Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Сьмілавічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 01:13, 8 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Псэўдагатычная вежа старога палацу

Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў у Сьмілавічах — помнік архітэктуры ХІХ — пачатку ХХ стагодзьзяў псэўдагатычнага і нэагатычнага стылявых накірункаў з элемэнтамі мадэрнізму.

Гісторыя

Выгляд ў 1917 годзе, зьлева тыльны фасад новага палацу, справа — галоўны фасад старога палацу

Палацава-паркавы комплекс сфармаваўся ў XIX — пачатку ХХ ст. У розныя часы маёнтак Сьмілавічы належаў Кезгайлам, Сапегам, Завішам. У ХVIII ст. стаў уладаньнем гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага (17301800). У 1791 годзе маёнтак адышоў да Манюшкаў.

Будаўніцтва палацу вялося Станіславам Манюшкам (дзедам вядомага кампазытара) і яго сынамі. Казімір Манюшка заклаў батанічны і пладовы сады. Будаўніцтва комплексу было завершана Лявонціем Ваньковічам, жанатым з Паўлінай Манюшкай.

Архітэктура

Стары палац

Палац складаецца з 2 мураваных карпусоў, пабудаваных у розны час і аб’яднаных паміж сабой невялікім аб’ёмам, у якім месьцілася аранжарэя. Меў карцінную галерэю, у складзе якой быў вядомы партрэт А. Міцкевіча (мастак В. Ваньковіч). Цяпер ён захоўваецца ў Варшаве, у Нацыянальным музэі.

Стары корпус быў пабудаваны ў пачатку XIX ст. у стылі псэўдаготыкі. Прамавугольны ў пляне двухпавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам. Фасады падзелены міжпавярховым карнізам. З боку галоўнага фасада да будынка прымыкае магутная, квадратная ў пляне трохпавярховая вежа, завершаная зубцамі. Ніжні ярус вежы, дзе зроблены ўваход, мае апрацоўку рустам. Вокны маюць маляўнічае абрамленьне.

У 1900 годзе да паўночна-ўсходняга крыла корпуса была зроблена двухпавярховая прыбудова з драўлянай галерэяй па другім паверсе. Пляніроўка анфіладная. Перакрыцьці плоскія, за выключэньнем некалькіх памяшканьняў на першым паверсе, якія маюць цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. У вежы разьмешчана трохмаршавая лесьвіца.

Новы палац

Паркавая алея

У 1900-я гады да старога корпуса далучаны новы, у стылі нэаготыкі з элемэнтамі стылю «мадэрн».

Будынак у пляне выцягнуты, асымэтрычны, ускладнены пяціграннымі эркерамі. Уваход разьмешчаны ў заходняй частцы, у аб’ёме, флянкаваным гранёнымі пілонамі, якія ўзвышаюцца над будынкам у выглядзе невялікіх вежаў.

У 1973 годзе паводле праекта рэканструкцыі (Беларускі навукова-дасьледчы і праектны інстытут па будаўніцтве ў вёсцы) да ўвахода ў новы корпус прыбудаваны вэстыбюль з гардэробам, з усходняга боку — лесьвічная клетка.

Цяпер у будынку новага палаца сельскагаспадарчы каледж. Адносная старая частка палаца, збудаваная Станіславам Манюшкам, цяпер занядбана.

Літаратура

  • А. Т. Федорук. Старинные усадьбы Минского края. Полифакт, Минск, 2000.

Вонкавыя спасылкі