Нэлі Кім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нэлі Кім
Пэрсанальная інфармацыя
Поўнае імяНэлі Ўладзімераўна Кім
Нарадзілася29 ліпеня 1957 (66 гадоў)
Шураб, Таджыцкая ССР
ГрамадзянстваСССР
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяспартовая гімнастыка

Нэлі Ўладзімераўна Кім (нар. 29 ліпеня 1957 году, Шураб, Таджыцкая ССР) — беларуская савецкая гімнастка, пяціразовая алімпійская чэмпіёнка, пяціразовая чэмпіёнка сьвету, двухразовая чэмпіёнка Эўропы і шматразовая чэмпіёнка СССР. Заслужаны майстар спорту СССР (1976).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Нэлі Ўладзімер Кім — карэец, а маці Альфія Сафіна — татарка. Пасьля нараджэньня Нэлі сям’я пераехала ў Чымкент. Тут Нэлі з 10 гадоў пачала займацца спортам у мясцовай ДЮСШ у трэнэра Ўладзімера Байдзіна, стала наймацнейшай гімнасткай Казахстану і неўзабаве заявіла пра сябе на ўсесаюзнай, а затым і на сусьветнай арэне.

Кім была адной з найлепшых гімнастак сьвету на працягу 1970-х гадоў, пры гэтым яна годна канкуравала з такімі зоркамі гімнастыкі, як Надзя Каманечы, Людміла Турышчава і Вольга Корбут. У 1975 року яна стала чэмпіёнкай Эўропы ў вольных практыкаваньнях і (разам з Вольгай Корбут) абсалютнай чэмпіёнкай Спартакіяды народаў СССР. А праз год стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай Манрэалю.

У 1977 року Кім выйшла замуж за беларускага гімнаста Ўладзімера Ачасава і пераехала ў Менск. Стала трэніравацца ў ягонага трэнэра Мікалая Мілігула і выступаць за Беларускую ССР. У 1979 року стала абсалютнай чэмпіёнкай сьвету, а на маскоўскай Алімпіядзе-1980 зноў стала двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай.

Кім — першая гімнастка ў гісторыі Алімпійскіх гульняў, якая атрымала максымальную адзнаку ў 10 балаў за вольныя практыкаваньні і апорны скачок.

Пасьля заканчэньня кар’еры ў 1980 року Нэлі Кім доўгі час трэніравала розныя нацыянальныя зборныя па спартовай гімнастыцы (Рэспубліка Карэя, Італія, Беларусь), стала міжнародным арбітрам і судзіла ўсе найбуйнейшыя спаборніцтвы — Алімпійскія гульні, чэмпіянаты сьвету і Эўропы. У кастрычніку 2004 на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі гімнастыкі Нэлі Кім была абраная прэзыдэнтам Жаночага тэхнічнага камітэту Міжнароднай фэдэрацыі гімнастыкі і стала адным з галоўных ініцыятараў увядзеньня новай сыстэмы судзейства ў спартовай гімнастыцы.

У цяперашні час пасьля разводу з другім мужам, украінскім вэлясіпэдыстам Валерам Моўчанам, пражывае ў Мінэапалісе (ЗША). Дачка, таксама Нэлі, скончыла ўнівэрсытэт у Чыкага.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаная двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга. У 1999 року ўключаная ў Міжнародную залю славы спартовай гімнастыкі, якая знаходзіцца ў амэрыканскім Аклагома-Сіці.

Уплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Нэлі Кім названая канадзкая сьпявачка Нэлі Кім Фуртада, на бацькоў якой вялізнае ўражаньне зрабіў выступ гімнасткі на манрэальскай алімпіядзе.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]