Пячарка
Пячарка | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Грыбы |
Падцарства | Вышэйшыя грыбы |
Аддзел | Базыдыёміцэты |
Кляса | Агарыкаміцэты |
Атрад | Агарыкавыя |
Сямейства | Пячурыцавыя |
Род | Пячурыца |
Від | Пячарка |
Бінамінальная намэнклятура | |
Agaricus arvensis | |
Пяча́рка, шампіньён лясны́ (па-лацінску: Agaricus arvensis) — від грыбоў роду пячурыцы.
- Psalliota arvensis (Schaeff.) P.Kumm. 1871
- Pratella arvensis (Schaeff.) Gillet 1878
- Fungus arvensis (Schaeff.) Kuntze 1898
- Psalliota campestris (Schaeff.) Cheel 1913
і інш.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пладовае цела буйное. Капялюш тоўстамясісты, сьпярша акругла-званочкавы, з загорнутым краем і з прыватнай покрыўкай, пазьней пуката—раскінуты або раскінуты, зь невялікім шырокім бугарком або зьлёгку прыплясканы ў цэнтры, часам з хвалістым краем і з рэшткамі покрыўкі па краі; 8—20 см у дыямэтры; белы або крэмавы, з узростам — з вохраным адценьнем, марудна жаўцее ад дотыку; шаўкавісты, гладкі або пакрыты валакністымі жаўтаватымі ці бураватымі лускамі; пры сухім надвор’і часта растрэскваецца па краі.
Мякіш шчыльны, з узростам мякчэйшы, белы або жаўтаваты (у сьпелых грыбоў), саладкаваты. На зломе мякіш крыху жаўцее. Мае характэрны пах анісу або мігдалаў (асабліва ў маладых грыбоў).
Пласьцінкі частыя, уздутыя, шырэйшыя да пэрыфэрыі, вольныя ля ножкі, 8—12 мм шырынёю, сьпярша белыя, шэравата—белаватыя, пазьней шэравата—бураватыя, пасьля гарчычныя, бура-фіялетавыя, бура-чакалядныя або амаль чорныя.
Ножка 6—10 см вышынёю, 1—1,5 см шырынёю, цыліндрычная, гладкая, пашыраная ці патоўшчаная да асновы; з буйным шырокім белым двухслойным кальцом[1] у верхняй траціне ножкі (ніжняе кальцо — карацейшае, з жаўтаватым краем, зубчастае); валакністая, у маладых грыбоў суцэльная, пазьней — з вузкай паланінаю (фистульная), лёгка аддзяляецца ад капялюшыку, з шматкападобным налётам у аснове; аднаго колеру з капялюшыкам, пры націсканьні жаўцее. Мякіш у аснаваньні ножкі не набывае жоўтага адценьня.
Споравы парашок чорна—карычневы. Споры 7—9 x 4.5—6 мкм, яйкападобна-эліпсоідныя, гладкія, карычневыя. Хейляцыстыды танкасьценныя, яйкападобныя, 11—26 x 9—18(21) мкм.
Колеравыя хімычныя рэакцыі: мякіш дае жоўтую афарбоўку з гідраксідам калю.
Распаўсюджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шырока распаўсюджаны і шырока расьце на глебе, у асноўным на адкрытай прасторы, парослай травой, — лугох, лясных палянах, уздоўж дарог, на вырубках, у садох і парках, радзей на пашах. Сустракаюцца як на роўнядзях, так і ў гарах. Пладовыя целы зьяўляюцца паасобку, групамі ці вялікімі групамі; часта ўтвараюць дугі і кольцы. Частка растуць побач з жыгучкай. Каля дрэваў редкія; вынятак складаюць яліны[2].
Сэзон: з канца траўня да сярэдзіны кастрычніка—лістапада.
