Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў (Стайкі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 04:07, 8 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Сядзіба ў Стайках, 2009

Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў — сядзіба-паркавы ансамбль у вёсцы Стайкі ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі (Мядзеневіцкі сельсавет). Сядзіба займае маляўнічую тэрыторыю над ракою Мейкай.

Гісторыя

У 1563 годзе Гусэйн Малікбаш, прадстаўнік татарскага княжацкага роду, прадаў маёнтак Стайскі разам з навакольлем Багушу Аўсяньніку. У 1571 годзе Стайкамі валодаў падканцлер ВКЛ, берасьцейскі і кобрынскі стараста Яўстах Валовіч. У 18 стагодзьдзі — уладаньне Лопацей. У 1787 годзе маёнтак для асабістага пражываньня набывае староста карпецкі Тамаш Здань Пушкін гербу Ястрабец. У 1876 годзе маёнтку належала 654 дзесяціны зямлі.

Пасля 1876 году сядзіба перайшла да Лашкевічаў. У 1911 годзе маёнтак належыў Адольфу Іосіфавічу, у 1914 — Натальлі Грацыянаўне. На сумежжы ХІХ і ХХ стагодзьдзя Лашкевічы перабудавалі старую сядзібу — захаваліся толькі некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Новы двор уключаў сядзібны дом, стары парк, сад, сыраварню, ляднік, жылыя флігелі, цагельны завод, гаспадарчы двор.

Выгляд маёнтку

Вежа палацу, 2009
Сучасны стан, 2009

Будынак двухпавярховай сядзібы пасьля перабудовы на пачатку 20 стагодзьдзя прыняў замкавую форму з элемэнтамі эклектыкі. На правым боку маёнтку маецца высокая псэўдагатычная вежка. Цэнтральная частка галоўнага фасаду акцэнтавана неглыбокім рызалітам, завершаным дэкарыраваным шчытком. Цэнтральны ўваход вылучаны парадным ганкам з тэрасай[1].

Пасьля Другой сусьветнай вайны ў маёнтку знаходзілася сярэдняя школа. Пасьля таго як будынак сядзібы прыйшоў у занядбалы стан, школу зь яго перанесьлі. Зьнішчэньне будынку паскорылася.

Сучасны стан

Сучасны стан, 2009

Сёньня захаваўся маляўнічы парк, закладзены Пушкінымі, напаўразбураная сяддзіба, колькі слупоў ад агароджы і будынкі гаспадарчых забудоваў: Афіцына побач з палацам, склеп каля дарогі, флігер на поўдзень ад парку за ракой Мейкай.

Дах маёнтку на 2009 год быў абвалены, цагляныя муры разбураюцца прыродаю і мясцовымі жыхарамі. Парк паціху ператвараецца ў сьметнік.

Некалькі гадоў таму камісія зь Берасьця не знайшла палац вартым уключэньня ў сьпіс архітэктурных помнікаў, і пакінула яго на руйнаваньне часам.

Крыніцы

  1. ^ Л. М. Несцярчук. «Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў», Менск, БелТА, 2002

Вонкавыя спасылкі