Першая менская электрастанцыя
Гэтая старонка ўтрымлівае застарэлыя зьвесткі.
|
Першая менская электрастанцыя — комплекс збудаваньняў аднаго зь першых прамысловых аб’ектаў у Менску, помнік архітэктуры XIX ст. Месьціцца на правым беразе Сьвіслачы, побач з будынкам Беларускага дзяржаўнага цырку.
Комплекс збудаваньняў Першай менскай электрастанцыі знаходзіцца ў Дзяржаўным сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі і адносіцца да 3-й катэгорыі матэрыяльных нерухомых гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. У наш час улады Менску насуперак закону плянуюць зруйнаваць будынкі колішняй электрастанцыі дзеля будовы гатэлю «Кемпінскі». Дакумэнт, які фактычна санкцыянаваў разбурэньне, падпісалі М. Ладуцька, В. Нікіцін, В. Кураш і І. Чарняўскі[1]. У зьвязку з пачаткам зьнішчэньня будынкаў станцыі 3 сакавіка 2011 старшыня Дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра культуры П. Латушкі[2].
Гісторыя
У 2-й пал. XIX ст. у зьвязку з разбудовай Менску вакол мескага парку поруч зь ім разьмясьцілі помпавую станцыю — адгэтуль, з 1870-х, пачынаецца гісторыя Менскай электрастанцыі.
Першыя досьведы электрычнага асьвятленьня ў Менску праводзіліся на воднай помпе Лібава-Роменскай чыгункі (Ніжняя Ляхаўка). 21 сьнежня 1886 пры вялікай колькасьці месьцічаў электрычная машына запрацавала ад паравога рухавіка помпы[3].
Пытанне пра ўвядзеньне ў Менску электрычнага асьвятленьня паўстала ў 1892. Неўбаве ўлады места набылі электрычнае абсталяваньне, распачалася будова. Новую электрычную станцыю ўвялі ў эксплюатацыю 12 студзеня 1895[4].
Электрычнасьць хутка апанавала ўсе сфэры жыцьця места. Станам на 1909 электрычнай энэргіяй карысталіся: 11 рэлігійных установаў, 137 крамаў, 84 прыватныя кватэры, 16 фабрык, 8 клюбаў і спартовых таварыстваў, 7 тэатраў і кінэматографаў, 19 банкаў, 6 цырульняў, 17 рэстарацыяў і гатэляў, 7 навучальных установаў, 4 лякарні і іншыя[5].
Электрастанцыю істотна мадэрнізавалі ў 1912: усталявалі новую дынама-машыну і дызэль магутнасьцю 500 конскіх сілаў, частку паветраных правадоў замянілі на падземныя кабэлі. Да 1913 максымальная магутнасьць станцыі дасягнула 1100 кВт, яна зрабілася найбуйнейшай на тэрыторыі сучаснай Беларусі (зь ліку станцыяў, якія падпарадкоўваліся мескім управам)[6].
Па сканчэньні Першай Сусьветнай вайны электрастанцыя абслугоўвала энэргіяй усе будаўнічыя пляцоўкі аднаўленьня сучаснага праспэкта Незалежнасьці — ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Перамогі.
Станам на 1926 электрастанцыя давала больш за 3000 кВт і забясьпечвала электрычнасьцю ўвесь Менск, а таксама мноства фабрык і заводаў. Станцыя мела наступныя цэхі: водаправодны, які рамантаваў водаправодную сетку, электрычны — рамантаваў нізка- і высакавольтныя сеткі; машынны — выпрацоўваў электраэнэргію; рамонтны — абслугоўваў першыя тры. Агледзець станцыю мог кожны ахвотны ў нядзелі ад 13.00 да 15.00[7].
Да электрастанцыі падыходзіла вузкакалейка, па якой бесьперапынна курсавалі ваганэткі, гружаныя торфам. Цягу гэтых ваганэтак забясьпечвалі невялікія неўдасканаленыя паравозы, ад іскраў якіх нярэдка загараліся драўляныя дамы, разьмешчаныя па шляху руху. Толькі на працягу 5 месяцаў 1935 мелі месца пяць такіх выпадкаў. Наяўнасьць гэтай вузкакалейкі псавала і вонкавы выгляд ўпарадкаванай цэнтральнай вуліцы, адной з асноўных магістраляў места. Таму ў 1936 мескія ўлады распрацавалі праект перавозкі торфу на трамвайных плятформах[8].
Па Другой Сусьветнай вайне электрастанцыю прыстасавалі пад спартовы аб’ект, якім яна зьяўлялася да 2010.
Галерэя
-
З боку праспэкта
-
Неперабудаваная частка
-
Агульны выгляд з боку парку
-
Руйнаваньне комплексу (выгляд з боку парку)
Цікавыя факты
- У Беларусі захавалася толькі дзьве даўнія электрастанцыі — у Менску і Віцебску[9].
- Каля станцыі знаходзіўся гатэль у стылі мадэрн, які працяглы час выкарыстоўваўся менскім цыркам[10].
- Будынкі першай сталічнай электрастанцыі былі ўлюбёнымі аб’ектамі творчасьці менскіх мастакоў-графікаў — А. Тычыны, А. Астаповіча, М. Друшчыца, П. Гуткоўскага ды іншых[11].
Крыніцы
- ^ Хто паставіў подпісы пад зьнішчэньнем першай менскай электрастанцыі (фота дакумэнта). Блог Глеба Лабадзенкі. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
- ^ Астаповіч Латушку: Спыніце руйнаванне і пакарайце вінаватых // «Наша Ніва», 3 сакавіка 2011.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 127.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 128.
- ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 182.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 130.
- ^ Спадарожнік па Менску. — Менск, 1930.
- ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 187.
- ^ Глеб Лабадзенка. Ці выжыве першая мінская электрастанцыя каля гатэлю «Кемпінскі»?... // «Звязда» № 118 (26726), 19 чэрвеня 2010
- ^ Эксклюзіўны помнік — у ахвяру камэрцыйнаму праекту // «Радыё Свабода», 27 лістапада 2009.
- ^ На месцы першай мінскай электрастанцыі могуць збудаваць гатэль // «Наша Ніва», 16 верасьня 2009.
Літаратура
- Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. Шыбекі — Менск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Глеб Лабадзенка. Ці выжыве першая мінская электрастанцыя каля гатэлю «Кемпінскі»?.. // «Звязда» № 118 (26726), 19 чэрвеня 2010.
Вонкавыя спасылкі
- Электрастанцыя. Электраасьвятленьне (рас.). Менск стары і новы. Праверана 4 сакавіка 2011 г.