Падобныя віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атрутныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мухамор зялёны (Amanita phalloides). Адрозьніваецца белымі пласьцінкамі гіменафору, клубнепадобна-уздутым аснаваньнем ножкі, абкружаным вольвай, белым аднаслойным кальцом на ножцы і адсутнасьцю характэрнага паху анісу.
- Пячурыца атрутная (Agaricus xanthodermus). Больш дробны від пячурыц; сустракаецца часта, асабліва ў пасадках белага гарошніку, зь ліпеня да кастрычніка. Адрозьніваецца непрыемным («аптэчным») пахам карболавае кісьлі. Пры надломе, асабліва па краі капялюшыку і ў аснаваньні ножкі, мякіш хутка жаўцее.
Ядомыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падобны зь іншымі відамі шампіньёнаў (Agaricus silvicola, Agaricus campestris, Agaricus osecanus і інш.), аднак пераважна буйнейшы за астатніх. Найболей падобная да яго пячарка крывая (Agaricus abruptibulbus), якая, аднак, расьце ў яловых лясох, а не на адкрытых і сьветлых месцах.
Харчовыя якасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ядомы[1]. Смачны, далікатэсны грыб (3 катэгорыі), паводле смакавых якасьцяў — адзін з найлепшых сярод пячарак. Ядомы нават у сырым выглядзе[3].
Ужываецца рознымі спосабамі — сьвежым (па 10 хвілінах адварваньня), салёным, марынаваным. Аднак здольны накопліваць кадм, медзь ды іншыя цяжкія мэталы, што можа ўяўляюць небясьпеку для здароўя[4].
Таксаномія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню апісаны Якабам Крысьціянам Шэферам у 1762 у Баварыі як Agaricus arvensis.
Праведзеныя ў 1999 року дасьледаваньні дазволілі вылучыць унутры Agaricus arvensis два марфатыпы, якія, магчыма, прадстаўляюць асобныя віды. Прадстаўнікі першага марфатыпу на макрамарфалягічным узроўні адрозьніваюцца сьветла-жоўтым капялюшыкам, які ў сьпелым выглядзе шырока—званочкавы; прадстаўнікі другога марфатыпу мяюць белыя капелюшы раскінута—выпуклай формы[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б М. В. Горленко, М. А. Бондарева, Л. В. Гарибова, И. И. Сидорова, Т. П. Сизова. Грибы СССР. Москва, изд. Мысль, 1980
- ^ Lincoff, Gary. The Audubon Society Field Guide to North American Mushrooms. Chanticleer Press: New York, 1981.
- ^ «Грибы». Справочник. / пер. с итал. Ф.Двин — Москва: АСТ. Астрель, 2004. — 303 с (стр. 181)
- ^ Royal Botanic Gardens, Kew
- ^ Leo Calvo-Bado, Ralph Noble, Mike Challen, Andreja Dobrovin-Pennington, and Tim Elliott. Sexuality and Genetic Identity in the Agaricus Section Arvenses 1 // 2000, American Society for Microbiology.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мир растений : в 7 т. / Под ред. академика А. Л. Тахтаджяна. Т.2. Слизевики. Грибы — 2—е изд., перераб. — М.: Просвещение, 1991. — 475 с (Стр. 286).
- Аурел Дермек. Грибы. — Братислава: Словарт, 1989. — стр. 112—113.
- З. А. Клепина и Е. В. Клепина. Справочник грибника. — Москва: АСТ—ПРЕСС, 2006. — 256 с (стр. 99-100)
- «Грибы. Справочник—определитель. Более 120 видов» / Автор—составитель Н. Е. Макарова — Москва: АСТ, Минск: Харвест, 2005—320 с (стр. 252—253)
- «Грибы». Справочник. / пер. с итал. Ф.Двин — Москва: АСТ. Астрель, 2004. — 303 с (стр. 181)
- Лессо, Томас. Грибы. Определитель. / пер. с англ. — Москва: АСТ, 2007. — 304 с (стр. 157)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пячарка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |