Перайсьці да зьместу

Паўднёвы Лібан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мугафазы Паўднёвага Лібану

Паўднёвы Ліба́н (па-арабску: جنوب لبنان‎) — частка Лібану, складзеная з мугафазаў Паўднёвай і Набатыі. На поўначы абмежаваная ракою Авалі, на поўдні мяжуе з Ізраілем.

Да I сусьветнай вайны тэрыторыя Паўднёвага Лібану належала Асманскай імпэрыі. На канфэрэнцыі ў Сан-Рэма кантроль над Лібанам і Сырыяй атрымала Францыя.

У выніку вайны 1948 року з Ізраілю ў Паўднёвы Лібан перасяліліся больш за 100 000 палестынскіх бежанцаў. У 1970 сюды перанесьла дзейнасьць выгнаная зь Ярданіі Арганізацыя вызваленьня Палестыны (АВП). Адсюль Ясір Арафат працягваў атакі на Ізраіль. Дзяржава не магла кантраляваць рэгіён, які перайшоў пад уладу баевікоў. Ізраіль, каб дапамагчы хрысьціянскіх жыхарам Паўднёвага Лібану, пачаў у 1975 року праводзіць палітыку «Добрага плоту», дзякуючы якой лібанцы маглі атрымліваць мэдыкамэнты ды іншую дапамогу. Адначасна Ізраіль атрымліваў ад мараніцкіх паўстанцаў каштоўную інфармацыю.

У 1978 року прэм’ер-міністар Ізраілю Мэнахем Бэгін у адказ на атакі АВП пачаў у Паўднёвым Лібане апэрацыю «Літані». Пасьля непрацяглых баявых дзеяньняў ААН ухваліла рэзалюцыю пра разьмяшчэньне ў Паднёвым Лібане часовай міратворчай місіі. Ізраіль не пагадзіўся з гэтым рашэньнем і перадаў кантроль над захопленай тэрыторыяй маёру Сааду Гададу, які ў 1979 абвясьціў кароткатрывалае дзяржаўнае ўтварэньне Вольны Лібан.

Пэрыяд зацішша цягнуўся нядоўга. У 1982 року пасьля замаху на амбасадара ў Вялікабрытаніі Ізраіль распачаў супраць АВП новую апэрацыю «Мір у Галілеі». Вайсковыя дзеяньні скончыліся ў 1983 року падпісаньнем мірнай дамовы зь лібанскім урадам, аднак Ізраіль адмовіўся пакідаць тэрыторыю Паўднёвага Лібану, канчаткова вывеўшы войскі толькі ў 2000 року. З ізраільскім сыходам спыніла сваё існаваньне і хрысьціянскае рушэньне(d) Паўднёвага Лібану.

У часе гэтай вайны дзеля супраціву ізраільскаму ўварваньню пачалі стварацца шыіцкія баявыя адзінкі Хэзбалы.