Політэізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Одын — адзін з асаў скандынаўскай міталёгіі

Політэі́зм (ад грэц. πολύς, «шматлікі, шмат» + грэц. θεός, «бог, боства» — «многабоства») — рэлігія, сукупнасьць вераваньняў, заснаваная на веры ў некалькіх багоў, якія маюць уласныя прыхільнасьці, характар, уступаюць у адносіны зь іншымі багамі й маюць спэцыфічную сфэру ўплыву. Політэізм быў тыповай формай рэлігіі ў эпоху бронзавага й жалезнага веку, аж да Восевага часу, пасьля чаго паступова пачалося разьвіцьцё монатэізму, пантэізму й атэізму. Політэізм быў характэрным для рэлігіяў антычнасьці, што праявілася ў існаваньні старажытнагрэцкага й старажытнарымскага шматбожжа, а таксама існаваньня політэізму ў германскіх і славянскіх плямёнаў. Паступова шматбожжа прыйшло ў заняпад, але яно й зараз захоўваецца ў сучасных традыцыях і рэлігіях, як то індуізм, будызм, сынтаізм, кітайскія народныя рэлігіі й іншыя. Акрамя таго, назіраецца рост колькасьці прыхільнікаў нэапаганства ў Эўропе.

Політэізм зьяўляецца адным зь відаў тэізмаў. У рамках тэізму, ён рэзка кантрастуе з монатэізмам, верай у адзінага Бога. Політэісты не заўсёды пакланяюцца ўсем багам аднолькава, яны могуць быць генатэістамі, то бок пакланяцца толькі аднаму абранаму богу. Іншых шматбожнікаў можна аднесьці да катэнатэістаў, якія пакланяюццаа розным багам у розныя часы. Акрамя таго, у рамках політэізму пакланеньне племянным багам не выключае прызнаньня багоў іншых народаў. У політэістычных вераваньнях богі ўспрымаюцца як асобныя індывіды зь розным статусам і зь індывідуальнымі магчымасьцямі, патрэбамі, жаданьнямі, сваім мінулым. Яны не заўсёды ўспрымаюцца як ўсемагутныя. Часта яны малююцца як падобныя на людзей, але, у адрозьненьне ад людзей, яны маюць дадатковыя якасьці, уладу, веды й іншыя здольнасьці.

Філязофскае ўспрыманьне багоў адрозьніваецца ў залежнасьці ад таго, як яны адлюстраваны ў міталёгіі. У філязофскіх традыцыях богі лічацца несьмяротнымі, дасканалымі і ўсемагутнымі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]