але зь белым польскім арлом на тульлі фуражкі.

За аснову батальёнавага сьцяга быў узяты расейскі сьцяг гербавых колераў (бела-жоўта-чорны), які быў перавёрнуты. На пярэднім баку ў цэнтры намаляваны герб Пінску (лук на гішпанскім шчыце), а вышэй за яго — польскі арол у чырвоным ромбе. Польскі арол падзяляе надпіс «Городъ Пинскъ» (па-беларуску: Места Пінск). Абкружае дугою ўсе папярэднія элемэнты на сьцягу надпіс «Пинско-Волынскому Добровольческому Баталіону» (па-беларуску: Пінска-Валынскаму Добраахвотнаму Батальёну).

На заднім баку ў цэнтры спокліч вядомы расейскі спокліч «Съ Нами Богъ» (па-беларуску: З намі Бог), а ў верхнім куце (бліжэйшым да дрэўка) чорнае кола з выявай нейкай асобы.

  1. ^ а б в г д е ё ж з Вячеслав Бондаренко. «Мы желали добра только России»: история единственной белогвардейской части, созданной в Белоруссии  (рас.) // Телескоп. — 30 красавіка 2020 года.
  2. ^ а б Пинско-Волынский добровольческий батальон  (рас.) // История Пинска.
  3. ^ а б Кирилл Аверьянов-Минский. Белые белорусы: прокляты и забыты  (рас.) // EurAsia Daily. — 16 студзеня 2017 года.
  4. ^ Вячеслав Бондаренко. Уроки революции: почему белорусский народ сделал выбор в пользу России  (рас.). — 19 жніўня 2017 года.
  5. ^ а б Кирилл Аверьянов-Минский. Полонизация Белоруссии  (рас.). — 24 лістапада 2016 года.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]